Ці лічыць Касцёл інквізітараў святымі?

“Цікаўлюся гісторыяй. Даведалася, што многія інквізітары, якія жылі ў сярэднія вякі, былі прылічаныя тады да ліку святых. Касцёл і цяпер прызнае гэтых людзей святымі? Ад іх рук загінула вялікая колькасць людзей, на мой погляд, цалкам невінаватых…” Аляксандра

На пытанне адказвае ксёндз Ян Раманоўскі:

– Заўсёды, калі гаворка ідзе пра гісторыю Каталіцкага Касцёла, часта ўспамінаецца інквізіцыя. Многія выкарыстоўваюць гэты аргумент, гаворачы, што Касцёл у сярэднія вякі зрабіў шмат крыўды праз інквізіцыю, асудзіў і пазбавіў жыцця нявінных людзей, не даваў магчымасці развівацца навуковым тэорыям і да таго падобнае. Аднак у гэтым выпадку вельмі важна разгледзець розныя аргументы, якія могуць дапамагчы па-іншаму паглядзець на ўсю праблему.

Слова “інквізіцыя” ад лац. «inquisitia» азначае “даследаванне”. Пачатак гэтай інстытуцыі можна шукаць ужо ў апостальскія часы, калі апосталам даводзілася змагацца з рознай ерассю, якая ўзнікала ўжо ў першых стагоддзях хрысціянства (пар. 1 Кар 5, 13; 1 Цім 1, 20; Ціт 3, 10-11). Тое, што сёння інквізіцыя вельмі часта атаясамліваецца са злом, – гэта “заслуга” антыкаталіцкіх плыняў і таксама ідэалогіі перыяду Асветніцтва, якая паглыбіла гэтыя погляды. Аднак на самай справе названая інстытуцыя была ўтворана як касцельны трыбунал веры, скіраваны на выкрыццё і даследаванне веравучэнняў, што супярэчылі дагматам Каталіцкага Касцёла.

Каб зразумець, чым з’яўлялася інквізіцыя, трэба мець на ўвазе палітычны і сацыяльны перыяд, у які яна ўзнікла, значэнне рэлігіі і веры ў тыя часы, a таксама раздзяляць інквізіцыю касцельную і дзяржаўную. Як было сказана вышэй, касцельная інквізіцыя скіравоўвалася ў першую чаргу на абарону каталіцкага веравучэння і на захаванне справядлівасці судовай улады. Падпарадкоўвалася яна Апостальскай сталіцы і складалася з духоўных і свецкіх асобаў, якія павінны былі вылучацца добрымі звычаямі, пабожнасцю, а таксама ведамі з тэалогіі і права. З іншага боку, важным з’яўляецца той факт, што інквізіцыйныя працэсы працягваліся некалькі гадоў, і няправільна будзе лічыць, што вельмі часта прысуды выдаваліся без разбору, каб знішчыць як мага больш людзей, каторыя мелі свае погляды. Гэта можна ўбачыць у некаторых фільмах або пачуць у аргументах супраць Каталіцкага Касцёла, дзе інквізітары паказваюцца толькі як крывавыя і бязлітасныя тыраны.

Калі гаварыць пра тых, хто ўваходзіў у склад інквізіцыі, то насамрэч сярод вядомых “інквізітараў” ёсць і такія, якія Каталіцкім Касцёлам афіцыйна кананізаваныя. Сярод іх, напрыклад, св. Пётр Мучаннік, св. Ян Капістран, св. Пётр Арбуэс альбо таксама св. Пій V, Папа. Іх прыналежнасць да інквізіцыі яшчэ не азначае, што яны выдавалі жорсткія прысуды і асуджалі несправядліва нявінных людзей. Дастаткова звярнуць увагу на іх біяграфію, з якой можна даведацца, што ў сваім жыцці названыя асобы вылучаліся моцнай верай, служэннем тым, хто меў патрэбу, пабожнасцю. Таксама многія з іх нават былі замучаныя і аддалі жыццё за сваю веру і вернасць Касцёлу. А гаварыць пра тое, што ўсе інквізітары выдавалі смяротныя прысуды, палілі на вогнішчах усіх нязгодных, былі жорсткімі, будзе несправядліва і нерацыянальна.

З іншага боку, гісторыя Каталіцкага Касцёла не адмаўляе, што былі на самай справе інквізіцыйныя працэсы, якія заканчваліся смяротнымі прысудамі. Але яшчэ раз трэба падкрэсліць, што будзе няправільным і несправядлівым казаць: інквізіцыя знішчыла мільёны людзей. Сёння можна знайсці вельмі шмат гістарычнай літаратуры, якая абапіраецца на архіўныя дадзеныя, каторыя паказваюць рэальную дзейнасць інквізіцыі.

Дарэчы, таксама можна сказаць, што сёння Святая Кангрэгацыя Навукі Веры працягвае заданне інквізіцыі і якраз стаіць на абароне каталіцкага веравучэння. Аднак не мае такога ўплыву на грамадскае і палітычнае жыццё, які мела інквізіцыя ў свой час.

для друку для друку