7 пасланняў Маці Божай Фацімскай, якіх свет патрабуе менавіта цяпер

13 мая — цудоўны ўспамін Фацімскай Божай Маці. Яна — наша магутная заступніца і ўзор дасканаласці, асабліва ў часы, калі ў культуры дамінуюць цялесныя грахі і грахі супраць чалавечнасці.

Маці Божая аб’яўлялася ў Фаціме шэсць разоў тром дзецям-пастушкам з 13 мая 1917 года па 13 кастрычніка 1917 года. Падчас сваіх аб’яўленняў Яна нагадвала пра малітву, пост і ахвяру дзеля ўстанаўлення міру ў свеце і навяртання грэшнікаў. Яна асабліва заахвочвала штодня маліцца на ружанцы.

Вось сем моцных пасланняў з аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме:

  1. Маці Божая: «Ці хочаце вы ахвяраваць сябе Богу, каб зносіць усе пакуты, якія Яму будзе ўгодна паслаць вам, як акт адплаты за грахі, якімі Яго абражаюць, і як акт малітвы аб навяртанні грэшнікаў?»
    Люцыя: «Так, хочам».
    Маці Божая: «Што ж, тады вам давядзецца шмат пакутаваць. Але ласка Божая будзе вашай суцяшальніцай».
    (Першае аб’яўленне — 13 мая 1917 г.)
  2. «Маліцеся Ружанцам штодня, каб выпрасіць супакой для свету і пакласці канец вайне».
    (Першае аб’яўленне — 13 мая 1917 г.)
  1. «[Езус] жадае ўстанавіць у свеце ўшанаванне Майго Беззаганнага Сэрца. Я абяцаю збаўленне тым, хто прыме яго; і гэтыя душы будуць улюбёныя Богам, як кветкі, пастаўленыя Мною для ўпрыгожвання Ягонага трона».
    (Другое аб’яўленне — 13 чэрвеня 1917 г.)
  1. «…Маліцеся Ружанцам штодня ў гонар Маці Божай Ружанцовай, каб здабыць мір для свету і пакласці канец вайне, бо толькі Яна можа дапамагчы».
    (Трэцяе аб’яўленне — 13 ліпеня 1917 г.)
  1. «Ахвяруйце сябе за грэшнікаў і часта прамаўляйце, асабліва калі складаеце якую-небудзь ахвяру: “О Езус, гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў і як адплату за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”».
    (Трэцяе аб’яўленне — 13 ліпеня 1917 г.)
  1. «Маліцеся, шмат маліцеся і ахвяруйце за грэшнікаў, бо шмат душ ідзе ў пекла, таму што няма нікога, хто б прыносіў ахвяры і маліўся за іх».
    (Чацвёртае аб’яўленне — 19 жніўня 1917 г.)
  1. Маці Божая: «Я хачу сказаць табе, што жадаю, каб тут была пабудавана капліца ў Мой гонар. Я — Пані Ружанцовая. Працягвайце штодня маліцца на Ружанцы. Вайна скончыцца, і салдаты хутка вернуцца ў свае дамы».
    Люцыя: «Я маю шмат пра што Вас папрасіць: ці не маглі б Вы вылячыць некаторых хворых і навярнуць некаторых грэшнікаў…»
    Маці Божая: «Некаторых — так, іншых — не. Яны павінны выправіць сваё жыццё і прасіць прабачэння за свае грахі». Сказаўшы гэта з яшчэ большым сумам, Яна дадала: «Няхай яны больш не абражаюць Госпада нашага, бо Ён і так ужо вельмі абражаны».
    (Шостае і апошняе аб’яўленне — 13 кастрычніка 1917 г.)

Паводле: ChurchPOP 
Пераклад і адаптацыя: catholicnews.by

для друку для друку