Біскуп Алег Буткевіч цэлебраваў Імшу Вячэры Пана ў Віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага. У прысутнасці вернікаў і духавенства пастыр дыяцэзіі абмыў ногі дванаццаці мужчынам. Гэты абрад мае свае вытокі ў Евангеллі, якое распавядае пра абмыццё ног вучняў Езусам Хрыстом.
Сваё казанне біскуп Алег прысвяціў тэме пакоры і вернасці Божаму пакліканню, якое заключаецца ў любові адно да аднаго. Іерарх падкрэсліў, што той, хто пайшоў за голасам Хрыста, павінен мужна Яго трымацца і не здраджваць.
Напрыканцы набажэнства словы віншавання з Днём святарства прагучалі з вуснаў дзетак і дарослых парафіян Віцебскай катэдры. Яны падарылі біскупу Алегу і прысутным святарам кветкі і салодкія падарункі.
Вялікі Чацвер – гэта дзень, калі Езус устанавіў сакрамант святарства. У гэты дзень традыцыйна вернікі віншуюць сваіх пастыраў з “прафесійным” днём, складаючы пажаданні.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Кацярына Папяленка, Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота
