Які сэнс ахвяравання жыцця і пакут Богу за іншага чалавека?

ahwara“У чым заключаецца сэнс ахвяравання Богу свайго жыцця і пакут за іншага чалавека?” Людміла

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Адказваючы на пытанне, неабходна раздзяліць дзве згаданыя рэчы: прысвячэнне жыцця Богу і пакуту за іншых.

Прысвячэнне жыцця Богу – гэта шлях следавання за Евангельскімі радамі чысціні, убоства і паслушэнства як спосаб дасканалага наследавання Збаўцы ў Яго дабрадзейнасцях, што праяўляецца ў Касцёле ў розных формах манаства. “Евангельскія рады ў іх разнастайнасці прапанаваныя кожнаму вучню Хрыста. Дасканаласць любові, да якой пакліканы ўсе вернікі, азначае для тых, хто свабодна прымае заклік да прысвячэння жыцця Богу, што яны абавязваюцца захоўваць цнатлівасць Божага Валадарства, жыць у беднасці і паслухмянасці. У выніку богапрысвечанае жыццё з’яўляецца адным са спосабаў спазнаць “больш глыбокае” пасвячэнне, якое, маючы корань у сакраманце хросту, цалкам прысвячае верніка Богу. У богапрысвечаным жыцці вернікі ставяць сабе за мэту як мага бліжэй ісці за Хрыстом, аддаваць сябе Богу, любячы Яго па-над усім, і працягваць удасканаленне сябе ў любові на службе Божага Валадарства, знамянуючы і абвяшчаючы ў Касцёле славу будучага свету” (ККК, 915-916).

“Праз статус прысвечаных Богу людзей Касцёл адкрывае свету Хрыста і паказвае, як дзівосна дзейнічае ў ім Дух Святы. Тыя, хто складаюць шлюбы, маюць, такім чынам, прызначэнне перш за ўсё сваім пасвячэннем. Але паколькі яны ў сілу самога свайго пасвячэння аддаюць сябе служэнню Касцёла, то іх абавязак – асаблівы ўдзел у місіянерскай працы” (ККК, 931).

Акрамя такога асаблівага шляху, кожны хрысціянін праз сакрамант хросту таксама з’яўляецца прысвечаным Богу. “Стаўшы чальцом Касцёла, ахрышчаны не належыць больш самому сабе (1 Кар. 6, 19), ён належыць Таму, Хто памёр і ўваскрос за нас” (ККК, 1269). “Той, хто верыць у Хрыста, становіцца сынам Божым. Гэтае ўсынаўленне перамяняе яго, дазваляючы яму наследаваць прыклад Хрыста. Яно дае яму здольнасць дзейнічаць справядліва і тварыць дабро. У саюзе са сваім Збаўцам вучань дасягае дасканаласці любові, г. зн. святасці” (ККК, 1709).

Што адносна пакуты за іншага чалавека, то яе можна разумець толькі ў кантэксце малітвы. Проста зносіць фізічныя ці маральныя пакуты за іншага не мае ніякага хрысціянскага зместу. Духоўная традыцыя хрысціянства ведае хадайніцкую малітву. У часы Касцёла хадайніцкая малітва хрысціян далучаецца да хадайніцтва Хрыста: яна з’яўляецца выражэннем зносінаў святых. У хадайніцкай малітве той, хто моліцца, “не пра сябе толькі клапоціцца, але і пра іншых” (Флп. 2, 4). Форма такой малітвы можа быць любая: як звычайныя малітвы ў намеры пэўнага чалавека, так і іншыя духоўныя практыкі, такія, як пост, удзел у пілігрымцы, дабрачыннасць.

для друку для друку