Маскоўскі Патрыярхат: размовы аб аб’яднанні Цэркваў не ідзе

Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён

Ніякай размовы аб аб’яднанні Цэркваў не ідзе ні на афіцыйным, ні на неафіцыйным узроўні, — падкрэсліў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату.

Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён спаслаўся на словы перапрашэння Папы Францішка ў бок праваслаўных, якія прагучалі нядаўна ў Грэцыі. Гэту заяву, паводле іерарха Рускай Праваслаўнай Царквы, “можна лічыць важным укладам у нармалізацыю адносін паміж праваслаўнымі і католікамі”.

“Гаворкі аб аб’яднанні двух Цэркваў ніхто не вядзе, таму што падзелы існуюць вельмі доўга, назапасілася шмат супярэчнасцей – па сутнасці, дзве Царквы жывуць самастойным жыццём ужо амаль дзесяць стагоддзяў”, — адзначыў іерарх, якога цытуе афіцыйны сайт Маскоўскага Патрыярхату.

Для Іларыёна значнымі праблемамі з’яўляюцца “адрозненні ў разуменні асноватворных хрысціянскіх догматаў і ў пытанні шанавання святых”. “Таму ніякай гаворкі аб аб’яднанні не ідзе, але гаворка можа ісці аб тым, каб мы спынілі, нарэшце, сітуацыю суперніцтва, канкурэнцыі, варожасці, якая існавала на працягу многіх стагоддзяў”, — заявіў ён.

Мітрапаліт Валакаламскі нагадаў, што словы Францішка – далёка не першае перапрашэнне ў адрас праваслаўных з боку Рымскіх Пантыфікаў, “такія словы прамаўлялі і яго папярэднікі, яны наўпрост гаварылі пра шматлікія памылкі, дапушчаныя католікамі ў адносінах да праваслаўных”.

У ліку такіх памылак Іларыён згадаў, у прыватнасці, насілле, якое ўжывалася часамі ў адносінах да праваслаўных, а таксама стварэнне ўніі, “якая да гэтага часу служыць падзяляльным фактарам для вернікаў”. “Па сутнасці, католікі спрабавалі розным чынам, усімі праўдамі і няпраўдамі звярнуць праваслаўных у каталіцтва”, — лічыць высокі іерарх Рускай Праваслаўнай Царквы.

Нагадаем, як заявіў Папа Францішак і пазней пацвердзіў сам Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату праз некалькі дзён збіраецца з візітам у Ватыкан, дзе адбудзецца яго сустрэча з Папам. Падчас яе плануецца “абмеркаваць шырокае кола пытанняў, якія датычацца двухбаковых адносін паміж Цэрквамі”. Сярод гэтых пытанняў Мітрапаліт Валакаламскі назваў “магчымую ў далейшым” сустрэчу Папы з Патрыярхам, дадаючы, што “ні месца, ні дата пакуль не вызначаны”.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку