Што значыць маліцца да Беззаганнага Сэрца Марыі?

  “Хвала Хрысту! Маю наступнае пытанне: што значыць маліцца да Беззаганнага сэрца Марыі? Калі молімся проста літанію да Панны Марыі, то там усё зразумела! Мы звяртаемся непасрэдна да Панны Марыі, ушаноўваючы Яе ў закліках… Але ў чым тады розніца, калі мы молімся менавіта да Сэрца Марыі, і звароты ідуць да «Сэрца»?” Лізавета

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч MIC з Росіцы:

– У Касцёле культ Сэрца Марыі існаваў ужо у 12 ст. Па-рознаму развіваўся і розныя прымаў формы. У 19 ст. адно з брацтваў, прысвечаных Беззаганнаму Сэрцу Марыі, налічвала больш за 20 мільёнаў чальцоў! Адкуль такая папулярнасць? І чаму менавіта сэрца?

Пра сэрца Марыі можам прачытаць нават у Святым Пісанні. Там знойдзем у евангеліста Лукі два фрагменты.

А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім”. Лк 2,19.

“А Мaці Ягo захавала ўсе гэтыя слoвы ў сэрцы свaiм”. Лк 2,51.

Евангеліст Лука, як кажа традыцыя, быў лекарам і разумеў, якім важным органам для чалавека з’яўляецца сэрца. Аднак ён выкарыстоўвае гэтае слова згодна з габрэйскай і хіба што з агульначалавечай традыцыяй, як паняцце духоўнае. Сэрца – гэта месца, дзе чалавек збірае, назапашвае свой духоўны і жыццёвы досвед. Мы, безумоўна, маглі б спрачацца і казаць: не, гэта розум, памяць і т. д. Але нават у нашай мове не кажам “баліць розум за чалавека” альбо “памяць перажывае трывогу”. Кажам – “сэрца крывёй абліваецца”! І гэта даслоўна не азначае, што ў нас пачаліся нейкія фізіялагічныя працэсы, а тое, што мы як асоба перажываем за канкрэтную справу ці канкрэтнага чалавека. У гэтым сэнсе сэрца – гэта мы, гэта я. Таксама і з сэрцам Марыі. Яе Сэрца – Яна Сама!

Культ Сэрца Марыі, які, дарэчы, развіваецца паралельна з культам Сэрца Езуса, – гэта спроба вернікаў наблізіць Яе да сябе. Сэрца – гэта напамін пра чалавечнасць, пра тое, што Марыя – сапраўдная гістарычная постаць. Сапраўдная Асоба, Якая жыла, перажывала, цярпела. Калі параўнаем заклікі розных літаній, то заўважым вялікую розніцу. Напрыклад, Ларэтанская літанія – гэта гімн праслаўлення Марыі, гэта зварот да Марыі-Трыумфатаркі, да Нябеснай Валадаркі. А літанія да Беззаганнага Сэрца – гэта малітва да Марыі ў перажыванні, Якая церпіць, ёсць Зямная. Блізкая і зразумелая звычайнаму чалавеку.

Выкарыстоўваючы розныя малітвы Касцёла, мы адкрываем вялікую, бяздонную скарбніцу разумення ролі Марыі ў нашым жыцці!

для друку для друку