Разважанне на 3 нядзелю Адвэнту. Год В. 13 снежня

Рака Ярдан

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 1, 6–8. 19–28

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб сведчыць пра Святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы, каб сведчыць пра Святло.

І вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: Хто ты? Ён абвясціў, і не выракся, і вызнаў: Я не Хрыстус.

І спыталіся ў яго: Дык хто ж? Ты Ілля?

І сказаў: Не.

Ты прарок?

І ён адказаў: Не.

Тады сказалі яму: Хто ж ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?

Ён сказаў: Я голас таго, хто кліча ў пустыні: раўняйце дарогу Пану, як сказаў прарок Ісая.

А пасланцы ж былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус,  ні Ілля, і ні прарок?

Ян сказаў ім у адказ: Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных.

Было гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

Евангелле распавядае нам пра дзейнасць Яна Хрысціцеля, які ў Бэтаніі ля Ярдану прапаведаваў і хрысціў тых, хто выказваў жаданне пакаяцца. Такая дзейнасць не магла застацца незаўважанай і ў гарадах. Таму да Яна прыходзілі і фарысеі, і святары, і левіты. Заўсёды добра, калі чалавек задае пытанні, калі шукае, спрабуе сумленна знайсці адказ. Ян не хаваецца ад пытанняў вучоных людзей. Аднак ён упэўнена сведчыць, што сам не з’яўляецца Месіяй. Ён усяго толькі пасланы, каб сведчыць пра Святло. Сваю ролю ён ацэньвае вельмі сціпла: «я не варты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных.» Асоба Яна Хрысціцеля важная не толькі для старажытных Ізраільцянаў, але і для нас. Гэты прарок паказвае, што ў Хрысце канцэнтруецца ўсё вучэнне Старога Запавету. Усе прарокі ўказваюць на Яго. Таму, калі мы хочам лепш зразумець Новы Запавет, нам трэба заглыбіцца ў старонкі і Старога Запавету. Місія прарокаў не скончылася з заканчэннем Старога Запавету. Яна працягваецца і сёння. Бог патрабуе нашага сведчання, каб сведчыць пра Яго. Столькі людзей яшчэ блукае ў цемры і не можа знайсці Святла! Перыяд Адвэнту вучыць нас, якім чынам мы можам яшчэ больш разбудаваць Божае Валадарства. Неабходна сваім жыццём даваць сведчанне аб Хрысце, прыйсця якога мы чакаем. Трэба сёння быць прарокам.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку