Радасныя таямніцы:
- Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
- Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
- Нараджэнне Збаўцы нашага Езуса Хрыста
- Ахвяраванне Хрыста ў святыні
- Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
Таямніцы святла:
- Хрост Пана Езуса ў Ярдане
- Езус аб’яўляе сябе на вяселлі ў Кане
- Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання
- Перамяненне Пана на гары Табор
- Устанаўленне Эўхарыстыі
Балесныя таямніцы:
- Малітва Езуса Хрыста ў Садзе Аліўным
- Бічаванне Езуса
- Укаранаванне Езуса цернем
- Езус нясе крыж на гару Кальварыйскую
- Укрыжаванне і смерць Езуса на крыжы
Хвалебныя таямніцы:
- Змёртвыхпаўстанне Хрыста
- Унебаўшэсце Хрыста
- Спасланне Духа Святога
- Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
- Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
РАДАСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
Таямніца 1.
Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Хочам рабіць гэта на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над радаснай таямніцай – Звеставанне.
Разважаючы над гэтай таямніцай, прагнем перапрашаць Сэрца Марыі за ўсе грахі і знявагі, скіраваныя супраць Яе Беззаганнага Зачацця. Папросім Марыю, каб Яна была з намі падчас гэтага 15-хвіліннага разважання. Каб навучыла нас слухаць і ўводзіць у жыццё пазнаную падчас малітвы Божую Волю.
Лк 1, 26-38
«Вітай, поўная ласкі… Пан з Табою…»
Збянтэжылася… Не чула раней ніколі такога прывітання… Ніхто і ніколі да Яе так не звяртаўся.
А потым пачула далей: «Не бойся, Марыя…». Услухалася ў тыя словы і… прыняла іх. Сэрцам прыняла. Паверыла. Таму што Бог не можа падманваць. Калі Ён кажа «не бойся», то хіба ж можна і надалей баяцца? Адно запытала зусім па-дзявочы, даверліва: «Як станецца гэта?». І пачула ў адказ пра тое, што Дух Святы сыдзе на Яе… і моц Найвышэйшага ахіне Яе…
І ўсе пытанні адразу скончыліся. Бо для Бога няма нічога немагчымага! Ён можа ўсё, нават самыя незвычайныя, неверагодныя рэчы можа Ён учыніць. Дык хіба ж можна ў гэтым сумнявацца?..
«Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова», – быў адказ Марыі…
Такая простая размова. Без вялікага захаплення, без экстазу. Марыя не пабегла камусьці расказваць пра гэтую незвычайную размову. Не пажадала рабіць сенсацыі. Яна захавала яе як самае дарагое ў сваім сэрцы.
Такая простая размова, але ж якая важная яна для кожнага чалавека, які народзіцца на Зямлі пасля тае размовы! Бог з’явіў сваю любоў, і Марыя прыняла яе. Паверыла ў яе. Не засумнявалася ў тым, што калі Бог дае заданне, то Ён жа паклапоціцца і пра тое, каб чалавек змог яго выканаць. Ён сам дасць сілы для выканання таго задання. Ад чалавека ж патрабуецца адно – жаданне выканаць яго як найлепш.
А заданне можа быць розным: вельмі складаным, як 2000 гадоў таму для дзяўчыны з Галілеі імем Марыя, альбо менш складаным, нават на першы погляд звычайным. Такім, якое час ад часу атрымлівае ад Яго кожны чалавек…
Мы таксама атрымліваем заданні ад Бога. Па-рознаму гэта адбываецца: праз нашых бліжніх, суседзяў, часам праз зусім незнаёмых людзей… Праз Божае слова са Святога Пісання… Калі мы толькі, вядома, чытаем яго… Праз казанне святара… Запрашэнне штосьці карыснае зрабіць для касцёла, для кагосьці з парафіянаў, тых, што цяпер не могуць ужо прыйсці ў касцёл… А зрэшты і праз уласныя думкі, прыпамін пра кагосьці, каму, магчыма, патрэбная нашая прысутнасць, малітва, дапамога…
Часта Бог прамаўляе да нас праз нашае сумленне… Ягоны голас часам ціхі і далікатны, а іншым разам настойлівы…
Ці чуем мы голас Божы?.. Зрэшты, ці хочам чуць яго?.. Ці не адварочваемся ды ці не замыкаемся ў шкарлупіне сваіх спраў штодзённых? Ці не прыкрываемся зручным: «Мая хата з краю»? Ці не заглушаем у сабе Божы голас мноствам малітваў, прамоўленых машынальна, без засяроджанасці на Тым, да Каго звяртаемся ў тых нашых малітвах?..
У гэтую першую суботу месяца, калі мы асаблівым чынам молімся да Найсвяцейшай Панны Марыі, выконваючы Яе наказ, дадзены нам з Фацімы, калі перапрашаем Яе за недахоп веры і паслухмянасці многіх людзей, якія не хочуць слухаць Бога і Яму служыць, пастараемся сумленна адказаць найперш самім сабе, ці заўсёды мы самі прагнем чуць Божы голас, які прамаўляе да нас?.. Прыгадаем цяпер тыя моманты нашага жыцця, калі мы заглушылі ў сабе Божы заклік да супрацоўніцтва з Ім (Хвіліна цішы).
За кожнае ігнараванне Божага натхнення перапрашаем Цябе, Божа, наш Ойча…
Усе: перапрашаем Цябе, Божа, наш Ойча… (Хвіліна цішы)
Будзем жа прагнуць чуць Божы голас, скіраваны да нас, чуць Божае натхненне, якое стукаецца ў нашае сэрца. І няхай нам дапаможа ў гэтым Найсвяцейшая Панна Марыя, наша Маці, якая ў свой час, не вагаючыся, з поўным даверам адказала на Божы заклік сваім кароткім «Fiat». «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова»…
Таямніца 2.
Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над радаснай таямніцай – Адведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты.
Разважаючы над гэтай таямніцай, прагнем перапрашаць Сэрца Марыі за ўсе грахі і знявагі, скіраваныя супраць Яе Дзявоцтва. Папросім Марыю, каб Яна была з намі падчас гэтага 15-хвіліннага разважання. Каб навучыла нас слухаць і ўводзіць у жыццё пазнаную падчас малітвы Божую волю.
Лк 1, 39-48
Пасля таго, як Марыя даведалася ад Анёла Габрыэля, што Яе сваячка Альжбета «зачала ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага», пасля таго, як Марыя адказала Анёлу, а значыць, і Богу сваёй згодай стаць Маці Збавіцеля, Яна паспяшыла да сваёй сваячкі Альжбеты. Пайшла не дзеля таго, каб пераканацца ў праўдзівасці пачутага, але, прыняўшы з вераю гэтую вестку, Яна спяшаецца праведаць Альжбету, каб падтрымаць яе, магчыма, дапамагчы ёй у нейкай працы. І, вядома ж, каб раздзяліць з Альжбетай яе вялікую радасць. Бо Альжбета, якая так доўга чакала Божага благаслаўлення, нарэшце атрымала яго!
Божай радасцю трэба навучыцца дзяліцца!..
Мы найчасцей спяшаемся да сваіх знаёмых, сваякоў, сяброў тады, калі ў іх здараецца нейкая бяда. І гэта вельмі добра – умець падтрымаць чалавека ў бядзе, паспачуваць яму, дапамагчы. Але не менш важна навучыцца таксама дзяліць з чалавекам ягоную радасць. Не прытворна, не дзеля выгляду, а шчыра, па-сапраўднаму.
Марыя радасна прывітала Альжбету і ад словаў гэтага прывітання ўзварухнулася дзіцятка ва ўлонні цяжарнай жанчыны, і напоўнілася Альжбета Святым Духам. Іхняя ўзаемная радасць была такой вялікай! Яна была ў Духу Святым.
Гэтыя словы з Евангелля павінны пераканаць нас у тым, як гэта важна – навучыцца радавацца за іншага чалавека. Калі бачым, як Бог благаслаўляе яго, альбо ягоную сям’ю, ягоных дзяцей. Калі бачым поспехі іншага чалавека. Калі бачым, што ўсё ў яго складваецца як найлепш…
Як жа важна навучыцца нам радавацца за іншых, а таксама быць удзячнымі тым, хто з адкрытым сэрцам ідзе да нас. Альжбета ўмела быць удзячнаю. Пра гэта сведчаць яе радасныя, поўныя ўдзячнасці словы: «Адкуль гэта мне, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?». Колькі ж у гэтых словах радасці і ўдзячнасці! Такой простай і такой зразумелай. Альжбета не спяшаецца хваліцца тым, што чакае дзіця, што нарэшце гэта сталася – Бог паблагаславіў яе дом… Не, яна найперш радуецца прыходу такой шаноўнай госці да яе. І гэтая бескарыслівая радасць дапамагае ёй распазнаць у Марыі Найсвяцейшую Маці – «Маці Пана майго»… Адкуль гэта мне? За што гэта мне, што «Маці Пана майго прыйшла да мяне»…
А цяпер у пакоры прыгадаем тыя здарэнні, калі мы не спяшаліся раздзяліць з іншымі іхнюю радасць. Калі не тое што не спяшаліся раздзяліць, а нават не заўважалі яе. Альбо нават маглі выказацца непрыгожымі словамі ў бок тых, каму шчасціць у жыцці. Найчасцей гэта не проста недахоп нашых добрых эмоцый. Вельмі часта за нашай скупасцю на радасць тоіцца самая звычайная зайздрасць. А зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку, – значыць грашыць супраць Духа Святога. Так сказана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. Таму прыгадайма цяпер у хвіліне цішы тыя выпадкі, тых людзей, з якімі мы не раздзялілі іхняе радасці, супраціўляючыся тым самым Божай ласцы і для нас саміх (Хвіліна цішы)…
За кожнае праяўленне зайздрасці да бліжніх, якія атрымалі Божыя ласкі, перапрашаем Цябе, Пане Божа.
