Ці магчыма пахрысціць дачку без дазволу мужа?

Chrzciny“Хвала Хрысту! У жнiўнi 2013 года нам з мужам быў удзелены Сакрамант Шлюбу. У чэрвенi 2015 года ў нас нарадзiлася дачка. Мы пераехалi да маiх бацькоў, муж крыху пажыў з намi, пасля чаго вярнуўся на кватэру, якую мы здымалi раней разам з яго бацькамi. Мой муж быў супраць хросту дачкi, пачаў жыць сваiм жыццём: ездзiць на фестывалi, шашлыкi, пляжы…

Гэта ўсё скончылася тым, што ён стаў жыць з iншай дзяўчынай i папрасiў развод. У мяне такiя пытаннi: цi магу я пахрысцiць дачку без дазволу цi хаця б з дазволам, але без прысутнасцi мужа? Цi магу я спавядацца ды прымаць Цела Хрыста? Якiм чынам я магу атрымаць дазвол на асобнае пражыванне цi ануляванне нашага шлюбу i пры якiх умовах?” Марыя.

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– У Вашым выпадку хрост дачкі магчымы, а прысутнасць мужа пажаданая, паколькі ён мае права і абавязак займацца рэлігійным выхаваннем свайго дзіцяці. Варта запрасіць яго, а ўжо яго справа прыйсці ці не. Калі муж не хоча прысутнічаць пры хросце, было б добра, каб ён выказаў свой дазвол на хрост. Паразмаўляйце пра гэту справу са сваім пробашчам (настаяцелем). Падыдзіце да ксяндза той парафіі, на тэрыторыі якой Вы пражываеце. У хросце можа быць адмоўлена, калі няма надзеі на рэлігійнае выхаванне дзіцяці.

Вы можаце спавядацца і прымаць Камунію, калі не жывяце ў дзяржаўным шлюбе або так званым сужыцці (канкубінаце) з іншым мужчынам – г.зн., калі няма пастаяннага парушэння шостай запаведзі. Пры гэтым неабходна выканаць і іншыя ўмовы, які датычаць Сакраманту Споведзі і Эўхарыстыі.

Сужэнская здрада – дастатковая падстава, каб жыць асобна ад мужа ці жонкі. У такім выпадку Касцёл заахвочвае да прабачэння нявернаму мужу ці жонцы, аднак у Вашым выпадку падаецца, што другі бок сам не прагне, каб яму прабачылі. Таму Вы можаце жыць ад мужа асобна, не заключаючы новага шлюбу і захоўваючы чысціню.

Магчыма, Ваш шлюб увогуле не існаваў. Гаворка ідзе не пра ануляванне шлюбу, паколькі толькі смерць можа разлучыць сужэнцаў, а пра доказ і сцвярджэнне таго, што гэтага шлюбу ніколі не было.

Такімі пытаннямі займаецца касцельны суд. Да супрацоўнікаў суда трэба накіраваць пытанне: ці належыць у Вашым выпадку прызнаць шлюб несапраўдным?

для друку для друку