ДЭКРЭТ
асаблівыя індульгенцыі даюцца з нагоды Юбілейнага Года Святога Юзафа, абвешчанага Папам Францішкам у гонар 150-годдзя абвяшчэння Святога Юзафа заступнікам Паўсюднага Касцёла.
Сёння спаўняецца 150 гадоў з часу публікацыі дэкрэта Quemadmodum Deus, у якім благаслаўлёны Пій IX, узрушаны цяжкімі і сумнымі абставінамі, у якіх апынуўся аслаблены чалавечай варожасцю Касцёл, абвясціў Святога Юзафа Апекуном Каталіцкага Касцёла.
Каб увекавечыць даручэнне ўсяго Касцёла магутнаму заступніцтву Апекуна Езуса, Папа Францішак пастанавіў, што ад сённяшняга дня, гадавіны абвяшчэння гэтага Дэкрэта і дня, прысвечанага Найсвяцейшай і Беззаганнай Дзеве і Абранніцы Найчысцейшага Юзафа, да дня 8 снежня 2021 г. будзе адзначацца асаблівы Год Святога Юзафа, на працягу якога кожны вернік па яго прыкладзе зможа кожны дзень умацоўваць уласнае жыццё веры, каб цалкам рэалізаваць Божую волю.
Такім чынам, усе вернікі будуць мець магчымасць удзелу праз малітву і добрыя ўчынкі, з дапамогай святога Юзафа, галавы нябеснай Сям’і з Назарэта, у справе атрымання суцяшэння і падтрымкі ў цяжкіх асабістых і грамадскіх праблемах, якія непакояць сучасны свет.
Адданасць Апекуну Адкупіцеля шырока развівалася на працягу гісторыі Касцёла, які не толькі аддае яму найвышэйшы гонар пасля Маці Божай і Яго Абранніцы, але і даверыў яму шматлікае апякунства.
Настаўніцтва Касцёла ўсцяж нанова адкрывае даўнейшую і новую веліч гэтага скарбу, якім з’яўляецца святы Юзаф, і як гаспадар дома з Евангелля паводле св. Мацвея «вымае са сваёй скарбніцы рэчы новыя і старыя» (Мц 13, 52).
Дар індульгенцый (адпустаў), які Апостальская Пэнітэнцыярыя гэтым Дэкрэтам у адпаведнасці з воляй Папы Францішка міласціва даруе ў Год Святога Юзафа, будзе вельмі карысным для дасягнення намечанай мэты.
Поўны адпуст пры спаўненні звычайных умоваў (сакрамантальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца) удзяляецца вернікам, якія, выракшыся ў духу ўсякага граху, будуць удзельнічаць у падзеях Года Святога Юзафа ў парадку, устаноўленым гэтай Апостальскай Пэнітэнцыярыяй.
- а. Святы Юзаф, сапраўдны чалавек веры, запрашае нас, каб мы наноў адкрылі сваю сыноўскую сувязь з Айцом, аднавілі вернасць малітве, услухоўваліся і з глыбокай пранікнёнасцю адказвалі на Божую волю. Поўны адпуст атрымліваюць тыя, хто не менш за 30 хвілін будзе разважаць над малітвай Пана (Ойча наш), альбо прымуць удзел прынамсі ў адным дні засяроджання з медытацыяй пра святога Юзафа.
- б. Евангелле надае Святому Юзафу тытул «справядлівы чалавек» (Мц 1, 19): ён, ахоўнік «унутранай таямніцы, якая знаходзіцца ў глыбіні сэрца і душы» [1], захавальнік таямніцы Бога і, такім чынам, асаблівы Апякун унутранай прасторы, які заахвочвае нас да адкрыцця каштоўнасці маўчання, разважлівасці і сумленнасці ў выкананні нашых абавязкаў. Дабрадзейнасць справядлівасці, якую Юзаф узорна практыкуе — гэта поўнае прыняцце Божага закона, які з’яўляецца законам міласэрнасці, «бо менавіта Божая міласэрнасць вядзе да паўнаты сапраўднай справядлівасці» [2]. Такім чынам, тыя, хто па прыкладу Святога Юзафа, выканаюць учынак міласэрнасці для цела ці для душы, змогуць атрымаць дар поўнага адпусту.
- в. Самае істотнае ў пакліканні Юзафа — быць апекуном Святой Сям’і з Назарэта, абраннікам Найсвяцейшай Панны Марыі і законным бацькам Езуса. Каб усе хрысціянскія сем’і былі заахвочаныя аднавіць той самы клімат унутранага адзінства, любові і малітвы, у якім жыла Святая Сям’я, поўны адпуст удзяляецца за малітву на Святым Ружанцы ў сем’ях і паміж заручанымі.
- г. Слуга Божы Пій XII 1 мая 1955 г. устанавіў свята Св. Юзафа Рамесніка, «каб годнасць працы была прызнана ўсімі і каб яна натхняла так грамадскае жыццё як і заканадаўства, заснаванае на роўным размеркаванні правоў і абавязкаў» [3]. Такім чынам, скарыстацца поўным адпустам зможа кожны, хто штодня будзе даручаць сваю працу апецы Святога Юзафа, а таксама кожны вернік, які будзе маліцца аб заступніцтве Рамесніка з Назарэта, каб кожны, хто шукае працу, мог яе знайсці, а праца ўсіх каб была больш годнай.
- д. Уцёкі Святой Сям’і ў Егіпет «паказваюць нам, што Бог знаходзіцца там, дзе чалавеку пагражае небяспека, дзе чалавек пакутуе, дзе ён уцякач, дзе адчувае адзіноту і пакінутасць» [4]. Такім чынам, поўны адпуст удзяляецца вернікам, якія будуць чытаць Літанію да святога Юзафа (у лацінскай традыцыі), альбо Акафіст да святога Юзафа — цалкам альбо, прынамсі, часткова (у візантыйскай традыцыі), альбо іншую малітву да святога Юзафа, уласцівую іншым літургічным традыцыям у інтэнцыі Касцёла, які пераследуецца ad intra i a extra, а таксама ў інтэнцыі палёгкі ўсім хрысціянам, якія церпяць якую-кольвечы форму пераследу.
Святая Тэрэза Авільская прызнала святога Юзафа апекуном у любых жыццёвых абставінах: «Іншым святым, здаецца, Пан даў ласку дапамагаць [нам] у адной патрэбе, а гэты слаўны Святы — я гэта адчула — падтрымлівае [нас] ва ўсіх» [5]. Бліжэй нашага часу Святы Ян Павел II пацвердзіў, што постаць святога Юзафа набывае «асаблівую актуальнасць для Касцёла нашага часу ў сувязі з новым Тысячагоддзем хрысціянства» [6].
Каб зноў пацвердзіць універсальнасць заступніцтва святога Юзафа ў Касцёле, акрамя вышэйзгаданых абставінаў, Апостальская Пэнітэнцыярыя дае поўны адпуст вернікам, якія будуць прамаўляць кожную, зацверджаную Касцёлам малітву альбо акт адданасці ў гонар святога Юзафа, напрыклад, «Да Цябе, Святы Юзэфе», асабліва ў днях 19 сакавіка і 1 мая, у свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, у Нядзелю Святога Юзафа (у візантыйскай традыцыі), 19-га чысла кожнага месяца і ў кожную сераду, якая паводле лацінская традыцыі – з’яўляецца днём ушанавання гэтага Святога.
У сучасным кантэксце санітарнай небяспекі дар поўнага адпусту распаўсюджваецца асабліва на састарэлых, хворых, паміраючых і ўсіх, хто па аб’ектыўных прычынах не можа выйсці з дому, і хто ў сваім духу выракаючыся ўсялякага граху, з намерам выканаць, як толькі гэта будзе магчыма, звычайныя ўмовы Адпусту, прамовяць у сваім доме ці месцы, дзе затрымлівае іх перашкода, акт пабожнасці ў гонар Святога Юзафа, Надзеі хворых і Апекуна добрай смерці, ахвяруючы з даверам Богу цярпенні і цяжкасці асабістага жыцця.
Маючы на ўвазе душпастырскую зручнасць у перадачы Божай ласкі праз уладу ключоў, Пэнітэнцыярыя настойліва просіць святароў, якія маюць адпаведнае паўнамоцтва, каб ахвотна і ахвярна здзяйснялі цэлебрацыю сакраманту пакаяння і часта ўдзялялі святую Камунію хворым.
Гэты Дэкрэт дзейнічае ў Год Святога Юзафа, нягледзячы на якія-кольвечы іншыя пастановы.
Рым, у сядзібе Апостальскай Пэнітэнцыярыі, 8 снежня 2020 г.
Маўра Кард. П’ячэнца, Вышэйшы Пэнітэнцыярый
Кшыштаф Ныкель, Рэгенс
[1] Pius XI, Discorso in occasione della proclamazione dell’eroicità delle virtù della Serva di Dio Emilia de Vialar: L’Osservatore Romano, anno LXXV, n. 67, 20-21 marzo 1935, 1.
[2] Franciszek, Audiencja generalna (3 lutego 2016).
[3] Pius XII, Discorso in occasione della Solennità di San Giuseppe artigiano (1 maja 1955): Discorsi e Radiomessaggi di Sua Santità Pio XII, XVII, 71-76.
[4] Franciszek, Anioł Pański (29 grudnia 2013).
[5] Teresa z Avila, Księga życia mojego, wyd. Flos Carmeli, Poznań 2007, s. 90.
[6] Adhort. apost. Redemptoris Custos o świętym Józefie i jego posłannictwie w życiu Chrystusa i Kościoł (15 sierpnia 1989), 32.
Пераклад: Курыя Віцебскай дыяцэзіі паводле vatican.va
Шаноўныя святары няхай прачытаюць гэты Камунікат (спампаваць для друку>>) падчас парафіяльных аб’яваў на cв. Імшах 19 сакавіка ва Урачыстасць Св. Юзафа або ў V Нядзелю Вялікага посту.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