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Божа… (Хвіліна цішы)…
Кожны раз, калі мы будзем перамагаць свае слабасці, якія праяўляюцца ў празмернай засяроджанасці на нас саміх і нашых уласных праблемах, кожны раз, калі мы будзем радавацца поспехам іншых людзей, благаслаўленню іх, Пан Бог будзе благаслаўляць і нас саміх. Будзе благаслаўляць сваёй любоўю. Магчыма тады мы ва ўсёй паўнаце зможам зразумець радасць Найсвяцейшай Панны Марыі: «…і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы…». Зможам зразумець гэта дзеля таго, каб разам з усімі вызнаўцамі Хрыста з усімі пакаленнямі ўшаноўваць і благаслаўляць нашу Нябесную Маці.
Таямніца 3.
Нараджэнне Пана нашага Езуса Хрыста
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над радаснай таямніцай Святога Ружанца – Нараджэнне Пана нашага Езуса Хрыста. Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Лк 2, 6-19
Прыходу Збаўцы людзі чакалі на працягу доўгіх гадоў. З гэтым прыходам яны звязвалі свае вялікія надзеі і спадзяванні. А калі Ён прыйшоў і нарадзіўся з улоння галілейскай дзяўчыны, нарадзіўся ў беднасці і галечы, як жа мала было тых, хто пажадаў распазнаць у тым Немаўлятку Таго, Каго яны чакалі! Гэтае Дзіцятка з беднай стаенкі расчаравала многіх – іхняе чаканне не спраўдзілася. Яны чакалі іншага Збаўцы! І таму не пажадалі прыняць Яго. Маці і Яе Дзіцятку не знайшлося месца ў дамах тых, хто чакаў…
Чакалі і… адвярнуліся…
Чакалі і… не пазналі…
Чакалі і… засталіся са сваім чаканнем, сваім уяўленнем, спадзяваннем. Яны закрыліся ад Яго ў сваіх дамах, палацах, у мурах сваіх сэрцаў…
«Яны не пазналі», – кажам мы і шкадуем іх за іхнюю слепату.
А мы?.. Ці гатовыя мы распазнаць Яго тады, калі Ён прыходзіць да нас? Не тады, калі мы таксама прыходзім на загадзя запланаваную сустрэчу з Ім, а калі Ён прыходзіць зусім нечакана?.. Тады, калі не мы, а Ён выбірае час сустрэчы з намі?.. Калі Ён прамаўляе да нас вуснамі тых, каго мы не надта любім і нават не паважаем, ад каго адварочваемся? Мы не любім таго чалавека, а Ён любіць кожнага… І таму можа прамовіць да нас ягонымі словамі, непрыемнымі нам…
Ці хочам мы пазнаць Хрыста ў тых, хто адным сваім існаваннем выклікае ў нас непрыязнасць?..
Ці распазнаем Яго ў тых, дзеля каго нам варта было б выйсці з зоны ўласнага камфорту, а так не хочацца?..
Ці распазнаем у грэшніках, якіх Хрыстос любіць гэтак жа, як і нас?…
У цішы сваіх сэрцаў прыгадайма цяпер тыя нашы сустрэчы з Хрыстом, якія не адбыліся, бо мы не распазналі Яго ў людзях, якіх Ён ставіў на нашым шляху…
(Хвіліна цішы).
За ўсе сустрэчы, Хрыстэ, якія не адбыліся, калі мы з прычыны нашай пыхі, засяроджанасці на сабе, праз нашу самадастатковасць і нашае «веданне» усяго, як павінна быць, размінуліся з Табою Пане Езу Хрыстэ, за ўсе сустрэчы з Табой, якія не адбыліся, перапрашаем Цябе, Пане Езу!
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу! (хвіліна цішы)
Перапрашаем і Цябе, Маці Божая, бо кожны раз, калі мы размінаемся з Тваім Сынам, мы ранім таксама і Тваё мацярынскае Сэрца. Перапрашаем Цябе, Маці Божая…
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая… (хвіліна цішы)
У часе чаканне Нараджэння Пана і Збаўцы нашага Езуса Хрыста згадаем словы слыннага сына нашай зямлі Адама Міцкевіча: «Ведаеш, што Езус нарадзіўся ў бэтлеемскай стаенцы? Але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы». Няхай жа муры нашых сэрцаў зруйнуюцца, няхай ападуць цяжкія засовы, якімі мы зачыняемся ад наведання нас нашымі братамі і сёстрамі. Асабліва ад наведання, намі непажанага, намі незапланаванага, не прадбачанага нашымі планамі.
Пане Езу! Разбудзі нашыя сэрцы настолькі, каб мы не былі ўжо больш сляпыя. Каб распазнавалі Цябе ў нашых братах і сёстрых, далёкіх і блізкіх, тых, што прыносяць нам радасць, і тых, што выклікаюць раздражненне.
Навучы ва ўсіх, каго Ты пасылаеш да нас, распазнаваць Цябе, нашага Збаўцу і Пана!
Каб разам з анёламі мы таксама маглі праслаўляць Бога і ўсклікаць свабодна і радасна:
«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!».
Таямніца 4.
Ахвяраванне Пана нашага Езуса Хрыста
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над радаснай таямніцай Святога Ружанца – Ахвяраванне Пана нашага Езуса Хрыста. Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Лк 2, 22-35
Юзаф і Марыя прынеслі свайго Сына ў святыню, каб ахвяраваць Яго Богу. Найбольшы скарб, які займелі, панеслі Богу. Так прадпісваў Закон Майсея, але так наказвалі ім і іхнія сэрцы.
У святыні іх сустрэлі тыя, хто ўжо шмат гадоў вычэкваў гэты дзень, – старац Сімяон і прарочыца Ганна.
Старац Сімяон. У Евангеллі сказана, што Дух Святы спачываў на ім. Шмат гадоў ён чакаў гэтага дня, бо яму было прадказана Духам Святым, што гэтая сустрэча павінна адбыцца. Старац паверыў і цярпліва чакаў. Ведаў, што пасля гэтай сустрэчы ён памрэ, але гэта не палохала яго. Ён цярпліва чакаў…
І вось сустрэча… Старац не спалохаўся яе, не пачаў думаць ды ўспамінаць: а можа чаго яшчэ ён не паспеў зрабіць на гэтым свеце? Ён з радасцю абвесціў: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго ў спакоі». У спакоі… Сустрэча адбылася. Бог стрымаў сваё абяцанне, і чалавек у пакоры, з пашанай, радасцю і ўдзячнасцю адыходзіць… Галоўнае – Божая воля. Яна споўнілася! І таму чалавек спакойны.
Але разам з асабістай радасцю старац Сімяон сам таксама прарочыць у Духу Святым. Прадказвае, што Езусу будуць супраціўляцца многія. Што многія, не прыняўшы Яго, нізка ўпадуць, а іншыя, якія павераць, – падымуцца.
Хрысціянства – не салодкая цукерка. Не абяцанка-цацанка. Хрысціянства – гэта найперш вера і вернасць. І гэта не забеспячэнне сабе спакойнага, утульнага жыцця і дабрабыту. Старац Сімяон сказаў Марыі пра меч, які пройдзе праз Яе душу. І ў гэтым таксама вялікая праўда хрысціянства. Бо ўжо тады, калі на руках Маці соладка й бесклапотна спачывала Немаўлятка, на даляглядзе паўставала Галгофа і яе Крыж.
Хрысціянства – гэта найперш праўда. Праўда пра тое, што Бог не забяспечвае нас ад сцюдзёных вятроў ды нягодаў. Аднак калі мы ўсім сваім сэрцам прымем праўду Хрыста, а гэта значыць, прымем Яго самога, то і вятры, і нягоды мы перажывем з Ім. І выявяцца ў Хрысце думкі нашых сэрцаў…
Як жа часта нам хочацца забяспечыць сабе спакойнае жыццё: без праблемаў, хваробаў, без канфліктаў, калі трэба камусьці сказаць горкую праўду. Як жа прагнем, каб усё было ў нас ціха. Любым коштам…
А калі нам баліць душа за нашых блізкіх, за тых, хто яшчэ не адкрыў для сябе Хрыста, як жа хочацца нам часам пераканаць іх у тым, што ўсе беды адступяцца, варта толькі пайсці чалавеку ў святыню. Але ж гэта няпраўда! Мы абманваем тады і сябе, і тых, каго хочам прывесці да Бога. І старац Сімяон выразна кажа гэтую праўду нам. Прыслухаемся ж да яе… Задумаемся…
Якое яно, наша хрысціянства? Ці праўдзівае? Ці адважнае? На чым альбо на кім яно сканцэнтраванае: на нас саміх, нашых праблемах ды праблемах нашых бліжніх, альбо ўсё ж на Богу? І ў чым, дзе мы шукаем адказы, каб пазнаць праўду? Ці шукаем яе ў Святым Пісанні? Ці не падмяняем праўду Божага слова людскімі фантазіямі?
(Хвіліна цішы)
За кожную, найменшую няпраўду пра цябе Хрыстэ, за нашую ляноту пазнання Цябе і Тваёй праўды перапрашаем Цябе, Хрыстэ.
Усе: Перапрашаем Цябе, Хрыстэ. (Хвіліна цішы).
За кожны выпадак, калі мы не наследавалі Цябе, Марыя, не наследавалі Тваёй ціхасці, цярплівасці, пакоры, прыняцця Божай волі, перапрашаем Цябе, Найсвяцейшая Маці Божая.
Усе: Перапрашаем Цябе, Найсвяцейшая Маці Божая. (Хвіліна цішы).
Падзея ахвяравання Езуса ў святыні – гэта найперш вялікі давер Богу. Гэтаму даверу вучаць нас Марыя і Юзаф, старац Сімяон і прарочыца Ганна, удава васьмідзесяцічатырох гадоў, якая удзень і ўначы чакала сустрэчы з Хрыстом. А, сустрэўшыся з Ім у дзень ахвяравання, «славіла Пана і казала пра Яго ўсім». Так сказана ў Евангеллі.
Будзем жа вучыцца давяраць кожнаму Божаму слову. Каб гэтак жа, як усе сведкі ахвяравання Езуса, мы таксама навучыліся дзякаваць Богу, праслаўляць Яго, давяраць Яму.
Таямніца 5.
Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над радаснай таямніцай Святога Ружанца – Езуса знаходзяць у Ерузалемскай святыні. Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Лк 2, 43-49
Яны жылі звычайным жыццём. Працавалі. Размаўлялі паміж сабой. Абмяркоўвалі падзеі, якія адбываліся з імі альбо з іншымі людзьмі. Штогод па звычаі, які быў у Ізраілі, яны сваёй сям’ёй пілігрымавалі ў Ерузалемскую святыню на свята Пасхі. Так наказваў рабіць Закон Майсея. Яны былі паслухмяныя Богу і рупліва выконвалі Яго Закон. Але Закон не абавязваў жанчынаў таксама пілігрымаваць. Марыю вяла любоў да Бога і да Божай святыні.
У гэтай сям’і кіраваліся не толькі законам, правіламі, але найперш любоўю. Не выпадкова ж Сын абвесціць потым людзям, што Запаведзь любові – найгалоўнейшая для чалавека, які прагне быць верным Богу. Не выпадкова Сын пазней дасць наказ сваім вучням, каб яны любілі адзін аднаго, як і Ён палюбіў іх.
Імі кіравала любоў…
Менавіта яна, любоў, учыніла так, што дванаццацігадовы Езус… згубіўся на свяце. Калі ўсе вярталіся ўжо дадому, Езус застаўся яшчэ ў святыні, каб паслухаць настаўнікаў, папытаць штосьці ў іх. А на дакор сваёй Маці Ён адказаў такім дарослым пытаннем: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?».
Гэтымі словамі Езус у прысутнасці свайго зямнога бацькі ўпершыню на старонках Евангелля абвясціў пра свайго Нябеснага Айца. Далей сказана, што яны не зразумелі Яго слоў. Не зразумелі, але прынялі. І Ён таксама не запярэчыў больш, але разам з імі вярнуўся ў Назарэт ды быў паслухмяны сваім зямным бацькам.
Паслухмянасць… Як жа важна нам навучыцца быць паслухмянымі Богу! Нават тады, калі чагосьці не разумеем з Яго пастановаў, калі штосьці нам цяжка прыняць… Як жа часта нам не стае цярплівасці і разважлівасці ў прыняцці важных рашэнняў!.. Ці заўсёды, калі нам даводзіцца выбіраць паміж Божымі і людскімі справамі, мы выбіраем Божыя?..
За кожную нашу неспаслухмянасць Божаму натхненню, за кожную здраду святому Евангеллю перапрашаем Цябе, Хрыстэ.
Усе: Перапрашаем Цябе, Хрыстэ. (Хвіліна цішы).
За кожны выпадак, калі мы не наследавалі, святая Марыя, Тваёй ціхасці, пакоры і любові, перапрашаем Цябе, Маці Божая.
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая. (Хвіліна цішы).
Марыя з Юзафам знайшлі дванаццацігадовага Езуса ў святыні. Будзем жа і мы імкнуцца сустракаць Яго ў нашым касцёле, у святынях нашых сэрцаў, у нашых бліжніх. Будзем вучыцца ў Езуса любові да Айца нашага Нябеснага, а ў Марыі і Юзафа – вялікай любові, паслухмянасці і пакоры да ўсяго, што належыць Богу.
ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА
Таямніца 1.
Хрост Езуса ў Ярдане
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над таямніцай святла Святога Ружанца – «Хрост Езуса ў Ярдане». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Ян 1, 26 – 34
«…сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце…» Яны прыйшлі на бераг Ярдану, каб паглядзець на дзівака ў вярблюджай скуры, каб паслухаць і спытаць у яго: «Хто ты?». І пачулі ў адказ ад Яна, што сярод іх стаіць хтосьці надзвычай важны, каму ён няварты развязаць раменьчык на сандалях. Той, каго яны яшчэ не ведаюць… Пройдзе час, і некаторыя з тых слухачоў пойдуць за Хрыстом, будуць слухаць Яго, наследаваць. А некаторыя з іх нават аддадуць свае жыцці за Яго. Іншыя ж не прымуць Яго, не пажадаюць прыслухацца да таго, што Ён казаў ім. Немагчыма быць абыякавым да Хрыста. Адны яго прымаюць, другія адмаўляюць. Але дзеля таго, каб прымаць альбо адмаўляць, трэба Яго пазнаць…
«…сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце…»
Ці ведаем мы Хрыста? Ці чытаем Яго Евангелле? Ці разважаем над ягонымі старонкамі? Ці распазнаем голас Хрыста, звернуты да нас асабіста?.. А можа дазваляем, каб шматгалоссе гэтага свету заглушала Ягоны голас?..
Прыгадаем цяпер, у гэтую хвіліну, пра што мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі? Ці памятаем гэта? Што сказаў нам асабіста сёння Езус на Імшы? Як словы Евангелля адгукнуліся ў маім сэрцы?..
Ян засведчыў над Ярданам: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету». Што азначаюць для мяне гэтыя словы? З якой, зрэшты, пашанай я схіляюся перад гэтай таямніцай Хрыста на кожнай святой Імшы? Бо на кожнай Імшы мы чуем ужо з вуснаў святара гэтыя надзвычай важныя для нас словы: «Вось Баранак Божы…». Кожны раз у гэтую хвіліну ў нашай прысутнасці адбываецца найвялікшы цуд свету. Ці ўсведамляю гэта я з усёй моцай?..
І што азначае для мяне мой хрост, мая прыналежнасць да Хрыста?..
Кожны хрысціянін, прыняўшы хрост, выракся зла і ўсіх справаў сатаны. Проста выракся. Мы ніколі не павінны ўступаць у дыялог са злом, шукаць нейкага апраўдання зла, асабліва, калі яно хаваецца пад маскай прыемнасцяў. Ці змагаюся я са злом ува мне?..
«…сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце…»
За кожнае занядбанне, калі мы ленаваліся пазнаваць Цябе, Езу Хрыстэ, ленаваліся чытаць Тваё Евангелле і разважаць над ім, за кожны наш недахоп пашаны да Цябе на Імшы, у стасунках з людзьмі перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ!.. (Хвіліна цішы).
За кожную нявернасць нашым абяцанням, якія прынялі на сябе ў часе Хросту, за кожную легважнасць, калі мы сваімі паводзінамі давалі іншым дрэнны прыклад, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая!.. (Хвіліна цішы).
«Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету»… Мы, хрысціяне, маем унікальную магчымасць ачышчаць свае душы і атрымліваць прабачэнне за ўчыненыя намі слабасці і грахі. Таму што заўсёды, калі чарговы раз упадзем, можам прыйсці да Таго, Хто возьме на сябе наш і цяжкі, і лёгкі грэх.
Пане Езу! Ты ачышчаеш нас і чыніш так, што нашыя душы зноў і зноў становяцца чыстымі. Навучы нас цаніць гэты вялікі дар, які мы атрымалі ў часе нашага Хросту. Дзеля таго, каб калісьці, калі мы пераступім парог вечнасці, Ты ўбачыў, прыняў і прыгарнуў нас да Твайго Боскага Сэрца.
Таямніца 2.
Цуд у Кане Галілейскай
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над таямніцай святла Святога Ружанца – «Цуд у Кане Галілейскай». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Ян 2, 1-11
На вяселлі ў Кане Галілейскай былі Маці Божая, Езус, вучні Ягоныя. Як жа гэта важна – каб на ўсе значныя падзеі нашага жыцця мы запрашалі іх! Наколькі шчаслівейшыя былі б нашыя сем’і, калі б яны распачыналі сваё жыццё з Езусам і Яго Маці! Тады, магчыма, зусім інакш перажываліся б намі тыя праблемы, якія сустракаюцца нам у жыцці.
На вяселлі ў Кане Галілейскай таксама ўзнікла праблема. Маці сказала пра яе Сыну. Яна не настойвала, не бедавала – проста паведаміла Яму. Што ж адказаў Ёй Езус? Напачатку Ён нібы не меў ахвоты вырашаць узніклую праблему: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». І што ж Маці? Яна не настойвала, не пераконвала Яго, бо загадзя ведала: Ён зробіць так, як трэба. І як бы Ён ні зрабіў – Яна прыме гэта. Таму проста сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Нам вельмі патрэбна навучыцца рабіць тое, што нам кажа Езус!..
Не маракаваць, не прыкідваць, добра гэта будзе для нас, альбо не вельмі, выгадна, альбо не. Нам трэба навучыцца быць паслухмянымі Ягоным словам і рабіць у сваім жыцці тое, што Ён нам кажа. Так, як наказала гэта нам Маці Божая ў Кане Галілейскай.
Цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай вельмі прыгожы. Ён паказвае нам, што Езус і Яго Маці могуць быць удзельнікамі самых розных падзей нашага жыцця. Важна толькі, каб мы запрашалі іх. І каб слухаліся іх.
Ці мы паслухмяныя ім у нашым штодзённым жыцці?.. Прыгадайма цяпер падзеі з нашага жыцця, асабліва тыя, найбольш балючыя для нас, калі мы не запрасілі для ўдзелу ў іх Езуса і Яго Маці…
Падзея ў Кане Галілейскай паказвае нам, вернікам, і яшчэ адну важную акалічнасць. Езус напачатку нібы не збіраўся вырашаць праблему: «Ці гэта Мая і Твая справа, жанчына?». Ён нібы не мае асаблівай ахвоты чыніць гэты цуд. Але на просьбу сваёй дарагой Маці Сын усё ж саступае… Будзем жа памятаць пра гэта і пастараемся вырашаць нашыя важныя жыццёвыя праблемы праз Маці Божую. Бо Яна, як ніхто, можа выпрасіць патрэбныя для нас ласкі ў свайго Сына. Магчыма і для нас Ён некалі ўчыніць па Яе просьбе нейкі цуд – каб «паверылі ў Яго вучні Ягоныя».
«Тое, што Ён скажа вам, зрабіце»… Мы так часта прагнем ад Езуса ласкаў, цудаў, вырашэння нашых праблемаў. Але як жа часта мы забываемся, што павінны рабіць тое, што Ён кажа нам… За кожнае нашае занядбанне Твайго наказу, за кожнае легкаважнае стаўленне да Твайго слова перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!.. (Хвіліна цішы).
