У Севастопалі 9 лістапада падчас сустрэчы афіцыйных прадстаўнікоў Масквы і Ватыкана была дасягнутая дамоўленасць аб вяртанні каталікам горада будынка касцёла пабудовы пачатку ХХ стагоддзя.
У савецкі час у будынку касцёла, размешчанага на плошчы Ушакова, знаходзіўся дзіцячы кінатэатр «Дружба», у апошнія гады будынак пустуе. На працягу многіх гадоў гарсавет адмаўляўся вярнуць будынак каталікам, бо кінатэатр з’яўляўся камунальным прадпрыемствам і не трапляў пад закон Украіны аб вяртанні рэлігійным арганізацыям культавых збудаванняў, паведамляе regnum.ru.
Таксама супраць перадачы будынка Каталіцкай Царкве выступала па-прарасійску настроеная грамадскасць горада, якая бачыла у вяртанні касцёла «украінізацыю рускага горада».
Пасля «рускай вясны» улады горада заявілі, што не плануюць выводзіць будынак з культурнай сферы, па гэтай прычыне зарэгістраваная ў траўні гэтага года каталіцкая парафія святога Клімента, настаяцелем якога з’яўляецца кс. Анатоль Клак, будзе абавязаная размясціць у будынку арган для правядзення канцэртаў арганнай музыкі.
Пасля рэстаўрацыі касцёл стане самым буйным на поўдні сучаснай расійскай тэрыторыі.
Падчас сустрэчы біскуп Яцэк Пыль уручыў ў дар гарадскім уладам Святы Ружанец, благаслаўлёны Папам Францішкам, а таксама рэліквію — абразы святога Яна Паўла II.
У Севастопалі пражываюць 328 чалавек, якія вызнаюць каталіцызм.
Касцёл святога Клімента быў пабудаваны ў 1905-1911 гадах з санкцыі імператара Мікалая IІ і быў да рэвалюцыі адзіным каталіцкім храмам у Севастопалі.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!