Паведамленне Пастаяннай рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

Cучасны свет вельмі моцна заклапочаны выкліканай пандэміяй каранавірусу складанай сітуацыяй, якая закранае таксама і Беларусь. У гэты час новых выпрабаванняў выказваем усім вам нашу блізкасць і запэўніваем у малітве ў інтэнцыі прадухілення гэтай заразнай хваробы і ахвяр, да якіх яна можа прывесці.

Багатая гісторыя Касцёла сведчыць аб тым, што ён заўсёды заставаўся са сваімі вернікамі і служыў ім, у тым ліку і падчас эпідэмій, перш за ўсё духоўнай і гуманітарнай дапамогай. Як шпіталь лечыць хваробы цела, так Касцёл лечыць хваробы душы.

Так склалася, што каранавірусная інфекцыя была прызнана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміяй падчас Вялікага посту — перыяду малітвы і навяртання.

Гэтая эпідэмія яшчэ раз паказвае, што, нягледзячы на ашаламляльныя дасягненні ў медыцыне, усё яшчэ існуюць хваробы, у якіх яна — мы верым, што толькі часова, пакуль не будзе знойдзена адпаведная вакцына, — бяссільная. Чалавек, які ў сучасным секулярным свеце ўявіў сябе «богам», яшчэ раз пераконваецца, што такім не з’яўляецца. У гэтай перспектыве Вялікі пост павінен стаць благаслаўлёным часам для перамены нашага жыцця.

Трагедыя сусветных маштабаў, што адбываецца на нашых вачах, у якой чалавек адчувае сябе бездапаможным, сведчыць аб тым, што, выкарыстоўваючы дасягненні медыцыны і клопат супрацоўнікаў службы аховы здароўя і адпаведных грамадскіх інстытутаў, якім Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць і моліцца за іх, неабходна таксама шукаць дапамогі ў Бога. Нездарма ёсць нават прыказка: «Як трывога, то да Бога».

Таму неабходна аб’яднаць малітву з намаганнямі медыкаў і адказных за грамадскі парадак, а таксама падпарадкавацца іх прадпісанням і рэкамендацыям, каб эфектыўна супрацьстаяць гэтаму небяспечнаму выкліку, якім з’яўляецца пандэмія каранавірусу.

Як веруючыя людзі, мы спадзяемся на Божую дапамогу, але разам з тым не можам спакушаць Бога: патрэбныя і нашыя высілкі. Вельмі добра пра гэта нагадвае Евангелле першай нядзелі Вялікага посту. Калі д’ябал прапанаваў Езусу кінуцца ўніз з высокай святыні, бо, маўляў, анёлы не дазволяць Яму разбіцца, то Хрыстус адказаў, што нельга выпрабоўваць Бога (пар. Мц 4, 5–7).

Малітва і давер да Бога павінны ісці поплеч з намаганнямі спецыялістаў для перамогі ў гэтай барацьбе. Вера ў Бога і давер да Яго не супярэчаць таму, каб мы карысталіся дадзеным нам Стварыцелем дарам розуму і разважліва паступалі. Абмежаванні ў арганізацыі мерапрыемстваў з вялікай колькасцю людзей і ўдзелу ў іх у цяперашняй сітуацыі пандэміі каранавірусу — гэта не абмежаванне свабоды чалавека, а праява міласэрнасці да бліжняга, каб нікога не заразіць небяспечнай хваробай.

Беручы пад увагу сказанае вышэй, з мэтай прадухілення гэтай эпідэміі ў дапаўненне да Распараджэння Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ад 13 сакавіка 2020 г. Сталая Рада пасля кансультацый з зацікаўленымі беларускімі біскупамі рэкамендуе наступнае:

  1. Дыяцэзіяльным біскупам, згодна з кан. 87 § 1, кан. 1245 і кан. 1248 § 2 Кодэксу Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, удзяліць дыспенсу ад абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы вернікам старэйшага ўзросту, якія асаблівым чынам падатлівыя на інфекцыю каранавірусу, асобам з сімптомамі хваробы, дзецям і школьнай моладзі, а таксама асобам, якія імі апякуюцца, і тым, хто адчувае страх заражэння.
  2. Адначасова, калі дазваляе стан здароўя і не перашкаджаюць іншыя важныя прычыны, напрыклад, абавязковая праца ці хвароба, прымаць удзел у нядзельных і святочных Імшах і іншых, асабліва велікапосных, набажэнствах.
  3. Тых, хто карыстаецца дыспенсай або з важнай прычыны ці па стану здароўя не можа фізічна ўдзельнічаць у святой Імшы, далучацца да яе з дапамогаю радыётрансляцыі з мінскага архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі па нядзелях на першай праграме Беларускага радыё ў 8.15, а таксама відэатрансляцыі на інтэрнэт-партале Catholic.by у 8.15, 10.00, 11.30, 13.00 і 18.30, або ў іншых сродках масавай камунікацыі.

Партал Catholic.by прадугледжвае таксама тэлетрансляцыі св. Імшы з мінскай архікатэдры па буднях у 7.15, 8.00 і 18.30.

  1. Пры немагчымасці ўдзелу ў св. Імшы маліцца дома і прымаць духоўную св. Камунію. Святарам неабходна растлумачыць вернікам, як гэта можна зрабіць.
  2. Кожны дзень у сем’ях ці асабіста ў гадзіну Божай Міласэрнасці ў 15.00 маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, і (або) у 20.30 святы Ружанец, каб супольна ахінуць усю краіну гэтымі традыцыйнымі для нашага народа малітвамі. Калі па важных прычынах прапанаваны час не адпавядае, то можна ўключыцца ў малітву ў любы іншы час.
  3. Святарам так арганізаваць споведзь у касцёлах і месцах, дзе знаходзяцца хворыя і інваліды, каб кожны мог паяднацца з Богам, Касцёлам і бліжнімі.
  4. Структурам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas на ўсіх узроўнях аказваць дапамогу патрабуючым, асабліва закранутым хваробай каранавірусу і тым, хто знаходзіцца ў групе рызыкі.
  5. Усім няўхільна выконваць загады і распараджэнні службаў аховы здароўя і грамадскага парадку.
  6. Пробашчам парафій, кіраўнікам іншых структур Каталіцкага Касцёла, а таксама манаскіх супольнасцяў і таварыстваў апостальскага жыцця разважліва падысці да арганізацыі розных евангелізацыйных, катэхетычных і іншых мерапрыемстваў з пункту гледжання пастырскай неабходнасці іх правядзення падчас эпідэміі і разгледзець магчымасць іх адмены або перанясення на іншы час.
  7. Не паддавацца паніцы, якая не з’яўляецца добрым дарадчыкам, але, як належыць людзям веры, даверыцца Міласэрнаму Богу, а таксама лекарам, якія з’яўляюцца інструментамі ў Божых руках, і адказным за захаванне грамадскага парадку.
  8. Пададзеныя ў гэтым Паведамленні рэкамендацыі абавязковыя да іх адмены.

Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каранавірусу складанасці як у асабістым і грамадскім жыцці, так і ў рэлігійнай практыцы, Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі давярае ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, апекуна ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляе ў імя Айца, + і Сына, і + Духа Святога. Амэн.

Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 19 сакавіка 2020 г., ва ўрачыстасць св. Юзафа

P.S. Святары абавязаны прачытаць гэтае Паведамленне вернікам у Чацвёртую нядзелю Вялікага посту 22 сакавіка 2020 г.

Catholic.by

для друку для друку