За кожны выпадак, калі мы не запрашалі Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, і Твайго Сына Езуса ў нашае жыццё, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая!..(Хвіліна цішы).
Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя… Нашае штодзённае жыццё напоўнена Божай прысутнасцю і Божай творчай дзейнасцю. Навучы нас, Пане Езу, бачыць гэта, быць уражлівымі на Твае справы і Тваю славу. Навучы нас няспынна дзякаваць Табе за іх і сведчыць пра Тваё дзеянне ў нашым жыцці перад іншымі. Каб і яны таксама паверылі.
Таямніца 3.
Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над таямніцай святла Святога Ружанца – «Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Мк 1, 14 – 15
Уся дзейнасць Езуса – гэта абвяшчэнне людзям праўды аб Валадарстве Божым. Кожнае аздараўленне, выгнанне дэманаў, кожнае навучанне – праўда аб Валадарстве Божым. З прыходам Езуса перад людзьмі адкрылася перспектыва патрапіць у гэтае валадарства. Езус тлумачыць людзям, якое яно, да чаго падобнае. У простых вобразах, блізкіх тагачаснаму чалавеку, Ён тлумачыць, што трэба для таго, каб патрапіць у Божае Валадарства. Даўняя мара людзей збылася – перад імі адкрыўся прыгожы далягляд, з’явілася магчымасць прымірыцца з Богам, каб жыць вечна з Ім у радасці.
Наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.
Валадарства наблізілася, яно магчымае для кожнага. Але ёсць надзвычай важная ўмова: кайцеся і верце ў Евангелле. Дзеля таго, каб пакаянне гэтае было сапраўдным, а не крывадушным, Езус навучае, тлумачыць, зноў і зноў пераконвае людзей, што грэх чалавека не будзе перашкодай для таго, каб патрапіць у Валадарства Божае. Толькі трэба шчыра пакаяцца, адвярнуцца ад граху, каб пачаць жыць новым прыгожым жыццём. Жыць у еднасці з Хрыстом.
Пакаянне надзвычай важнае для хрысціяніна. Але Езус не спыняецца толькі на пакаянні. Кайцеся і верце ў Евангелле. Верце ў Евангелле… Дзеля таго ж, каб верыць у яго, трэба яго пазнаць, трэба ўчытвацца ў Божае слова, услухоўвацца ў яго на святой Імшы. Трэба жыць ім. Вось так проста, кожны дзень жыць з Божым словам, суадносячы з ім свае ўчынкі, думкі, жаданні.
Ці жывем мы Божым словам на штодзень?.. Ці чытаем яго?.. Ці разважаем над ім?.. Ці шукаем адказы на тыя пытанні, якія ставіць перад намі жыццё, у Божым слове?.. Ці задаем сабе часам такое простае пытанне: «А што зрабіў бы ў гэтай сітуацыі Езус?» … За кожнае нашае занядбанне чытання Божага слова, за кожны выпадак, калі нашыя думкі рассеяныя на святой Імшы, за кожны выпадак ляноты, калі мы аддавалі перавагу чамусьці іншаму, а не Божаму слову, перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
Мы маем добры, выразны прыклад, як жыць Божым словам, як зберагаць яго ў сваім сэрцы. Гэта прыклад жыцця Маці Божай – ціхай, пакорнай, удумлівай слухачкі і выканаўцы Божага слова. За кожны выпадак, калі мы не наследавалі Цябе ў гэтых цнотах, перапрашаем Цябе, Маці Божая!
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы).
Мы ўсе, што паверылі ў Езуса Хрыста і Яго Евангелле, – Ягоныя вучні. Гэта нас Ён заклікаў быць соллю зямлі і святлом свету. Таму адначасна мы маем таксама адказнасць за тых людзей, якія жывуць побач з намі. Ці бачаць яны Хрыста ў нас?.. Ці з’яўляемся мы для іх прыкладам добрых вучняў у школе Хрыста?.. Пане Езу! Навучы нас сваім жыццём сведчыць аб Тваім Валадарстве. Каб тыя, хто ёсць побач з намі, таксама пазналі, паверылі і палюбілі Цябе.
Таямніца 4.
Перамяненне на гары Табор
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над таямніцай святла Святога Ружанца – «Перамяненне Езуса на гары Табор». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Лк 9, 28-35
Вучні Езуса – Пётр, Якуб і Ян – былі сведкамі выключных падзей Евангелля. Такім было жаданне Езуса. Але самі яны не былі выключнымі людзьмі. Яны таксама памыляліся і таксама мелі свае слабасці. Напрыклад, маглі заснуць тады, калі трэба было чуваць. Езус не папракае іх за тыя слабасці. Ён выбіраў не выключных людзей. Яму важна было, каб яны былі адкрытыя на Божае дзеянне. Каб самі заўважалі свае слабасці, недасканаласці, каб не баяліся праўды пра сябе. Галоўнае, што яны былі шчырыя ў сваёй любові да Настаўніка…
«Настаўнік, добра нам тут быць, – узрушана казаў Пётр, – таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі.» Не ведаў, што казаць, не разумеў, што адбываецца, але быў шчыры: добра нам тут быць…
Шчырасць перад Богам часта ўзнагароджваецца. Калі мы моцна радуемся і шчыра кажам Яму пра гэта. Калі сумуем і шчыра распавядаем Яму аб нашых смутках. Калі прызнаем свае памылкі, падзенні, няўдачы і шчыра просім прабачэння… Бог любіць шчырых. Мы не мусім перад Ім прыхарошваць сябе, пераконваць Яго ў нашай дабрыні і невінаватасці. Ён усё бачыць. Усё разумее. І прымае нас такімі, якія мы ёсць.
Пётр не ведаў, што казаць, на гары Табор. Але ён быў шчыры. І Бог Айцец узнагародзіў яго ды ягоных сяброў, калі з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын мой выбраны, Яго слухайце».
Яго слухайце… Ці слухаем мы Твой голас, Пане Езу?.. Ці паслухмяныя яму?.. А можа, нават пачуўшы, мы імкнемся ўсё ж важныя рэчы рабіць у сваім жыцці так, як гэта нам хочацца, а не так, як гэта наказваеш Ты?.. Прыгадаем цяпер тыя хвіліны, калі мы свядома заглушалі ў сабе Твой голас. Калі апраўдвалі сябе любым коштам і не былі паслухмяныя Тваім наказам… (Хвіліна цішы) За кожны выпадак, калі мы не былі паслухмяныя Твайму Евангеллю, перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці Божая і наша Маці! Ты заўжды была паслухмяная Божаму натхненню. Ты вучыла таксама Тваіх дзяцей:
«Тое, што Ён скажа вам, зрабіце»… А мы так часта робім па-свойму, так, як нам падабаецца, бо лічым што гэтак будзе правільна. За кожную нашу непаслухмянасць слову Твайго Сына, за кожнае легкаважнае стаўленне да Божых наказаў перапрашаем Цябе, Маці Божая!
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы)
Калі Езус маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым… Гэта былі хвіліны славы Езуса, якую бачылі Ягоныя вучні. Пане Езу! Прагнем быць заўсёды верныя Табе. Прагнем даражыць Тваім словам і Тваёй славай. Так, як гэта рабіла Твая і наша Маці. Навучы нас гэтаму. Падтрымай у нас гэтае жаданне. Дай сілы заўсёды быць шчырымі перад Табою…
Таямніца 5.
Устанаўленне Эўхарыстыі
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над таямніцай святла святога Ружанца «Устанаўленне Эўхарыстыі». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Мц 26, 26-29
Бярыце і ешце, гэта Цела Маё…
Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая…
Зычлівы жэст Езуса Хрыста ў часе Апошняй Вячэры звернуты не толькі да ягоных вучняў, якія былі ў той час разам з Ім, але гэты жэст звернуты да кожнага з нас асабіста: бярыце і ешце, гэта Цела Маё…
У хвіліны, калі мы чуем гэтыя словы на святой Імшы, мы таксама прысутнічаем на ўрачыстай гасціне Хрыста. Бо як Ён запрасіў на яе Апосталаў, гэтак жа Ён запрашае і кожнага з нас да свайго стала.
Як мы ўспрымаем гэтае запрашэнне? З радасцю і ўдзячнасцю, альбо з панурым выкананнем свайго абавязку? А можа, як Юда, які яшчэ і ёсць пры стале, але пазірае ўжо ўбок, рыхтуючыся як найхутчэй выйсці, каб здрадзіць зычліваму Гаспадару?..
Гэтыя хвіліны прысутнасці на гасціне ў Езуса Хрыста былі надзвычай важныя для Апосталаў, бо Езус запаведаваў ім тое, з чым яны пойдуць па жыцці – у далейшы шлях. У кожнага з іх будзе свой шлях – няпросты, часта напоўнены цяжкімі выпрабаваннямі. Але ж яны прынялі ад Езуса падмацаванне! І таму на ўсіх сваіх шляхах яны будуць чэрпаць для сябе сілы з Яго. Кожны з іх, апроч Юды, годна пройдзе свой жыццёвы шлях і з’яднаецца са сваім Настаўнікам у вечнасці.
Мы таксама маем гэткую ж магчымасць. Адзін ксёндз сказаў неяк, што калі вернік моліцца на святой Імшы, то разам з ім моліцца цэлае Неба! Але ці заўсёды мы цэнім Эўхарыстыю, як найвялікшы дар?.. (Паўза) Як магчымасць быць шчаслівым і на зямлі, і ў небе?.. (Паўза). Прыгледземся ж цяпер да зычлівага жэсту Езуса Хрыста… Прыгадаем, ці не бываем мы часам няўважлівыя, халодныя, чэрствыя да гэтага жэсту… За кожнае нягоднае, альбо без належнай пашаны прыняцце святой Камуніі перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!..
А ці ўмеем мы як след дзякаваць Хрысту за гэты нябесны дар, да якога запрошаныя?.. (Паўза) За кожную сваю няўдзячнасць, паспешлівасць, абыякавасць перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
Бярыце і ешце, гэта Цела Маё…
Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая…
Запавет Хрыста для ўсіх пакаленняў людзей, дзе б і калі яны ні жылі. Як падтрымка з Неба для чалавека на ягоных складаных, почасту такіх заблытаных, пакручастых жыццёвых шляхах…
Пане Езу! Дзякуем Табе за гэты бясцэнны дар для кожнага хрысціяніна. Прагнем прымаць яго заўсёды годна, з пашанай і вялікай удзячнасцю. Маці Божая! Навучы нас па-сапраўднаму, шчыра любіць Твайго Сына, даражыць Яго запаветам і сумленна выконваць усе Яго наказы.
БАЛЕСНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
Таямніца 1.
Малітва ў Садзе Аліўным
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над балеснай таямніцай святога Ружанца – «Малітва Езуса ў садзе Аліўным». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Лк 22, 39 – 46
«Ойча, калі жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх…». Якія ж зразумелыя для нас гэтыя словы! Як жа часта мы паўтараем іх у нашых бясконцых малітвах просьбаў! Адно што цяжкавата нам праз вусны праходзяць два словы з іх –«калі жадаеш»… Найчасцей мы кажам проста: адхілі. Адхілі, забяры мой боль, аддалі небяспеку, аздараві, вызвалі, няхай не сустрэне мяне бяда… Мы баімся цярпенняў. Любым коштам прагнем пазбегнуць іх, адгарадзіцца ад бяды, хваробы, ад цярпенняў. І ў такіх выпадках мы часта ўзгадваем малітву Езуса ў садзе Аліўным. Ну, бо Ён жа таксама баяўся, таксама прасіў, таксама хацеў размінуцца са сваім келіхам… Мы нібы апраўдваем гэтым свой страх перад цярпеннямі, непамыслотамі, выпрабаваннямі.
Нам не хочацца тады заўважаць гэтыя два ціхія словы – «калі жадаеш»… Нам страшна бывае вымавіць іх, бо тады мы павінны згадзіцца і з тым, што Айцец наш Нябесны можа і не пажадаць гэтага… Мы ж прагнем, каб было па-нашаму. Так, як гэтага хочам мы.
А яшчэ цяжэй нам даюцца наступныя словы Езуса: «Але не Мая воля, а Твая няхай станецца». Мы баімся гэтых словаў. Бо згадзіцца з імі – гэта згадзіцца і з тым, што ўсё можа стацца зусім не так, як мы таго прагнем…
А Езус?.. Яму таксама было страшна. Ён таксама баяўся. Да таго ж, Ён ведаў наперад, якая бесчалавечная жорсткасць абрынецца на Яго і будзе Яго мучыць, знішчаць, адбіраць у Яго жыццё.
Езусу было страшна і адзінока ў гэтую ноч. Ён маліўся сам і прасіў сваіх вучняў падтрымаць Яго малітвай. «Маліцеся, каб не паддацца спакусе», – сказаў Ён ім. Але яны паддаліся. Яны былі змучаныя. Яны паснулі. У той самы час, калі іхні Настаўнік абліваўся крывавым потам, яны спалі…
Пане Езу! Мы так часта паддаемся спакусе. Так часта адступаемся. Так часта занядбоўваем чуванне і малітву, ссылаючыся на сваю слабасць. Ты просіш нас чуваць разам з Табою, а мы… засынаем…
За кожную нашу занядбаную малітву, за кожнае наша апраўданне сваёй слабасці перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ…
Усе: Перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ… (Хвіліна цішы)
За кожнае наша шкадаванне саміх сябе, а не нашых бліжніх перапрашаем Цябе, Маці Божая…
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая… (Хвіліна цішы)
У часе цяжкага, страшнага выпрабавання Езус трываў на малітве. Свой страх, свой боль і горыч Ён давяраў Айцу Нябеснаму. Ён прасіў і адначасна згаджаўся з воляй Айца. Бо верыў, што Айцец Нябесны ведае найлепш, што трэба ў гэтую хвіліну. Будзем жа вучыцца гэтаму даверу і вытрываласці, любові і мужнасці ў нашага Збаўцы. І кожны раз, калі прыслабнем у нашым чуванні, будзем памятаць словы Хрыста: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
Таямніца 2.
Бічаванне
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над балеснай таямніцай святога Ружанца – «Бічаванне Пана Езуса». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Мц 27, 22 – 26
Што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?..
Пытанне Пілата.
Пілат у разгубленасці. Ён незадаволены гэтым клопатам, які зваліўся на яго. Без гэтага клопату яму спакайней жылося. Ён, Пілат, для многіх мог бы лічыцца добрым, прыстойным чалавекам, калі б не гэты неспадзяваны клопат…
Што мне рабіць з Езусам? – пытае Пілат у натоўпу хоць ужо і прадчувае, амаль ведае, якім будзе адказ. Бо гэты ж натоўп хвіліну таму крычаў, што трэба вызваліць Барабу. Не Езуса, але Барабу!.. Што ж пасля гэтага застаецца Езусу?.. Смерць. Пілат гэта ведае. Але пытае: «Што мне рабіць з Езусам?». Яму важна, каб хтосьці іншы сказаў пра смерць невінаватага…
Пілат абмывае рукі і ўголас кажа пра тое, што ён невінаваты ў гэтай смерці…
Як жа часта ў нашым жыцці Езус бывае для нас нязручны!.. Як жа часта мы гэтаксама не ведаем, што нам рабіць з Езусам!..
Тады, калі Яго Евангелле здасца нам занадта патрабавальным. Калі нас прыцягвае грэх, а мы ўжо чулі ў касцёле, што гэта – менавіта грэх… Калі мы чыталі ў Евангеллі, ведаем, што таго альбо іншага рабіць нельга, а… так хочацца тое зрабіць… Калі прынада граху выглядае такой прывабнай і салодкай!.. Што ж нам тады рабіць з Езусам? Як жа часта мы забываем тады пра тое, што Ён, Езус, нас любіць, што Ён першы палюбіў нас, што не мы Яго, але Ён выбраў нас, што не пакіне нас…
Бічаванне… Мы бічуем Езуса, калі сумняваемся ў Яго любові, калі перастаем Яму давяраць, калі адварочваемся ад Яго і нашым сэрцам завалодвае салодкі грэх. Як жа важна да таго, як гэта здарыцца, запытаць у самога сябе: «Што мне рабіць з Езусам? З Яго Евангеллем? З Яго любоўю? І што мне рабіць з гэтай прыцягальнай сілай граху?». Не спяшаймася абмыць тады рук… Калі выберам грэх, гэтае абмыццё нам ужо не дапаможа… Яно нас не апраўдае…
Маці Божая… Што адчувала Яна, калі чула гэтую размову Пілата з натоўпам? На Яе вачах чынілася такая вялікая несправядлівасць! А Яна маўчала… Яна цярпела боль разам са сваім Сынам. Бо захоўвала ўсе Яго словы ў сваім сэрцы. Яна ведала, што на Яе вачах Сын ратуе гэты грэшны свет. Ратуе яго, бо надышла гадзіна збаўлення свету і кожнага чалавека, які жыў, жыве і будзе жыць на Зямлі… Меч, востры меч працінае Яе душу, а Яна церпіць гэты боль… Бо не можа здрадзіць той справе, якую здзяйсняе Сын. Для Яе не існуе пытання, што Ёй рабіць з Езусам. Яна проста церпіць разам з Ім… Верная Яму да канца…
Запытайма цяпер у сябе, ці мы ў нашых цярпеннях, болях, непамыслотах, ці мы застаемся верныя Хрысту?.. (Хвіліна цішы)
Святы Амброзій, звяртаючыся да вернікаў, і спасылаючычыся на апостала Паўла, заклікаў іх: «У кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам. Дзеля таго, каб калі наступяць цярпенні і выпрабаванні, умелі зносіць іх без найменшага наракання і суму, у цярплівасці і радасці “дзякуючы Богу заўсёды і за ўсё”.».
Дзякуючы Богу заўсёды і за ўсё… Без найменшага наракання і суму…
Мабыць, калі навучымся гэтаму, тады мы таксама, як Яна, Марыя, будзем цярпець разам з Хрыстом, і значыць сэнс нашых цярпенняў набудзе зусім іншае, высокае духоўнае вымярэнне.
Пане Езу! Мы так часта разгублена ўслед за Пілатам пытаемся: «Што нам рабіць з Езусам?». Тады,калі Тваё Евангелле здасца раптам нам нязручным, нявыгадным…
За кожны наш недавер да Твайго слова і Тваёй праўды перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
За кожную нашу слабасць, нараканне ў часе цярпенняў перапрашаем Цябе, Маці Божая!
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы)
Што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом?, – пытаўся Пілат у натоўпу, імкнучыся як найхутчэй абмыць свае рукі. Пане Езу! Прагнем быць вернымі Табе і Твайму Евангеллю ў кожнай жыццёвай сітуацыі. Падтрымай нас Духам Тваім Святым тады, калі падступяцца спакусы часова аблегчыць сабе жыццё з дапамогай граху.
Таямніца 3.
Укаранаванне цернем
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над балеснай таямніцай святога Ружанца – «Укаранаванне Езуса цернем». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
пар. Мц 27, 27 – 30
Іх сабралася шмат, каб паздзеквацца з Езуса – цэлая кагорта жаўнераў. Яны насміхаліся з Яго, прыніжалі, здзекваліся. Пурпуровы плашч і вянок з церняў павінны былі яшчэ больш прынізіць Езуса. Але, самі таго не ведаючы, не ўсведамляючы, гэтыя жаўнеры вызналі ў Езусе Валадара. Прыніжэнне не зменшыла Ягонай годнасці. Тыя, што плявалі на Яго, не маглі ўявіць, што перад гэтым Валадаром будуць кленчыць каралі і князі, што на імя Езуса будуць згінацца «калені зямных, нябесных і падземных істотаў» з усіх куткоў свету.
У прыніжэнні Езуса асвяціліся ўсе слабыя, пагарджаныя, адрынутыя гэтага свету. Усялякае несправядлівае прыніжэнне асвячаецца ў кроплях крыві нашага Збаўцы, што сцякала з-пад цярновай кароны. Таму кожны раз, калі нас прыніжаюць, калі з нас насміхаюцца, мы можам яднаць нашыя цярпенні з цярпеннямі Езуса ў цярновай кароне. Яднаць і тым самым удзельнічаць у Яго справе збаўлення гэтага свету. Таму пастараймася вучыцца не растрачваць гэтай ласкі – магчымасці ўдзельнічаць у цярпеннях Езуса! Будзем жа кожны раз, калі з нас насміхаюцца і намі пагарджаюць, калі нас імкнуцца прынізіць, узгадваць Езуса, каранаванага цернем!
А мы самі?… Ці не здараецца часам так, што мы самі выконваем ролю жаўнераў, тых, хто насміхаецца са слабейшага, з таго, хто не можа ў гэты час абараніцца? Ці не здараецца з намі такога, калі мы кімсьці пагарджаем і зусім не жадаем зразумець, адчуць ягоны боль?.. Колькі тых, на каго мы ў свой час ускінулі «пурпуровы плашч і цярновую карону»?.. І ці пакаяліся мы ў гэтым цяжкім граху, калі мы сваімі насмешкамі прычынялі камусьці боль? (Хвіліна цішы).
Езу, цернем каранаваны, у плашч пурпуровы апрануты! Табою пагарджалі, цябе прыніжалі, з Цябе насміхаліся тыя, якія Цябе не ведалі… Але мы, якія Цябе пазналі, хіба можам мы і надалей рабіць тое ж самае?! Бо ведаем жа, што Ты ёсць прысутны ў іх, найбяднейшых, адрынутых, часта галодных, бяздомных, тых, кім пагарджае сучасны свет, бо ў сучасным свеце цэняцца найбольш багацце, слава ды поспех… Езу, навучы нас памятаць пра ўчынкі міласэрнасці для душы і цела бліжняга: суцяшаць засмучаных, зносіць цярпліва знявагу, дараваць ахвотна крыўду, накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх… Ва ўсіх іх Ты ёсць прысутны, Езу, цернем каранаваны…
Маці Божая! Што адчувалва Ты, калі бачыла карону з церняў на галаве Твайго Сына? Якім жа пякучым болем ранілі тыя церні Тваё Матчына сэрца!.. І як жа балюча Табе цяпер, калі адны Твае дзеці пагарджаюць іншымі Тваімі дзецьмі, прыніжаюць іх, насміхаюцца з іх!..
За кожную нашу пагарду да іншага чалавека, за кожнае прыніжэнне, якое свядома, ці несвядома ўчынілі мы нашым бліжнім, перапрашаем Цябе, Пане Езу!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу! (Хвіліна цішы…)
За кожны выпадак, калі мы не раздзялілі боль іншага чалавека, якога прынізілі іншыя людзі, калі мы не падтрымалі таго чалавека, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы…)
…сплялі вянок з церняў і ўсклалі Яму на галаву… Пане Езу Хрыстэ! Любім Цябе і пакланяемся Табе! Табе, які за нас цярпеў такія жорсткія здзекі і прыніжэнні, няхай будзе вечная хвала ад Тваіх вызнаўцаў! Духу Святы, стрымай нас напамінам пра цярновую карону Езуса Хрыста, калі падступіцца спакуса кагосьці прынізіць, над кімсьці ўзвысіцца… Вучы нас, Пане Езу, жыць Тваім словам, каб заставацца вернымі Табе ў кожнай жыццёвай сітуацыі.
Таямніца 4.
Крыжовы шлях Езуса Хрыста
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над балеснай таямніцай святога Ружанца – «Крыжовы шлях Езуса Хрыста». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Лк 23, 26-32
Сымон Кірынэец. Выпадковы спадарожны на крыжовым шляху Езуса. Вяртаўся з поля, спрацаваны, думаў, напэўна ж, што вось хутка адпачне пасля працы, а тут такая мітрэнга. Яму на плечы ўскладваюць чужы крыж і прымушаюць чамусьці несці яго. Сваім учынкам ён увайшоў у гісторыю хрысціянства на ўсе вякі як чалавек, які дапамог Хрысту несці крыж.
Ці хацелі б мы апынуцца на месцы Сымона Кірынэйца?..
Маем такі шанец амаль штодня. Вакол нас штодня столькі хворых, церпячых, самотных, якія нясуць свае цяжкія крыжы!.. Многія з іх губляюць сілы пад тым цяжарам. Многія надрываюцца… Многія абліваюцца потам і слязьмі. І не толькі ад цяжару, але яшчэ і ад самотнасці, адзіноты, а можа й крыўды на цябе, мяне, нас… Бо мы не спяшаемся дапамагаць несці ім той цяжар. А тым часам: «… тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі». І значыць… мы таксама можам быць сымонамі кірынэйцамі!.. Можам. Але ці хочам імі быць?..
Шчаслівы, хто дапаможа Хрысту несці Яго крыж…
Ці прагнем мы такога шчасця?.. Нялёгкага, няпростага, але сапраўднага хрысціянскага шчасця?.. (Хвіліна цішы).
Маці Божая… Напэўна ж, Яна была ўдзяченая Сымону Кірынэйцу, які нёс крыж за Езуса, была ўдзячная Вераніцы, якая выбегла з натоўпу і выцерла змакрэлы Езусаў твар, была ўдзячная Яну і Марыі Магдалене, якія дзялілі матчын боль пад крыжам на Галгофе, была ўдзячная ўсім, хто спачуваў Яе Сыну, хто проста быў побач… Яна гатовая па-мацярынску аддзячыць кожнаму, хто цяпер гатовы дапамагчы несці іншаму чалавеку ягоны крыж. Яна гатовая. Але ці гатовыя мы?..
За кожны выпадак, калі мы адвярнуліся ад чалавека, якому патрэбная была наша дапамога, калі не падтрымалі яго, перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
За кожны выпадак, калі мы не толькі не падтрымалі, але і адгаварылі іншага чалавека пайсці дапамагаць людзям, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы)
«Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых…» Пане Езу! Гэтае горкае папярэджанне са свайго крыжовага шляху Ты адрасаваў і нам, вернікам ХХІ стагоддзя. Бо мы гэтак засяроджаныя на сабе, нашых дзецях, на ўсім, што адбываецца вакол нас, што часта не заўважаем таго, што адбываецца з іншымі. Не спяшаемся заўважыць іхні боль, іхні крыж… Навучы нас, Пане, адракацца ад гэтай засяроджанасці на саміх сабе. Каб маглі мы бачыць тое, што дзеецца вакол нас. Бачыць і выходзіць насустрач тым, каму трэба дапамагчы несці крыж.
Таямніца 5.
Укрыжаванне і смерць Езуса
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над балеснай таямніцай святога Ружанца – «Укрыжаванне і смерць Езуса». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Ян 19, 17–18, 25–27
Такое прыгожае жыццё і такая ганебная смерць… Прыніжэнне… Ад моманту арышту на гары Аліўнай, праз бічаванне, каранаванне цернем, крыжовы шлях і нарэшце ўкрыжаванне – увесь час Цябе, Пане Езу, так нялюдска прыніжалі. І вось кульмінацыя – распрануты, абрабаваны, Ты выстаўлены на здзек перад усім светам. Узвышаны на крыжы перад людзьмі, якія сабраліся на Галгоце. Адны з іх прыйшлі туды прымусова, другіх прывяла цікаўнасць, хтосьці можа выпадкова апынуся там. Былі тыя, хто выконваў загад – укрыжаваць… Але ж былі і тыя, хто стаялі пад Тваім крыжам, бо прагнулі раздзяліць з Табою, Пане, гэты страшны боль, гэты час прыніжэння й пагарды. Былі з Табой тыя, хто не мог не прыйсці – Твая Маці, яе сястра, Марыя Клеопава, Марыя Магдалена, Твой любімы вучань Ян… Яны дзялілі з Табой, Езу, Твае мучэнні, Твой боль, лавілі кожнае Тваё слова, кожны Твой уздых. Яны не зважалі на тое, што побач былі лютыя ворагі, якія і іх таксама маглі абвінаваціць у прыналежнасці да Цябе. Яны не баяліся быць таксама асмяянымі, пераследаванымі, схопленымі і кінутымі ў вязніцу. Яны былі там, дзе падказала ім быць іхняе сумленне. З Табою, Пане…
І сёння, Пане Езу, мы мусім таксама задумацца, дзе мы знаходзімся ў той час, калі Ты церпіш муку на крыжы. Мы побач з Табою?.. Мы ловім Твае словы і запісваем іх у сваіх сэрцах, альбо мы калі і знаходзімся блізка, то больш таму, што так робяць іншыя, такі перыяд цяпер у Касцёле, такі звычай?.. Дзе я, Пане?..
А можа я сярод тых, хто дзеліць Тваю вопратку, хто шукае сваёй выгады і ягоны галоўны клопат цяпер пра тое, як дагадзіць свайму целу, дзе знайсці як найбольш грошай і задаволіць усе свае патрэбы не толькі на гэты час, але і на будучы?..
Пане, Ты сказаў Маці, якая стаяла пад Тваім крыжом: «Жанчына, вось сын Твой». Ты аддаў свайго любімага вучня сваёй Маці. І яму таксама наказаў: «Вось Маці твая». У той страшны час, церпячы такі жахлівы боль, Ты думаў не пра сябе, а пра тых, хто застаецца на зямлі. Ты клапаціўся пра іх, а значыць, і пра нас. У тыя хвіліны ў асобе Твайго любімага вучня Ты даручыў кожнага чалавека, які жыў і будзе жыць на зямлі, сваёй Маці. Ці цэнім мы гэты агромністы Твой дар?.. Ці шануем мы належным чынам Тваю і нашу Маці?..
За кожны выпадак, калі мы аддаляліся з нейкай прычыны ад Твайго крыжа, перапрашаем Цябе, Пане Езу!
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу! (Хвіліна цішы)
За кожны выпадак, калі мы не належным чынам ушаноўвалі Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая!.. (Хвіліна цішы)
«Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая»… Ты прыгарнуў нас усіх, Пане, у гэтую хвіліну да свайго сэрца. Ты сам адыходзіў да Айца і даручыў усіх нас сваёй Маці, нашай надзейнай, ласкавай і клапатлівай Апякунцы. Дзякуем Табе, Пане Езу, за гэты хвалебны чын! Прагнем, Пане, быць заўсёды ўдзячныя Табе за гэта! Табе і Тваёй Маці, якая з любоўю прыняла нас, сваіх дзяцей.
ХВАЛЕБНЫЯ ТАЯМНІЦЫ
Таямніца 1.
Уваскрасенне Хрыста
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над хвалебнай таямніцай святога Ружанца – «Уваскрасенне Хрыста». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Мц 28, 1-9
«На світанні першага тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя…» Жанчыны дачакаліся гэтай хвіліны, калі можна было нарэшце наблізіцца да магілы Езуса. Можна толькі здагадвацца, як яны перажылі другую палову пятніцы і суботу. І вось дачакаліся гэтага світання. Яны спяшаюцца прыйсці, каб намасціць цела Настаўніка. Напэўна ж ім было страшна, бо магілу вартавалі стражнікі. Але яны не маглі не прыйсці. Яны заставаліся вернымі свайму Настаўніку, якога моцна палюбілі, вандруючы разам з Ім гэтыя тры гады па Галілеі. Дакладней, Ён першы палюбіў іх. Як і кожнага з нас. Ён першы выбраў іх. Бо мы ж памятаем Ягоныя словы: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў». Выбраў вучняў. Выбраў гэтых жанчын. Выбраў шмат іншых людзей. Выбраў нас, якія ў гэтую хвіліну кленчым у Ягонай святыні перад Ім і схіляемся перад гэтай найвялікшай таямніцай – таямніцай Уваскрасення Хрыста.
Не можам да канца зразумець яе… Як не маглі напачатку зразумець жанчыны, а потым і вучні. Немагчыма было растлумачыць тое, што адбылося. Але яны не маглі не паверыць словам: « …вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос як сказаў». Яны прынялі гэтую праўду, бо яшчэ раней паверылі словам Настаўніка. А цяпер ім трэба было самім стаць сведкамі Уваскрослага для іншых людзей. Для многіх пакаленняў з розных краінаў і народаў. Як сталі яны сведкамі таксама і для нас…
Чаму менавіта ім адкрылася гэтая праўда пра ўваскрасенне Хрыста? Бо яны да канца засталіся верныя Яму. Яны не здрадзілі. Былі верныя Яму на шматлікіх дарогах Галілеі. Засталіся верныя на Ягоным крыжовым шляху… На Галгофе… І вось цяпер, пры магіле, якая аказалася пустой.
Якая сіла прывяла іх той раніцай да магілы Хрыста? Хіба што гэтай сілай была любоў. Яны паспелі адказаць узаемнасцю Яму на пыльных дарогах Галілеі. Любоў прывяла іх на крыжовы шлях, а потым і на Галгофу. Любоў дала ім моц не баяцца і ў той ранак, але адважна пайсці да магілы.
Любоў і вера заўсёды ідуць у пары…
Гэтаксама як вера і вернасць…
Гэта яны робяць нас моцнымі. Даюць сілы перамагаць страх. Пашыраюць межы нашых сэрцаў і вучаць бачыць патрэбы тых, хто побач.
Пане Езу! Як жа часта мы бываем скупыя на праявы любові! Як часта не бываем вернымі Табе ў вялікіх і малых рэчах! Асабліва ў гэтых малых, дробных, штодзённых рэчах… Заспакойваем сябе, што не здарыцца нічога страшнага, калі мы трохі адступімся, калі пойдзем не за голасам сумлення, а за жаданнем любым коштам займець спакой, дабрабыт, поспех сярод людзей… Калі замест праўды выбіраем падман… Так шмат іх у нашым жыцці, гэтых праяваў нявернасці Табе…
За кожны наш адыход ад Цябе, за кажную праяву крывадушнасці і нявернасці Табе перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
За кожнае наша маладушша, калі мы паддаваліся на падманы гэтага свету замест таго, каб ісці за Тваім Сынам, перапрашаем Цябе, Маці Божая…
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы)
«І вось, Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: “Вітайце”. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму». Найвялікшае шчасце для хрысціяніна – убачыць Хрыста, які выходзіць яму нассустрач, і пакланіцца Яму. Пане Езу, пасля нашых доўгіх жыццёвых дарог, блукання на гэтых дарогах, нашых падзенняў і зноў вяртання да Цябе, узнагародзь нас, калі ласка, гэтым шчасцем – абняць Твае ногі і пакланіцца…
Таямніца 2.
Унебаўшэсце Хрыста
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над хвалебнай таямніцай святога Ружанца – «Унебаўшэсце Хрыста». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
пар. Лк 24, 46-51; Дз 1, 10-11
«А вы сведкі гэтага»… Апосталы, вучні Езуса Хрыста, сталі сведкамі шматлікіх падзей Евангелля. Найважнешая з іх – уваскрасенне. Калі б Хрыстос не перамог смерць і не ўваскрос з памерлых, Ён застаўся б у гісторыі чалавецтва геніяльным прарокам, выключнай асобай. Але Ён уваскрос. Свет даведаўся пра гэтую выключную падзею ад Яго вучняў, якія былі сведкамі ўваскрасення.
Але на іхніх вачах адбылася і яшчэ адна надзвычайная падзея: той, Хто разам з імі хадзіў раней па Галілеі, Хто абвяшчаў людзям Добрую Навіну, Хто вучыў , як ім жыць, як любіць Бога і бліжніх, Той на іхніх вачах узнёсся ў неба! Нечуванае здарэнне! Яны, якія былі сведкамі гэтых падзей, панеслі па свеце навіну пра Хрыстову перамогу над смерцю, пра боскасць іхняга Настаўніка. Яны паверылі: Ён, іх Настаўнік, і Нябесны Айцец – адно. Ніхто да гэтага з людзей не ўзыходзіў у неба. Толькі той, каму гэта было дадзена Яго Айцом.
Вучні выканалі наказ іх Настаўніка і распаўсюдзілі вестку пра тыя падзеі па ўсім свеце. Яны не шкадавалі свайго жыцця дзеля таго, каб выканаць Яго наказ як найлепш. Бо гэта не хто іншы, а менавіта Ён наказаў ім сведчыць.
Перад сваім адыходам у неба Езус благаславіў сваіх вучняў на далейшы, ужо цяпер самастойны шлях. Хіба маглі яны не выканаць Яго наказу?..
Моц Божага благаслаўлення…
Кожны раз напрыканцы святой Імшы мы атрымліваем Божае благаслаўленне, якое Езус дае нам, паслугоўваючыся святаром, тым, каго Ён абраў дзеля таго, каб Яго Евангелле распаўсюджвалася па свеце. Як мы выконваем наказ Хрыста, атрыманы праз гэтае благаслаўленне? А зрэшты, ці памятаем мы, выйшаўшы з касцёла, што нам сёння сказаў Езус у Евангеллі?.. Ці ўсур’ёз мы ўспрымаем нашае пасланніцтва – несці ў гэты разварушаны, напоўнены нязгодаю свет, Божы супакой і суладнасць?.. Ці прыносім мы гэты супакой, Божую любоў, надзею ў свае сем’і, усім, з кім мы сустрэнемся?.. Ці пазнаюць людзі па нашых паводзінах, па нашым жыцці, што мы належым да Хрыста?.. Ці не сканчваецца нашае хрысціянства пасля таго, як мы пераступім парог касцёла пасля Імшы і выйдзем у наш звыклы свет з яго турботамі?..
За кожнае нашае нежаданне сведчыць пра Божую любоў і яго дзеянне ў нашым жыцці перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ…
Усе: Перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ… (Хвіліна цішы)
За кожную нашу нявернасць Твайму Сыну і Яго Евангеллю перапрашаем Цябе, Маці Божая…
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая… (Хвіліна цішы)
«І, калі благаслаўляў іх, развітаўся з імі і ўзнёсся на неба». Езус вярнуўся да Нябеснага Айца, дакладна і рупліва выканаўшы Яго заданне. Неба даруецца толькі руплівым і дбайным, верным, тым, хто па-сапраўднаму любіць Нябеснага Айца і дзеля гэтай любові гатовы ахвяраваць часовымі задавальненнямі ў сваім жыцці. Неба даруецца тым, хто часта адрываецца ад штодзённых спраў і ўзносіць свой позірк у неба. Яно даруецца тым, хто па-сапраднаму прагне неба ўжо тут, на зямлі…
Таямніца 3.
Спасланне Духа Святога
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над хвалебнай таямніцай святога Ружанца – «Спасланне Духа Святога». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
Дз 2, 1-4, 12-13
Апосталы разам з Марыяй трывалі на малітве. Яны шмат чаго не разумелі з таго, што адбылося з іхнім Настаўнікам. Яны, якія тры гады хадзілі разам з Ім па роднай зямлі і яе ваколіцах, слухалі, вучыліся ў Яго, цяпер, пасля таго, што адбылося на Галгофе, былі моцна напалоханыя і не разумелі, што адбываецца…
Але ў супольнай малітве разам з вернай спадарожніцай іхняга Настаўніка Марыяй яны трывалі на малітве і ўсё, што здарылася, усё, што іх так напалохала, усё, чым іх пужала невядомая будучыня, даручалі Нябеснаму Айцу. Яны спадзяваліся не на свае сілы, але ўскладалі надзею на Таго, да Каго маліліся, як навучыў іх Езус. «Ойча наш, каторы ёсць у небе…» Яны маліліся, спадзяваліся, чакалі…
І дачакаліся!.. Айцец Нябесны пачуў іхнія мольбы і спаслаў умацаванне. Ды ўсё ж вогненныя языкі, якія спачылі на кожным з іх, подых ветру, святло – усё гэта знешнія праявы. Нават тое, што яны загаварылі іншымі мовамі. Яно, безумоўна, сведчыла пра сілу, якую яны атрымалі звыш. Але найважней усё ж было тое, што яны атрымалі такую сілу і моц, з якой панеслі Добрую Вестку, Хрыстова Евангелле на ўвесь свет. Дзякуючы сіле Святога Духа яны больш ужо былі не спалоханымі да смерці людзьмі, а мужнымі вызнаўцамі Хрыста. Да праліцця крыві. Да ахвяры ўласнага жыцця. Бо ведалі, за што церпяць голад і холад, нястачу і ўціск. Хрыстовая праўда вартая таго, каб ужо больш не баяцца, а несці святло Евангелля па ўсім свеце.
Але ж былі і тыя, хто смяяўся з іх: «Яны напіліся маладога віна…». Такім яно часам бывае, паспешлівае людское асуджэнне… Калі мы бачым альбо чуем штосьці нязвыклае, калі чыясьці малітва раптам акажацца іншай ад нашай, чыесці ўчынкі – непадобнымі да нашых, а чыесці словы нас здзівяць, бо мы ж такога раней не чулі…
Паспешлівыя ды памылковыя высновы часам могуць нашкодзіць самай высакароднай справе. Будзем жа асцерагацца, каб не быць нам тымі, хто становіцца перашкодай на шляху Божых справаў…
Можа варта навучыцца нам не рабіць паспешлівых высноваў пра веру, паводзіны, учынкі іншых людзей?.. Найперш нам важна дбаць пра тое, каб расла, не пакрывалася пылам наша ўласная вера. Каб была дзейснаю наша любоў. А наша надзея свяціла евангельскай паходняй не толькі на нашым уласным шляху, але і тых, хто ідзе поруч з намі…
За кожнае неасцярожнае слова асуджэння Божых справаў, за кожнае паспешлівае незычлівае меркаванне пра іншых людзей, якія працуюць на Божай ніве, перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Пане Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
За кожную праяву духоўнай ляноты, калі мы замест таго, каб вучыцца ў Хрыста, рупліва пазнаваць Яго Евангелле, падмяняем тое пазнанне бяздумнымі звычаямі, нежаданнем аддаваць свой час на тое, каб услухоўвацца ў Божы голас і распазнаваць Яго дзеянне, перапрашаем Цябе, Маці Божая!
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы)
Усе напоўніліся Духам Святым… Напоўніліся тым Духам, які дае моц, адвагу, жаданне працаваць на Божай ніве, імкненне пазнаваць Бога, супрацоўнічаць з Ім, давяраць Яму і несці пазнанае іншым людзям, дзяліцца ім. Дух Святы робіць вернікаў адважнымі, працавітымі, шчодрымі. Будзьма ж чуйнымі на Ягоны подых! І не губляйма дарма часу – чувайма на малітве. Разам з Марыяй.
Пане Езу! Пасылай нам свайго Духа! Няхай Ён умацоўвае нашу вернасць Табе і ўсім Божым справам.
Таямніца 4.
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над хвалебнай таямніцай святога Ружанца – «Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
пар. Лк 1, 46-52
Пан Бог адарыў Найсвяцейшую Панну Марыю вялікай ласкаю – прыняў Яе ў нябесныя свае шатры з целам і душою. Унебаўзяцце… Урачысты, прыгожы чын, якім завяршылася жыццё Марыі. А да таго было жыццё, напоўненае трывогамі, выпрабаваннямі, няпростымі і часта незразумелымі па чалавечых мерках падзеямі. Яна перажывала ўсё тое, што сустракала Яе на жыццёвым шляху, з глыбокім унутраным спакоем, з даверам да Пана Бога, з вялікай пакорай.
Так, менавіта пакора была асновай усіх яе ўчынкаў, прыняцця таго альбо іншага чарговага выпрабавання. Пакора перад Панам Богам – гэта праява найвышэйшай любові да Яго. І менавіта таму ва ўрачыстым гімне «Магніфікат» гучыць:
«…бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі»…
Пан Бог убачыў Яе пакору. Убачыў, ацаніў і прыняў. І ўзнагародзіў за яе вялікай пашанай, якой удастоіў верную сваю слугу.
Не надта проста даецца чалавеку пакора. Кожны з нас можа прыгадаць, як няпроста яна даецца нам у асобныя моманты жыцця, як часам супраціўляецца гэтай пакоры ўся чалавечая істота. Але ж якой вялікай перамогай было, калі менавіта пакора прымушала нас ад чагосьці адмовіцца на карысць іншага чалавека, прымушала забыцца на сваё «я» і ўбачыць патрэбы суседа, сябра, альбо і незнаёмага чалавека…
«Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца» (Лк 14,11).
(Паўза)
«Бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, узвысіцца»…
Пан Бог узнёс Яе высока – на самую вышыню. Бо ўбачыў Яе служэнне, Яе бескарыслівасць, Яе любоў. Будзем жа вучыцца ўсяму гэтаму ў нашай Маці – дзеля таго, каб не змарнаваць часу, адведзенага нам. А дзеля таго, каб добра Яе наследаваць, магчыма, варта нам перагледзець яшчэ раз сваё жыццё, свае ўчынкі, адносіны з людзьмі. Пакуль маем час для гэтага…
За кожную праяву нецярплівасці, кожнае нежаданне суняць сваю пыху ў адносінах да братоў і сясцёр перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ!
Усе: Перапрашаем Цябе, Езу Хрыстэ! (Хвіліна цішы)
За кожнае нежаданне праявіць сваю пакору, за кожнае паспешлівае суджэнне пра іншага чалавека перапрашаем Цябе, Маці Божая!
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая! (Хвіліна цішы)
Кожны раз, калі мы не ведаем, як маем паступіць у тым, ці іншым выпадку, пастараемся шукаць падказкі ў Святым Пісанні, у Евангеллі – гэтай найвялікшай крыніцы мудрасці для чалавека. Будзем шукаць, абапіраючыся на падзеі з жыцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта Яна, ціхая і пакорная Богу, якая была ўзнесена Ім ажно гэтак высока, можа навучыць нас пражываць нашыя дні годна, у любові, не губляючы пры гэтым вялікага скарбу, якім мы валодаем, – нашага хрысціянства.
Таямніца 5.
Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі
З’яднаныя з усімі анёламі і святымі ў небе, запрашаем Цябе, Найсвяцейшая Панна Марыя, разважаць разам з намі над таямніцамі святога Ружанца. Рабіць гэта хочам на хвалу Бога, а таксама для збаўлення душаў.
Сёння мы будзем разважаць над хвалебнай таямніцай святога Ружанца – «Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі». Просім Духа Святога адкрыць нашыя сэрцы на Яго подых, каб мы пачулі ў Божым слове тое, што Пан Бог хоча нам сёння сказаць…
пар. Ап 12, 1.10
Ці думала калі ціхая, непрыкметная дзяўчынка з Назарэту, што Яе ажно так моцна будуць шанаваць у свеце людзі? Што ў Яе гонар будуць складаць і спяваць прыгожыя песні, што да Яе будуць звернутыя ў малітве тысячы, мільёны людскіх сэрцаў?.. Што з Ёй мы праз тысячы гадоў будзем звязваць свае надзеі і спадзяванні?
Калі б Ёй сказалі тады, калі яна яшчэ толькі-толькі стала Абранніцаю шаноўнага Юзафа, што Яе будуць людзі ўшаноўваць як Маці Божую, Маці Збавіцеля, як нябесную браму, праз якую вернікі будуць спадзявацца таксама патрапіць у нябесную прыстань, калі б Ёй сказалі тады пра гэта, Яна, хутчэй за ўсё, проста не паверыла б. Можа, пасмяялася б… Ды й не гэта яе займала…
Яна проста моцна давярала Таму, у каго сама ў свой час паверыла. З Ім, Найвышэйшым сваім Валадаром і Збаўцам, Яна звязвала свае надзеі. І Ён не ашукаў.
Велічае душа мая Пана,
І ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні…
Усё так і сталася, як праспявала Яна ў сваім гімне Магніфікат пры сустрэчы са святой Альжбетай. І адкрыў гэта Ёй Святы Дух…
Мінаюць гады, стагоддзі, а людзі ўшаноўваюць Яе, нашу Маці, Апякунку, нашу Каралеву, якую ўганараваў нябеснай каронаю сам Усемагутны Бог.
Благаслаўлёны мучанік з Росіцы Юры Кашыра тлумачыў слухачам некалі ў сваім казанні, што людзі перш чым звярнуцца да высокага начальніка, шукаюць звычайна падтрымкі і разумення ў ніжэйшага, які таму начальніку падпарадкаваны і моцна звязаны з ім. Усё ж так проста і вытлумачальна! Таму мы і звяртаемся ў нашых малітвах так часта да Маці Божай, бо верым, што Яна па-мацярынску разумее нас, а таму і падтрымае, і асцеражэ ад непрадуманых крокаў. Бо Яна ж Маці! А маці ніколі не ўчыніць свайму дзіцяці крыўды. Маці нясе сваім дзецям толькі дабро. Дык не будзем жа стамляцца прыходзіць да Яе з дзіцячым даверам. А таксама будзем пільнавацца, каб не пакрыўдзіць нашую Маці сваёй няўвагаю, недаверам, павярхоўнымі словамі, якія не выцякаюць з сэрца. Перапросім цяпер нашую Маці і Апякунку, нашу Суцяшальніцу ва ўсіх нягодах, нашу Каралеву за ўсе свае свядомыя і несвядомыя правіны перад Ёй…
Маці Божая і наша Маці, Каралева свету і Каралева нашай Айчыны! За ўсе павярхоўныя малітвы да Цябе, якія не выцякалі з нашага сэрца, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябюе, Маці Божая!..
За ўсе нашыя дрэнныя ўчынкі, грахі, за ўсе знявагі, учыненыя Твайму Беззаганнаму Сэрцу, перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Усе: Перапрашаем Цябе, Маці Божая!..
Будзем жа імкнуцца і прыкладаць усе намаганні, каб любіць Пана Бога ўсім сэрцам, розумам і ўчынкамі нашымі. Няхай жа нам дапаможа ў гэтым Твая мацярынская апека, Твой клопат пра сваіх дзяцей!
Тваёй абароне аддаемся…
Разважанні падрыхтавала Ірына Жарнасек
