(Працяг. Пачатак глядзі тут>>).
Пасля паўторнага заняцця Мінска адносіны савецкіх уладаў да польскага насельніцтва сталі вельмі недаверлівымі і падазронымі, асабіва да ксяндзоў. Ксяндзы, якія працавалі ў мінскіх касцёлах, баючыся арышту, пакінулі горад. Пробашч катэдральнага касцёла мінскі дэкан ксёндз Святаполк-Мірскі таксама выехаў з горада, даручаючы мне выкананне яго абавязкаў.
10 мая 1919 г. а першай гадзіне да касцёла звярнуліся працаўнікі Надзвычайнай Камісіі (ЧК) для правядзення рэвізіі маёмасці зямян навакольных маёнткаў, складзенай у падзямеллях касцёла. Пасля таго як адкрылі куфары, яны бралі дамскую бялізну і развешвалі яе ў касцёле. Я катэгарычна запратэставаў, адзначаючы, што яны маюць права правесці рэвізію і нічога больш. Камісар яўрэй Эльберт не жадаў спыніць прафанацыю святыні. Прысутныя пры рэвізіі парафіяне, бачачы, што мае словы не маюць ніякага эфекту, схапілі за каўнер Эльберта і хацелі выкінуць яго з касцёла. Эльберт змог дастаць рэвальвер і, адстрэльваючыся, пачаў уцякаць з касцёла. У той час савецкі патруль, які праходзіў праз катэдральны пляц, палічыўшы, што мае справу са злодзеем, выстраліў, але, на шчасце, не трапіў у Эльберта. Пасля салдаты ўварваліся ў катэдру, арыштавалі мяне і некалькі парафіян і перавезлі нас у Галоўную камендатуру міліцыі, а пасля ў турму.
Увечары адбыўся суд, які прысудзіў мяне да смяротнага пакарання (Справа па абвінавачанні «в сопротивлении изъятию церковных ценностей». Абвінавачаны адзін чалавек – Усас Браніслаў Мацвеевіч – заўв. Р.З.). Да 23 мая я знаходзіўся ў мінскай турме, пасля мяне перавезлі ў катаржную турму ў Смаленску. На маё шчасце, літоўскі ўрад арыштаваў кіраўніка тамтэйшых камуністаў Міцкевіча-Капсюкаса, імя якога носіць Віленскі ўніверсітэт, раней – [імя] Стэфана Баторыя. Літоўскі ўрад паведаміў савецкаму ўраду ў Маскве, што прапануе абмен закладнікамі. За перадачу савецкім уладам Капсюкаса ён жадае выдачы ўсіх дзеячаў, асабліва ксяндзоў-літоўцаў, якія знаходзяцца у савецкіх турмах, пакідаючы права літоўскаму ўраду пазбавіць жыцця Капсюкаса і яго таварышаў, калі савецкі ўрад расстраляе каго-небудзь з літоўскіх закладнікаў.
Хутка дайшло да факту замены. 20 ліпеня нас, літоўскіх закладнікаў у колькасці 15 чалавек, у тым ліку 13 мужчын і 2 жанчын, вывезлі са Смаленска ў Дынабург. Адтуль пехатою нас пагналі да Нова-Аляксандраўска – 24 вярсты. Тут мы начавалі ў турме, а назаўтра нас пасадзілі на двуконныя вайсковыя вазы, завязалі вочы, звязалі рукі і пад канвоем павезлі на расійскія пазіцыі, дзе паміж расійскімі і літоўскімі акопамі каля вёсак Дэгулі і Дангелі былой Ковенскай губерні а 2.30 у начы наступіў абмен закладнікамі. За 15 літоўскіх закладнікаў Расія атрымала 38 камісараў. Быў гэта хіба што адзіны абмен закладнікамі, здзейснены ў акопах.
[арк. 20] Пасля абмену нас прывезлі ў Коўна, сталіцу Літвы, дзе я падзякаваў літоўскаму ўраду за атрыманне свабоды, а на прапанову застацца ў Літве прасіў аб магчымасці вярнуцца ў Польшчу, заявіўшы, што хоць я і літвін па паходжанні, але як каталіцкі святар, працуючы сярод палякаў і будучы арыштаваным як польскі закладнік, паляк, пасля вядомай страляніны ў мінскай катэдры, атрымаўшы свабоду, лічу сваім маральным абавязкам вярнуцца ў Польшчу з мэтай прыспешыць справу абмену польскіх закладнікаў, якія знаходзяцца ў расійскіх турмах у вельмі цяжкіх умовах.
Таксама я адзначыў, што мой бацька, будучы заснавальнікам Літоўскага таварыства ўзаемнай дапамогі ў Пецярбургу, а таксама і я, выхаваныя ў традыцыях Гарадзельскай уніі, заўсёды лічылі, што Польшча і Літва павінны быць адной федэратыўнай дзржавай, а пэўныя варожыя адносіны паміж палякамі і ліцвінамі ёсць і будуць яшчэ большай крыўдай і няшчасцем для абодвух народаў. Мушу прызнаць, што ў гэтым сэнсе ліцвіны паказалі надзвычайную талерантнасць і зразуменне, чаго палякі хіба што ніколі б не зрабілі, і на маю просьбу далі мне магчымасць выехаць у Вільню, якая нядаўна была занятая легіёнамі Пілсудскага.
Пасля прыезду ў Вільню першы візіт я зрабіў да віленскага ксяндза-біскупа Ежы Матулевіча, які ведаў мяне яшчэ з пецярбургскіх часоў, калі ён некалькі гадоў быў выкладчыкам у Духоўнай акадэміі. Прысутныя на аўдыенцыі айцы-езуіты прапанавалі мне пасяліцца ў іх кляштары пры касцёле св. Казіміра да моманту магчымасці вяртання ў Мінск.
Ксёндз-біскуп Матулевіч параіў мне напісаць дакладную запіску па справе польскіх закладнікаў у Расіі і прадставіць яе асабіста прысутнаму ў Вільні кіраўніку дзяржавы Юзафу Пілсудскаму. Паслухаўшы парады, за два дні я распрацаваў падрабязную дакладную запіску, якую 8 жніўня 1919 г. прадставіў у канцылярыю каменданта. Назаўтра маршалак Пілсудскі праз свайго ад’ютанта запрасіў мяне на асабістую сустрэчу, для абмеркавання пытанняў, закранутых у ёй.
Між іншымі справамі, па даручэнні закладнікаў мінскай зямлі, я закрануў пытанне паскарэння здзяйснення абмену, адзначаючы, што большая частка закладнікаў доўгі час сядзіць за кратамі, церпяліва зносячы ўсе абразы. Набліжаецца зіма. Пануе эпідэмія плямістага тыфу. Не хапае бялізны, цёплай вопраткі, а тым часам колькасць закладнікаў павялічваецца. І калі 23 ліпеня 1919 г. я пакідаў Расію, іх лічба з Міншчыны складала каля 200 чалавек. Наймалодшая – Іза Валовічаўна – вучаніца жаночай школы ім. Эміліі Плятэр у Мінску [арк. 21], мае 15 гадоў, а найстарэйшая – пані Вайнілавічувна – мае 82 гады. Большая частка закладнікаў не належыць да заможнага класу. Гэта пераважна рабочыя – тэхнічныя супрацоўнікі, працаўнікі розных кантор, эканомы, настаўнікі і настаўніцы, лекары і г.д., якія пакінулі сем’і без аніякіх сродкаў да жыцця. Таму закладнікі прасілі, каб польскі ўрад паклапаціўся пра іх сем’і і паказаў такім чынам, што ён неабыякавы і дбае пра жыццё сем’яў тых грамадзян, якія, будучы вернымі сынамі сваёй айчыны, не выракліся прыналежнасці да польскага народа.
Начальнік дзяржавы Юзаф Пілсудскі, былы шматгадовы вязень у Сібіры часоў царызму, на сабе зведаў жахі жыцця ў расійскіх турмах. Таму цяпер з вялікім клопатам выпытваў мяне пра найменшыя падрабязнасці ўмоў жыцця польскіх закладнікаў, абяцаючы са свайго боку зрабіць усё магчымае, каб паскорыць тэрмін іх вызвалення. Што да маёй асобы, то таксама аказаў вялікі клопат, дазваляючы мне вярнуцца ў Мінск адразу ж пасля яго заняцця палякамі.
