Давідэ Мартэла — нямецкі піяніст італьянскага паходжання, чыё прызванне — распаўсюджваць добрую волю і салідарнасць праз свой музычны талент. Ён вядомы тым, што ездзіць у зоны ваенных дзеянняў і канфліктаў, такія як Афганістан і Стамбул, са сваім піяніна, каб прынесці мір і падтрымку тым, хто мае ў гэтым патрэбу праз музыку.
Цяпер, у сувязі з ваеннымі дзеяннямі ва Украіне, Мартэла здзейсніў 15-гадзінную паездку да польскай мяжы, дзе цяпер адбываецца масавы выезд украінцаў з ахопленай вайной краіны. «Я проста хачу прывітаць бежанцаў», — сказаў ён пра свой жэст падтрымкі людзей, поўных страху і трывогі за сябе, сваіх блізкіх і сваю радзіму.
27-гадовы піяніст прыехаў у пункт перасячэння польска-украінскай мяжы. Ён абраў песню «Forever Young» музычнага гурта Alphaville. Намаганні Мартэла не засталіся незаўважанымі — бежанцы былі кранутыя да слёз. Некаторыя людзі падзяліліся сваімі думкамі ў сацыяльных сетках: «Выдатны жэст для людзей, якія перасякаюць мяжу. Прыгожая музыка. Гукі свабоды, а не гарматныя выбухі»»
У іншай нататцы сказана: «Кранальна… Выдатна … Брава! У нашых сэрцах ёсць патрэба ў надзеі і прыгажосці… яна да гэтага часу існуе… выдатны спосаб нагадаць сабе аб гэтым».
Адна з жанчын далучылася да піяніста, каб выканаць песню гурта Queen «We Are the Champions». Мартэла часта параўноўваюць з персанажам Эдрыена Броўдзі ў фільме «Піяніст», які таксама граў на памежным пераходзе Корчава.
Інструмент нямецкага піяніста выраблены на замову такім чынам, каб музыка мог падарожнічаць па свеце разам з ім і даваць імправізаваныя канцэрты, дзе б ён ні спыняўся. Спачатку ён ставіў сваё піяніна на спецыяльна распрацаваны трэйлер, але калі яго транспартны сродак зламаўся падчас паездкі ў ЗША, яму давялося адаптаваць свой спосаб перамяшчэння. Ён дадаў да піяніна колы, каб яго можна было лёгка змясціць у каляску, а потым прымацаваць да свайго ровара. Інструмент мае ўбудаваную батарэю і дынамік, каб музыку было чуваць на вялікай адлегласці.
Па матэрыялах CREDO
пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!