І калі настала паўната часу, нарадзіўся Хрыстос, які павінен быў адкупіць усіх. І ў гэтую «паўнату часу» уключаны ўсе дэталі Божай задумы, пачынаючы ад з’яўлення Беззаганна Зачатай Марыі, якая павінна была стаць Маці Сына Божага, і заканчваючы, напрыклад, прыняццем у Рымскай імперыі крыжа як сродак і адначасова сімвал ганебнага пакарання.
Юдэйская традыцыя не ведала такога спосабу пакарання. Крыж як гістарычны факт паўстаў пры Аляксандру Яннаю (103-76 да н.э.), юдэйскага цара з роду Хасманэяў, які такім чынам расправіўся з паўстанцамі фарысеямі. Ён запазычыў гэты від пакарання ад рымлян (якія прынялі яе ў фінікійцаў і персаў). Янна «разабраўся» са «сваімі»; затое ў Рымскай імперыі гэтае пакаранне не ўжывалася да яе грамадзян — была занадта жорсткая і ганебная. Рым абараняў «сваіх» нават у гэтым.
Пасля смерці Збаўцы крыж хутка «выйшаў з выкарыстання» як спосаб пакарання. Ён не мог бы выконваць сваю функцыю, стаўшы з тых часоў сімвалам смерці Сына Божага, і з ганебнага знака ператварыўся ў знак выратавання.
Складаныя ўмовы развіцця хрысціянства ў першыя тры стагоддзі азначалі як моцную рэўнасць веры, так і моцны пераслед, малітвы ў патаемных месцах і ўтойванне розных святых рэчаў ад старонняга вока. Толькі хрысціянская імператрыца Алена каля 320 года дала распараджэнне адшукаць крыж; паводле падання, са знойдзеных крыжоў адзін быў вызначаны як Праўдзівы, бо памерлы чалавек уваскрос, калі яго цела паклалі на гэта дрэва.
Дзень знаходжання крыжоў — 14 верасня — стаў днём свята Узвышэння Святога Крыжа, сімвалам трыумфу жыцця над смерцю, веры над пераследам, урачыстасці Бога над усімі ворагамі.
Само дрэва крыжа не заўсёды знаходзілася ў спакоі і ўшанаванні: у 614 годзе персы, якіх вёў цар Хазрый (Хасрова Парвіз — «пераможца»), напалі на Святую Зямлю, разбурылі базылікі Магілы Гасподняй і Уваскрасення, а ведаючы, якую каштоўнасць уяўляе крыж Езуса для хрысціян усяго свету, забралі яго з сабой. Святыня вярнулася ў 628 годзе, як адна з умоў мірнай дамовы ад імператара Іраклія, які перамог Хазрыя ў бітве.
Нядобразычліўцы Царквы часам кажуць, што калі б сабраць усе часцінкі Святога Крыжа, разасланыя па свеце, дык сабралася б на тры крыжы. Дакладнасць некаторых часціц стала сапраўды цяжка высветліць з цягам часу, бо яшчэ пры св. Кірыле Ерузалімскім (†387) шанаваную рэліквію разабралі на часткі і разаслалі па храмах. У пэўнай ступені такое «рассейванне крыжа» азначае таксама і яго захаванне.
Найбольшую па памеры частку Святога Крыжа мае сёння храм св. Гудулы ў Брусэлі. У Рыме захоўваецца часціца, якую імператары калісьці насілі на грудзях падчас найбольшых урачыстасцей. Сярод скарбаў парыжскай катэдры Нотр-Дам ёсць частка Крыжа, падораная калісьці польскай каралевай Ганнай Ганзага. У Польшчы сярод усіх храмаў найбольшая частка Крыжа знаходзіцца ў касцёле дамініканаў у Любліне. Ва Украіне таксама ёсць рэліквіі Святога Крыжа, напрыклад, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Кіеве.
Для хрысціян Крыж Езуса заўсёды быў алтаром, на якім Сын Божы прынёс Богу Айцу ў ахвяру самога сябе дзеля адкуплення свету. Сярод святых было нямала такіх, хто меў асаблівую набожнасць да Крыжа Збавіцеля; каму Бог нават дарыў удзел у збаўчым цярпенні Езуса, даючы стыгматы. Сярод іх — як мужчыны, так і жанчыны, як святары, так і свецкія. Любоў да Госпада і ўдзел у Яго Крыжы не агаворана выключна для нейкага аднаго стану, таму што ўсе мы «у смерць Ягоную ахрысціліся».
Па матэрыялах Credo