8 жніўня 1919 года польскія легіёны ўвайшлі ў Мінск. Пасля рамонту чыгуначных шляхоў, якія злучалі Мінск з Вільняй, першым таварным цягніком, каторым ехалі польскія ўраднікі, каб заняць адміністрацыйныя пасады, выехаў з Вільні ў Мінск і я.
Заняцце Мінска польскімі войскамі выклікала ўвядзенне польскай адміністрацыі, што, вядома, адразу ж адбілася на павышэнні дабрабыту польскіх грамадзян, якія жылі на мінскай зямлі. Былі не толькі ліквідаваны ўсе ранейшыя абмежавальныя і крыўдныя для польскага насельніцтва распараджэнні, але з боку новай адміністрацыі працаўнікі, якія, за малым выключэннем, былі на адпаведным узроўні, клапаціліся пра дабро землякоў. На чале Мінскай акругі польскімі ўладамі быў прызначаны малады юрыст Уладзіслаў Рачкевіч (нядаўна памерлы ў Любліне як эміграцыйны прэзідэнт РП), які падчас рэвалюцыі ў Расіі быў Старшынёй саюзу польскіх жаўнераў у расійскім войску і адыграў сур’ёзную ролю ў фарміраванні корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску. Гэта быў энергічны адміністратар перадавых поглядаў, з боку якога я меў вялікую дапамогу ва ўсіх справах, з каторымі да яго звяртаўся. Яго шанавалі не толькі палякі, але і яўрэі, і беларусы.
Пасля вяртання ў Мінск я адразу ж аднавіў працу па адбудове падамініканскага касцёла. Мяне выбралі ў Раду горада. Амерыканская місія (American Relief Administration, ARA – заўв. Р.З.), якая клапацілася пра бедных дзяцей, выбрала мяне сваім упаўнаважаным, а мінскае насельніцтва – Старшынёй камітэта [арк. 22] дапамогі дзецям. Па даручэнні Амерыканскай місіі штодня я карміў на Міншчыне 65 тысяч дзяцей. Каб паказаць маю працу ў Камітэце дапамогі дзецям, прыводжу частку ліста Амерыканскай місіі ад 18 мая 1920 г. да кіраўніка Мінскай акругі, дзе, сярод іншага, чытаем: “…Найлепшыя сілы грамадства прыйшлі нам з дапамогай і Мінскі камітэт на працягу ўсяго года сваёй дзейнасці быў заўсёды ўзорам ладу і выніковасці ў дасягнутых выніках. У суседніх камітэтах часта сустракаем неразуменне нашых прынцыпаў, фальшывае кіраванне і пасіўнасць членаў усёй каманды, а Мінскі камітэт заўсёды даваў доказы сапраўднага клопату пра справу і мудрага кіравання. У іншых камітэтах у нас ёсць шэраг злоўжыванняў, у асобных сталоўках і ўстановах, з якімі трэба змагацца, а ў Мінскім камітэце акцыя рэалізуецца так, што ўмяшальніцтва Цэнтра зусім не патрэбна, і не было тут аніводнага выпадку растраты. Толькі што рэалізаваная Мінскім камітэтам раздача 18 тысяч камплектаў вопраткі для самай беднай дзятвы з’яўляецца ўзорам умелай арганізацыі і справядлівага падзелу.
Абшар тэрыторыі і ўмовы камунікацыі ніколі не былі перашкодай для Мінскага камітэта, які дабраўся да самых далёкіх закуткоў і сёння атрымаў ад Цэнтра ў Варшаве 62 тысячы дзённых порцый у сваё распараджэнне.

Абвестка пра правядзенне рэкалекцый у падамініканскім касцёле ў Мінску (Бібліятэка Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, зборы кс. Браніслава Усаса)
Да такой дзейнасці Мінскага камітэта найбольш спрычыніўся ксёндз-рэктар Усас, якога Камітэт выбраў сваім старшынёй. Ксёндз Усас сваім розумам з лёгкасцю зразумеў змест нашай акцыі і ўзбагаціў яе прынцыпамі справядлівасці і братэрскай любові да ўсіх, хто патрабуе дапамогі.
Амерыканская місія і Дзяржаўны камітэт маюць поўны давер да ксяндза Усаса, а яго меркаванне часта бывае вырашальным у найважнейшых справах справаздачнасці аб харчаванні.
Таму таксама з нязмернай прыкрасцю мы даведаліся, што ксёндз-рэктар знаходзіцца напярэдадні выхаду з акцыі па патрабаванні сваёй духоўнай улады. Даведаўшыся пра гэта, мы звяртаемся да Шаноўнага Пана як першай асобы ў акрузе, просячы пра ўмяшальніцтва. Прагнем паведаміць Шаноўнаму Пану, што, працуючы ў яго акрузе, ужо год не бачым іншай асобы, якая б магла замяніць ксяндза Усаса, і перакананыя, што яго адстаўка будзе пачаткам згасання акцыі ў Мінскай акрузе”.
Падставай для напісання падобнага ліста былі наступныя акалічнасці: большасць каталіцкага духавенства мела эндэцкія перакананні. Я ж са студэнцкіх часоў меў прагрэсіўныя погляды, сацыялістычныя, і адпаведна са сваімі перакананнямі прамаўляў [арк. 23] прамовы на сходах грамадскіх арганізацый. Беручы пад увагу, што ў Мінску жылі тры найбольш шматлікія нацыянальнасці – палякі, беларусы і яўрэі, я лічыў, што істотныя інтарэсы польскага народа вымагаюць шанавання правоў беларусаў і яўрэяў. Атачаючы іх клапатлівай апекай, мы паўплываем на тое, што яны стануць прыхільнікамі польскай улады.
Ксёндз-біскуп Лазінскі таксама крытычна ставіўся да маіх палітычных поглядаў. Неаднаразова ён пераконваў мяне і заахвочваў, каб я поўнасцю прысвяціў сябе душпастырскай і навуковай працы ў Духоўнай семінарыі, дзе я ўжо быў прафесарам і пракуратарам. Некалькі ўплывовых грамадскіх дзеячаў у Мінску, у тым ліку два ксяндзы, якія мелі шавіністычна-эндэцкія перакананні, беручы пад увагу мае вышэйназваныя грамадскія погляды, намаўлялі ксяндза-біскупа Лазінскага адхіліць мяне ад кіравання працай у камітэце Амерыканскай місіі. Ліст упаўнаважанага Амерыканскай місіі інжынера Яна Сміглеўскага да пана Уладзіслава Рачкевіча меў, аднак, сур’ёзны вынік, і я і далей заставаўся на пасадзе старшыні аж да ліпеня 1920 г., калі з польскімі ўладамі павінен быў пакінуць Мінск.
Успамінаючы імя інжынера Яна Сміглеўскага, мушу адзначыць, што насельніцтва Мінска шмат у чым было яму абавязана. Акрамя супрацоўніцтва са мной у Камітэце дапамогі дзяцям, інжынер Сміглеўскі аказваў мне значную дапамогу ў арганізацыі і кіраванні швейнай майстэрняй па пашыве бялізны для войска, у якой мы далі працу каля 200 жанчынам. Інжынер Сміглеўскі пастаянна падтрымліваў любую маю ініцыятыву, дапамагаючы не толькі сваімі эфектыўнымі парадамі, але вельмі часта і ўмяшальніцтвам да адпаведных уладаў, у якіх ён карыстаўся вялікай павагай, дзякуючы чаму вельмі аблягчаў мне рэалізацыю маіх пачынанняў і планаў.
Пасля заняцця польскім войскам Мінска 8 жніўня 1919 г. польскія ўлады вырашылі, што дзяржаўныя архівы знаходзяцца ў гаротным стане. Архіў размяшчаўся ў даўнейшым пабернардзінскім касцёле, дзе працякаў дах, і значная частка дакументаў згніла. Дакументы былі неўпарадкаваныя, не было вопісаў. Паколькі не было прафесійных архівістаў і немагчыма было заангажаваць спецыялістаў, па парадзе інжынера і дырэктара Корзана – старшыні мясцовага Аддзела таварыства аховы помнікаў – звярнулася да мяне Грамадзянская адміністрацыя ўсходніх зямель з просьбай заняць пасаду кіраўніка архіва. У адказе я адзначыў, што мне не хапае часу з-за маёй працы ў касцёле, у семінарыі, у камітэце дапамогі дзецям, у саюзе хрысціянскай дэмакратыі – гэта абсалютна не пакідае мне вольнага часу. У выніку я згадзіўся на гэтую пасаду пад умовай, што буду займаць яе да моманту знаходжання адпаведнага спецыяліста.
Лістом ад 12 сакавіка 1920 г. Генеральны камісар Адміністрацыі ўсходніх зямель прызначыў мяне кусташам Дзяржаўнага архіва ў Мінску. На гэтай пасадзе я знаходзіўся да моманту выезду з Мінска [арк. 24] праз заняцце яго савецкімі войскамі. Маючы ў дапамогу толькі аднаго чалавека, я быў вымушаны абмежаваць працу выключна да перавозкі ў архіў актаў з устаноў былых расійскіх уладаў і іх адпаведнай сарціроўцы. Падрабязную справаздачу аб гэтай рабоце я выслаў у Вільню ў Генеральны камісарыят першага архіўнага аддзела 22 мая 1920 г. Акрамя гэтага асабіста правёў разбор дакументаў, што датычылі скасаваных кляштараў на Міншчыне, якія, на жаль, насілі сляды рабаўніцкага гаспадарання маіх папярэднікаў, паколькі ўтрымлівалі недахопы шэрагу дакументаў, вырваных з папак варварскім спосабам.
Што датычыць адбудовы падамініканскага касцёла пасля майго вяртання з турмы ў Смаленску, мушу з удзячнасцю ўзгадаць аб беcкарыснай працы інжынера-архітэктара Антона Краснапольскага, які ад першай хвіліны заняцця намі падамініканскага будынка апрацоўваў усе планы і праекты адбудовы, клапоцячыся адначасова і аб іх зацвярджэнні ў адпаведных установах адміністрацыі, заўсёды з радасцю служачы сваімі парадамі і вопытам.
У літургічным жыцці касцёла я ўвёў шэраг інавацый, якія да таго часу не практыкаваліся ў Мінску. Касцёл быў адкрыты на працягу ўсяго дня – ад 6 раніцы да 19 увечары. Св. Імшы ў буднія дні адбываліся а 6, 7, 8 і 9 раніцы, прычым на кожнай імшы Евангелле чыталася па-польску непасрэдна пасля лацінскага тэксту. Я таксама ўвёў штодзённае вячэрняе набажэнства а 19 гадзіне. Пры касцёле арганізаваў хор з 40 чалавек. У 1919 годзе пасля перамоваў з айцамі-рэдэмптарыстамі з Варшавы зладзіў рэкалекцыі для католікаў, якія адбываліся ад 19 да 23 кастрычніка ўключна пад кіраўніцтвам айца Гурскага і пры ўдзеле двух іншых рэдэмптарыстаў.
Па просьбе ваенных уладаў я даў згоду на тое, каб падамініканскі касцёл быў прызнаны гарнізонным. Палявы біскуп Станіслаў Гал прызначыў вайсковым капеланам айца-езуіта Пільха, якому для дапамогі ў душпастырскай працы ксёндз-біскуп Зыгмунт Лазінскі даў ксяндза Антонія Александровіча. Абодва пасяліліся пры маім касцёле і аказаліся добрымі душпастырамі, дзякуючы чаму набажэнствы, а асабліва казанні, якія яны прамаўлялі, прыцягвалі да касцёла ўсё больш людзей.
У сувязі з тым, што ксяндзы з катэдральнага касцёла былі абцяжараныя душпастырскай працай, па просьбе пробашча ксяндза Леона Святаполк-Мірскага я згадзіўся бескарысна абслугоўваць хворых гарадскога шпіталя на Траецкай гары. Гэтыя абавязкі я выконваў асабіста ўвесь час свайго знаходжання ў Мінску.
Працяг будзе.
Пераклад і падрыхтоўка Раісы Зянюк
