У свята Перамянення Пана ўрачыстай працэсіяй па вуліцах старажытнага Дзятлава вернікі пранеслі да касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі копіі цудадзейных абразоў Маці Божай.
Копіі абразоў прыбылі з парафіі святога Мікалая ў Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Прывітаўшы нябесную Матулю каля галоўнага ўваходу ў святыню, пробашч дзятлаўскай парафіі ксёндз Здзіслаў Пікула SDB падзякаваў арганізатарам перэгрынацыі за магчымасць аддаць пашану і хвалу Найсвяцейшай Апякунцы ў разнастайных вобразах, якія прадстаўлены на копіях ікон з санктуарыяў Маці Божай і розных святых месцаў нашай бацькаўшчыны.
Святую Імшу разам з пробашчам парафіі цэлебраваў духоўны кіраўнік перэгрынацыі а. Станіслаў Станеўскі CSsR. Звяртаючыся да вернікаў, святар узгадаў гісторыю некаторых з абразоў нябеснай Маці. Ён адзначыў, што стагоддзямі нашыя продкі прыходзілі ў святыню, каб аддаць пашану Марыі, шукаць у Яе паратунку, прасіць дапамогі ў розных жыццёвых сітуацыях і праз Яе заступніцтва заўсёды атрымлівалі гэтую дапамогу згодна з Божай воляй.
Святар звярнуў увагу, што Яна з’яўляецца найкарацейшым шляхам да Бога, заахвочвае быць паслухмянымі Яму і кожны дзень заўважаць Яго прысутнасць у нашым жыцці. Урачыстасць жа Перамянення Пана, калі Езус паказвае сваім вучням кавалачак Неба, кажа пра вяртанне ў дом Айца, якое чакае іх і кожнага з нас у Нябесным Валадарстве.
Копіі абразоў будуць знаходзіцца ў дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі па 19 жніўня. Штодня падчас набажэнстваў можна будзе пачуць кароткую гісторыю з’яўлення кожнага з гэтых абразоў на нашай зямлі.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!