Як касцёл ставіцца да псіхатэрапіі і псіхатэрапеўтаў?

“Скажыце, калі ласка, як касцёл ставіцца да псіхатэрапіі і псіхатэрапеўтаў. Ці можа вернік-католік да іх звяртацца?” Юрый.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Паважаны Юрый! Дзякуй за пытанне.

Каталіцкі Касцёл лічыць, што псіхалогія і яе даследаванні дапамагаюць зразумець глыбіню чалавечай асобы. У некалькіх пунктах Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце ідзе гаворка пра дабро, якое можа ўчыніць псіхалогія сучаснаму чалавеку, а пункт 62 згаданай канстытуцыі падкрэслівае: “У пастырстве трэба прызнаваць і выкарыстоўваць у дастатковай ступені не толькі тэалагічныя прынцыпы, але і дасягненні свецкіх навук, асабліва псіхалогіі і сацыялогіі, каб таксама і вернікаў весці да больш чыстага і сталага жыцця веры”. Такім чынам, Касцёл мае глыбокую павагу, пазітыўна ацэньвае і бласлаўляе высакародную місію псіхолагаў і псіхіятраў і лічыць, што даследаванне псіхічных з’яў, хваробаў ці тэрапія з’яўляюцца сродкам дапамогі чалавечай асобе, а таксама праявай любові да яе.

Хрысціянская антрапалогія бачыць усяго чалавека ды ўсе шматлікія вымярэнні яго жыцця. Паколькі мэтаю псіхалагічнай тэрапіі з’яўляецца ўзмацненне чалавечай асобы, то вернік можа звяртацца па дапамогу да псіхолагаў ці псіхатэрапеўтаў. Можа ўзнікнуць пытанне, ці варта верніку карыстацца дапамогай любога псіхолага? Трэба сказаць, што кожны тэрапеўт, незалежна ад вызнаванай ім веры ды светапогляду, пакліканы шанаваць сваіх пацыентаў. Выбіраючы чалавека, ад якога чакаем дапамогі, у першую чаргу неабходна звяртаць увагу на прафесійныя якасці і адносіны да розных вымярэнняў жыцця чалавека. Аднак калі псіхолаг сам імкнецца да з’яднання з Богам, то ён можа дапамагчы таксама і ў сферы духоўнай, хоць ніколі не заменіць, напрыклад, святара ў сакраманце споведзі.

Папа Францішак прызнаўся, што ва ўзросце 42 гадоў на працягу шасці месяцаў карыстаўся дапамогай псіхатэрапеўта – жанчыны, якая не была хрысціянкай, а вызнавала юдаізм. Святы Айцец сцвярджае, што менавіта псіхатэрапія вельмі яму дапамагла ў той перыяд жыцця, калі патрабаваў кансультацыі, каб высветліць некаторыя акалічнасці. Трэба таксама дадаць, што цяперашні Папа стаў правінцыялам ордэна езуітаў у вельмі складаны час для Аргенціны.

Падобна да медыцыны, таксама і псіхалогія можа паспрыяць больш поўнаму ды лепшаму жыццю чалавека, які не пазбаўлены розных складаных перажыванняў ці праблем. Добры псіхолаг можа стаць супрацоўнікам Самога Бога ў працэсе ўзмацнення чалавечай асобы.

для друку для друку