У Германавічах адзначылі 230-гадовы юбілей касцёла

Свята было прымеркавана да парафіяльнага адпусту ў гонар Перамянення Пана і адбылося ў нядзелю, 6 жніўня.

На свята сабралася шмат вернікаў як з германавіцкай парафіі, так і гасцей з Ёдаў, Шаркаўшчыны, Новага Пагосту, Браслава, Глыбокага і іншых парафій. Прыбыў на ўрачыстасць і пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.

Яго па традыцыі з хлебам-соллю сустрэлі перад касцельнай брамай. Біскупу уручылі таксама кветкі, пасля чаго ён акрапіў вернікаў святой вадой і ўвайшоў у храм.

Святую Імшу ўзначаліў віцебскі ардынарый. Да прыняцця першай Камуніі ў гэты дзень падрыхтаваліся тры хлопцы, якія сваім спевам упрыгожылі Літургію.

У сваім слове да вернікаў біскуп адзначыў, што не кожная святыня можа пахваліцца такой гісторыяй. І хаця 230 гадоў на першы погляд гэта шмат, але гэтыя тры маладыя хлопцы паказалі, што касцёл у Германавічах малады і мае сваю будучыню.

Нягледзячы на трагічныя старонкі ў сваёй гісторыі, калі святыня ў часы ваяўнічага атэізму была забраная ў вернікаў і стаяла занядбаная, яна захавалася, адрадзілася, і зараз тут гучыць Божае Слова.

«Чалавек – выключная істота ў гэтым свеце, – падкрэсліў іерарх, ­– і ён знаходзіць сваё сапраўднае шчасце толькі тады, калі знаходзіць Бога.»

Біскуп адзначыў, што сёння мы адзначаем свята Перамянення Пана, і касцёл у Германавічах таксама перамяняецца. Ён ужо змяніўся ўнутры, зараз засталося адрамантаваць яго са знешняга боку. І ён тады заззяе ўсёй сваёй прыгажосцю. Перамяняюцца таксама вернікі, якія з’яўляюцца галоўным багаццем Касцёла. Пра іх перамяненне сведчыць той факт, што святыня ў гэты дзень была цалкам запоўненая людзьмі.

Пастыр нагадаў вернікам гісторыю пра жанчыну, якая шукала ў горадзе дарогу да касцёла. Калі яна спытала ў мінака, ці вядзе гэта дарога да касцёла, то пачула ў адказ, што не, не вядзе. Тады яна ў роспачы сказала, то навошта такая дарога, якая не вядзе да касцёла. Таму нашы продкі, адзначыў іерарх, і стараліся будаваць храмы на перасячэнні дарог. Гэта касцёлы ў Лучаі, Глыбокім, Браславе, іншых мясцінах нашай зямлі. І Германавічы тут не выключэнне. Калі едзеш у гэта былое мястэчка, то святыня відаць здалёк.

Наша зямная дарога таксама павінна весці да храма, мы павінны верыць, што наша жыццё не заканчваецца магілай, хоць на першы погляд нам так і здаецца. Не ствараў бы Бог чалавека, каб потым жыццё яго заканчвалася такім чынам. І гэта надзея на вечнае жыццё закладзеная ў натуры чалавека. Таму Бог і чакае ад нас сапраўднай веры.

Біскуп падкрэсліў, што кожную нядзелю на Імшы адбываецца перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Пана. Таму ў гэты дзень мы павінны знайсці час для Бога, каб аддаць яму хвалу. А калі гэтага не рабіць, працаваць і ў нядзелю, то ўсё адно гэта праца не прынясе нам карысці.

Вера яшчэ нікога не пакінула расчараваным, калі гэта вера сапраўдная, — адзначыў ардынарый. Ён распавёў прыпавесць пра моц веры. Адзін акрабат спытаў у людзей: ці вераць яны, што ён зможа прайсці над безданню па нацягнутым канаце. Людзі адказалі, што вераць. І ён сапраўды прайшоў. Потым ён спытаў, ці вераць яны, што ён працягне па гэтым канаце тачку. І тут людзі зноў пагадзіліся, што вераць. Калі ён працягнуў тачку і зноў спытаў, ці вераць людзі, што ён правязе ў гэтай тачцы мяшок з бульбай, то людзі адказалі, што так, вераць. Калі ж акрабат зрабіў і гэта і спытаў, ці можа хто з людзей сесці ў тачку, то ахвотных не знайшлося.

Так і наша вера павінна быць моцнай, каб не толькі верылі знешне, але і не баяліся даверыцца Богу. Бо калі Бог з намі, то хто супраць нас?! Таму хай гэта святыня і надалей застаецца тым месцам, дзе адбываецца сустрэча чалавека з Богам.

Падчас Імшы біскуп удзяліў Першую Камунію тром маладым хлопцам, пасля чаго яны атрымалі бласлаўленне з рук іерарха. Таксама біскуп Алег удзяліў сваё пастырскае бласлаўленне тым вернікам, што найбольш дапамагалі ў адраджэнні святыні ў Германавічах.

На Імшы прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады намеснік кіраўніка Шаркаўшчынскага раёна Юрый Васілеўскі і кіраўнік аддзела ідэалогіі і культуры Людміла Стома. Дарэчы, Германавічы таксама лічацца іх малой радзімай. Юры Васілеўскі павіншаваў усіх з юбілеем святыні, зачытаў віншаванне ад кіраўніка раёна Дзмітрыя Ламакі, які асабіста не змог прысутнічаць на свяце, і ўручыў пробашчу парафіі ксяндзу Яну Пугачову карціну з выявай касцёла ў Германавічах. Карціну напісаў мастак Часлаў Шамшур, які працуе выкладчыкам у Віцебску.

Біскупа прывіталі таксама прадстаўнікі маладога, сярэдняга і старэйшага пакаленняў германавіцкіх вернікаў. Словы падзякі атрымаў таксама і ксёндз Ян Пугачоў, які з 2009 года служыць у Германавічах у якасці пробашча парафіі.

Іерарх блаславіў таксама новую супольнасць маргарытак, прадстаўнікі якіх далі клятву да канца жыцця маліцца ў інтэнцыі біскупа Алега Буткевіча.

Пасля гэтага адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і працэсія вакол касцёла. Спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” закончылася малітоўная частка ўрачыстасці. А вернікаў чакаў яшчэ канцэрт, які падрыхтавалі супрацоўнікі Дома культуры ў Германавічах. Ён адбыўся на пляцоўцы перад храмам.

Тут быў арганізаваны і выязны гандль, можна было набыць цацкі для дзяцей, а таксама іконы і іншую касцельную атрыбутыку. А супрацоўнікі культуры запрасілі прысутных прыйсці вечарам на канцэртную праграму ў Дом культуры, якая таксама была прымеркаваная да юбілею храма, які з’яўляецца часткай гісторыі Германавічаў.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку