Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае ўбогай,
К табе я ў думках залятаю
І тут душою спачываю.
Якуб Колас. Паэма “Новая зямля”.
Вашы Эксцэленцыі, шаноўныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў, дарагія пілігрымы, браты і сёстры ў Хрысце.
Пагадзіцеся, што гэтыя радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” як ніколі сёння, асаблівым чынам можна аднесці да Будслава. Бо “Родны кут” — гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць з любоўю. Гэта месца асабліва прасякнутае бацькоўскім клопатам пра сваіх дзяцей. Месца, дзе чалавек “адпачывае душою”, дзе загойваюцца духоўныя раны і дзе аднаўляюцца сілы, патрэбныя для жыцця і для таго, каб выкараскацца з нагрувашчаных праблем і цяжкасцей. Тут, у Будслаўскай святыні, заўсёды чакае нас любячае Сэрца нашай Нябеснай Маці – Сэрца напоўненае любоўю і няспыннай малітвай за кожнага з нас. Тут мы асабліва адчуваем моц Яе ўсемагутнага Матчынага заступніцтва.
Як звычайна, мы прыходзім у гэтае месца са шматлікімі нашымі просьбамі. Не толькі прыносім Божай Маці свае асабістыя справы, але асаблівым чынам складаем перад Яе Тронам клопат пра лёс нашай краіны і ўсяго свету, які перажывае няпростае выпрабаванне. З вялікай надзеяй просім паратунку ад хвароб як фізічных – асабліва трываючай эпідэміі каранавіруса, — так і духоўных, спадзяючыся, што і гэтым разам нас выслухае. Так як выслухоўвала на працягу вякоў малітвы нашых продкаў, якія прасілі Яе заступніцтва перад Богам тут, у Будслаўскай святыні. Просім супакою для нашай Бацькаўшчыны і паспяховага вырашэння праблем існуючых у грамадска-палітычным жыцці. Каб Беларусь стала па-сапраўднаму Краінай для жыцця – годнага жыцця кожнага грамадзяніна.
Напэўна не існуе магчымасці падлічыць, колькі ружанцаў, літаній, малітваў сэрца выслухоўвае Божая Маці. Аднак Яна няспынна імкнецца “перанакіраваць” нашую ўвагу на Свайго Сына. Нават трымаючы Яго маленькага на сваіх руках, нібы кажа нам: вось, Ён тут галоўны. Ён усім кіруе і да Яго належыць найвышэйшая Улада.
А таму, звяртаючыся да Бога, перадусім трэба памятаць, што не толькі Ён “павінен” выслухоўваць нашыя малітвы, але гэта мы, у першую чаргу павінны выслухоўваць, прымаць Ягонае Слова. Быць Яму паслухмянымі.
Ягонае Слова сапраўды дае нам надзею, падтрымлівае нас духоўна. І сёння чуем з вамі з вуснаў прарока Сафоніі: “ Не бойся!… Няхай не слабнуць рукі твае! Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць!… Я забяру ад цябе нядолю, каб не было больш на табе сораму” (Саф 3, 16-18). А разам з тым Бог кажа праз Апостала народаў: “Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю…, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве – трывалыя… Благаслаўляйце тых, хто пераследуе вас, благаслаўляйце, а не праклінайце… Будзьце аднамысныя між сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных” (Рым 12, 9-16б).
Тым, што нас матывуе кіравацца Божым Словам, якое не толькі падтрымлівае духоўна, але і ставіць пэўныя вымаганні, з’яўляецца Божы аўтарытэт. І гэта тое, на што сёння, на жаль, нярэдка “кульгае” наша вера – ёй часта не хапае менавіта Божага аўтарытэту. Мы верым у Бога. Але наколькі Ягонае Слова мае ўплыў на наша жыццё? Наколькі Яго Слова з’яўляецца для мяне несумніўным і беспамылковым? Наколькі кіруюся Ім у асабістым жыцці? Гэта пытанні, на якія сёння не так лёгка знаходзіць адказ нават той, хто лічыць сябе практыкуючым веруючым. Прычына – усё той жа недахоп Божага аўтарытэту.
Прычыны таму могуць быць розныя. Адна з іх, як мне здаецца, уласцівая для нашага асяроддзя, крыецца ў тым, што мы прызвычаіліся мець у аўтарытэце тых, хто паказвае сваю сілу. Хто патрапіць здамінаваць, паказаць, як кажуць, “свае зубы” ці трымаць у “вожыкавых рукавіцах” або “у абцугах”. Вось тады гэта “аўтарытэт”!
А Бог? Тут узнікае пытанне. Бо Ён нікога не трымае ў “вожыкавых рукавіцах”, не хваліцца сваёй сілай, хоць трымае ў сваіх руках сусвет і добра ведае, што да Яго належыць апошняе слова! Нікога не знявольвае і, нават калі хтосьці выразна і “па-нахабнаму” ідзе насуперак Яго Божай волі, да канца шануе вольны выбар чалавека. Наадварот, Бог міласэрны і ласкавы, шматміласцівы і доўгацярплівы, і не хоча смерці грэшніка, але каб той навярнуўся і жыў! (Із 33,11). На жаль, гэтыя якасці не карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў свеце, а праз гэта, на жаль, і Бог, нярэдка губляе свой аўтарытэт у нашых вачах.
І гэта вельмі небяспечна для нас. Небяспечна перадусім у перспектыве ўласнага збаўлення. Бо вучань, які не мае ў аўтарытэце свайго настаўніка, перастае быць вучнем і пераўтвараецца ў слугу “дрэннага і нягоднага”, які рызыкуе патрапіць у “вонкавую цемру” дзе будзе “плач і скрыгатанне зубоў” (Мц 25,30). Небяспечна гэта і ў жыцці грамадскім. Бо калі Бог міласэрны і ласкавы, Той, Які ёсць “дарогай, праўдай і жыццём” не будзе нашым аўтарытэтам, не будуць у аўтарытэце і людзі, якія імкнуцца быць падобныя да Бога ў сваёй праўдзівасці, шчырасці, мудрасці, адказнасці, ахвярнасці. А менавіта такіх людзей мы заўсёды шукаем. З такімі людзьмі хочам звязваць сваё жыццё і такіх людзей хочам бачыць на адказных пасадах. Такім людзям мы хочам даручаць наша здароўе, адукацыю, вытворчасць, адміністрацыю, нарэшце ўладу. Таму пытанне Божага аўтарытэту сапраўды нібы ўвенчвае пытанне нашай веры! Так як дах увенчвае ўвесь будынак.
І вось ён, знак, перад нашымі вачыма. Згарэлы дах на Будслаўскай базіліцы. Напэўна гэта было з Божага дапушчэння, і, так разумею, не без згоды Божай Маці. Базіліка, якая з’яўляецца сімвалам, знакам нашай веры і якая праз пажар засталася без даху. Вера, як муры касцёла, засталася.
А Божы аўтарытэт? Няхай гэтае здарэнне паставіць перад намі такое пытанне. Калі ён у нашым жыцці знік, належыць яго адбудаваць, а калі застаўся – варта паклапаціцца, каб яго ўмацаваць.
Няхай адбудова даху над Будслаўскай святыняй стане сімвалам і знакам адбудовы і ўмацавання Божага аўтарытэту ў нашым асабістым і грамадскім жыцці. А сам Будслаў няхай заўсёды будзе для нас тым “Родным кутом”, дзе можа адпачыць паяднаная з Богам кожная людская душа.
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі, старшыня ККББ
Будслаў, 03.07.2021г.,св. Імша апоўначы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!