12 каталіцкіх рэкордаў Гінеса, пра якія вы, напэўна, не чулі

Ад самай маленькай дыяцэзіі ў свеце да 112-гадовай манахіні, якая дагэтуль штодня наведвае Імшу, Каталіцкі Касцёл б’е рэкорды не толькі ў духоўных сферах, але і ў Кнізе рэкордаў Гінеса.

У Кнізе Гінеса ёсць нямала каталіцкіх рэкордаў, але вы, напэўна, яшчэ не чулі пра іх у гэтым кантэксце. Рэдакцыя сайта pl.aleteia.org выбрала некалькі найбольш цікавых. Вось яны:

Найменшая дыяцэзія

Некалькіх вуліц дастаткова, каб перасекчы ўсю архідыяцэзію Манака — самую маленькую ў свеце. Яна займае ўсяго 2,2 км². Нягледзячы на ​​сваю плошчу, яна сімвалізуе нязменнасць Касцёла нават у самых урбанізаваных месцах на Зямлі.

Найбуйнейшы ў свеце каталіцкі сабор

Сабор Маці Божай Севільскай уражвае сваёй веліччу — гэта найбуйнейшы рымска-каталіцкі сабор у свеце. Пабудаваны з 1402 па 1519 год, ён мае 126 метраў у даўжыню і 82 метры ў шырыню. Гатычны склеп дасягае 30 метраў, а ўнутры знаходзіцца магіла Хрыстафора Калумба.

Найбуйнейшая хрысціянская супольнасць

Больш за 1,1 мільярда вернікаў — столькі налічваў Каталіцкі Касцёл у 2011 годзе. Гэта найбуйнейшая хрысціянская абшчына ў свеце, якая прысутнічае на ўсіх кантынентах. На сённяшні дзень ніводная іншая канфесія не пабіла гэты рэкорд.

Найменшая армія

110 салдат, ніякіх танкаў, але ў форме, распрацаванай Мікеланджэла. Папская Швейцарская гвардыя, створаная ў 1506 годзе, — самая маленькая і найстарэйшая бесперапынна існуючая армія ў свеце. Яе члены абараняюць Папу і стаяць на варце ля варот Ватыкана.

Найбуйнейшы рэлігійны палац

Апостальскі палац у Ватыкане, рэзідэнцыя Папы, ахоплівае 162 000 квадратных метраў гісторыі. У ім знаходзяцца папскія апартаменты, офісы, Сікстынская капэла, бібліятэка і музеі. Ён будаваўся больш за стагоддзе — з XV па пачатак XVII стагоддзя.

Найбуйнейшае з’яўленне, якое назіралася

13 кастрычніка 1917 года ў Фаціме каля 70 000 чалавек убачылі, як сонца «танцавала» па небе. Гэта быў знак з нябёсаў, які пацвярджаў сапраўднасць з’яўленняў Маці Божай тром партугальскім дзецям. Гэта была найбуйнейшая такая з’ява, і многія з тых, хто сабраўся там, часткова з простай цікаўнасці, навярнуліся.

Фігура Марыі, якая найбольш доўга «плакала»

40-сантыметровая гіпсавая статуя Дзевы Марыі, набытая вікарыем Чывітавек’і (Італія) у марыйным санктуарыі ў Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна) у 1994 годзе, была падорана сям’і Грыгоры ў Чывітавек’і. З 2 лютага па 17 сакавіка 1995 года статуя плакала крывавымі слязьмі на працягу 14 дзён, у тым ліку адзін раз у прысутнасці дыяцэзіяльнага біскупа.

Найбольшая колькасць «анёлаў» на снезе

У 2004 годзе ў Антарыё (Канада) 15851 вучняў і настаўнікаў каталіцкіх школ адначасова пазіравалі на снезе, ствараючы анёльскія фігуры. Рэкорд дагэтуль застаецца ў сіле — і, мабыць, самы чароўны з усіх.

Найстарэйшы кандыдат да святарскага пасвячэння

Брытанскі святар Гаральд Райлі быў пасвечаны ў каталіцкія святары ва ўзросце 91 года. Раней ён быў англіканскім святаром. Ён даказаў, што ніколі не позна выканаць сваё пакліканне.

Найстарэйшы біскуп

Арцыбіскуп Эдвард Говард, былы мітрапаліт Портленда, штат Арэгон, памёр ва ўзросце 105 гадоў, адслужыўшы каля 27 тысяч Імшаў. Ён заставаўся духоўна і інтэлектуальна бадзёрым да канца свайго жыцця.

Найстарэйшы пробашч

Іспанскі святар Альвара Фернандэс служыў у парафіі Сант’яга-дэ-Абрэс да 107 гадоў. Амаль семдзесят гадоў ён суправаджаў вернікаў ад хросту да іх апошняга развітання — як ён сам казаў, «ён ніколі не пераставаў быць пастырам».

Найстарэйшая манахіня ў свеце — 112 гадоў веры і спакою

Сястра Фрэнсіс Дамінічы Піскатэла, дамініканская сястра з Лонг-Айленда, нарадзілася ў 1913 годзе. Яна ўступіла ў ордэн у 17 гадоў і 52 гады выкладала матэматыку, а затым займала адміністрацыйныя пасады. У 2025 годзе, пасля смерці бразільскай манахіні Іны Канабара Лукас, яна была афіцыйна прызнана Кнігай рэкордаў Гінеса найстарэйшай законная сястрой, якая яшчэ жыве.

Яна служыла Касцёлу 94 гады, перажыўшы дзевяць Папаў, дзве сусветныя вайны і больш за дваццаць прэзідэнтаў ЗША. Да сённяшняга дня яна штодня наведвае Імшу і любіць размаўляць са сваімі малодшымі сёстрамі, асабліва пра італьянскую кухню, якую любіць з дзяцінства.

У інтэрв’ю Каталіцкай службе навін яна падзялілася сакрэтам свайго доўгага жыцця ў чатырох простых словах: «Будзь добрай да іншых».

Калі ў 102 гады ёй зрабілі аперацыю на сцягне, яна пажартавала: «Бог пакуль не хоча мяне. Ён прымушае мяне заставацца тут». Сёння яе сям’я паўтарае гэтую ж фразу як дэвіз удзячнасці за кожны новы дзень.

Кожны з гэтых рэкордаў — ад манументальных будынкаў да сціплай настойлівасці сястры Францішкі — паказвае рознае вымярэнне Касцёла: веліч і прастату, гісторыю і паўсядзённае жыццё, веліч і пяшчоту. Таму што вера, хоць і не шукае рэкордаў, ведае, як іх пабіць — з любоўю, вернасцю і надзеяй.

Крыніца: Кніга рэкордаў Гінеса
Апрацавала рэадкцыя pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку