Разважанне на 2 нядзелю Адвэнту. Год В. 6 снежня

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 1, 1–8

Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарока Ісаі: Вось Я пасылаю Анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе дарогу Тваю. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

З’явіўся Ян, хрысцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрост пакаяння для адпушчэння грахоў. І выходзілі да Яго ўся краіна юдэйская і ўсе жыхары Ерузалема, і прымалі ад яго хрост у рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае. Ян жа насіў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх і еў саранчу і дзікі мёд. І прапаведаваў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.

Першы радок з сённяшняга Евангелля з’яўляецца праграмным радком для ўсяго Дабравесця. Што значыць слова “Евангелле”? Яно азначае літаральна: добрая навіна. У старажытнасці добрай навіной называлася нейкая выключная падзея кшталту перамогі над ворагам ці з’яўлення новага ўладара. Калі нарадзіўся будучы імператар Цэзар Аўгуст, хранапісцы так і запісалі :”Добрая навіна для свету”. Езус – гэта тая самая добрая вестка, якую чакалі многія пакаленні, і якую запаведалі прарокі. Што азначае імя Езус? Езус – гэта грэцкая форма імені Ешуа, што значыць “Бог збаўляе”. Такое імя меў ізраільскі правадыр, які ўвёў выбраны народ у абяцаную зямлю. “Хрыстос” азначае памазаны. Гэта таксама грэцкая форма слова Машыах. У старажытным Ізраэлі абрад памазання алеем праходзілі святары, каралі і прарокі. Ведаем, што Езус з’яўляецца і святаром, і каралём, і прарокам-настаўнікам. Таму невыпадкова, што Яго імя само ў сабе ўжо расказвае пра Яго місію. У самым пачатку Евангелля мы чытаем, што Езус – гэта сапраўдны Сын Божы. Гэта ёсць істотная праўда Евангелля. Езус – гэта той самы Месія, якога чакалі пакаленні нашых продкаў. Ён – Збавіцель свету і іншага няма і не будзе. Евангеліст Марк заклікае нас падрыхтаваць дарогу Месіі. Без Хрыста немагчымае ніякае ачышчэнне, ніякая перамена. Нам трэба зрабіць усё магчымае, каб Божая ласка заваладарыла ў нашым жыцці. Голас кліча на пустыні: “Падрыхтуйце дарогу Пану!” Часам трэба прайсці і праз пустыню, праз адзіноту, праз выпрабаванні, каб лепш і больш выразна адчуць і пачуць Бога. Чалавечае светаўспрыманне залежыць ад многіх фактараў, такіх як: уласны вопыт, уплыў акружэння, інфармацыя з розных бакоў. У Адвэнце мы вучымся канцэнтраваць нашую ўвагу на тым, што Божае. Нам патрэбна правільна расставіць прыярытэты ў сваім жыцці, каб Бог быў на першым месцы. Гэта і ёсць раўнанне сцежкі перад Ім, пра якое піша евангеліст Марк.

Разважанні падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку