За першыя пяць месяцаў 2025 года Вечны горад прыняў рэкордную колькасць наведвальнікаў, а наперадзе – масавы прыезд моладзі ў жніўні.
Больш за 5,5 мільёна Пілігрымаў Надзеі прыбылі ў Рым у першыя пяць месяцаў Юбілейнага 2025 года, паведаміла італьянская арганізацыя «Cattolica per il Turismo». Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца пешыя пілігрымкі да Вечнага горада, як паведамляе Марына Тамаро з італьянскай рэдакцыі Vatican News.
Юбілей 2025 года непарыўна звязаны са смерцю Францішка і пачаткам пантыфікату Льва XIV
Дадзеныя былі прадстаўлены на канферэнцыі ў Рыме ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца. Акрамя ўжо зарэгістраваных пілігрымаў, чакаецца іх вялікі прыток з 28 ліпеня па 3 жніўня, калі Рым будзе прымаць Юбілей Моладзі. Сюды адначасова можа прыбыць да мільёна вернікаў.
Даследаванне паказала, што Юбілейны год уплывае не толькі на Рым. У раёнах Вітэрба і Тусцыя, а таксама ў суседніх рэгіёнах – Кампаніі (Неапаль) і Умбрыі (Асізі) – таксама адзначаецца рост колькасці пілігрымаў.
Ад класічных вернікаў да свядомых даследчыкаў: чатыры тыпы сучасных пілігрымаў
Масіма Скальёні, каардынатар даследаванняў, вылучыў чатыры тыпы сучасных пілігрымаў: класічны (наведвае базілікі), кантэмпляцыйны (шукае духоўнага зацішша), энтузіяст (успрымае пілігрымку як цікавую прыгоду) і свядомы даследчык (шукае аўтэнтычнага досведу).
Даследчыкі адзначаюць, што вясновы паломніцкі пік быў звязаны са смерцю Папы Францішка, канклавам і першай Імшой Папы Льва XIV.
Каб убачыць купал Базілікі Святога Пятра здалёк – непаўторнае хваляванне
Асаблівую ўвагу прыцягвае шлях “Via Francigena” – старажытны пілігрымскі маршрут даўжынёй каля 2000 кіламетраў, які праходзіць праз чатыры краіны: Англію, Францыю, Швейцарыю і Італію. «Колькасць пілігрымаў, якія пешшу накіроўваюцца да магілы святога Пятра, пастаянна расце», — адзначыў Лука Брускі, дырэктар Еўрапейскага таварыства “Via Francigena”.
Большасць пілігрымаў ідуць апошнія 100 кіламетраў, пачынаючы з Вітэрба, праходзячы штодня каля 20 кіламетраў і начуючы ў кляштарах. «Гэтыя дні пешай вандроўкі становяцца момантам духоўнага пошуку, які часта дае новую перспектыву ў штодзённым жыцці», — заўважыў Брускі.
Сярод пешых пілігрымаў усё часцей сустракаюцца людзі з высокааплатнымі прафесіямі, якія шукаюць духоўнага абнаўлення.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
