Нататкі місіянера. Перу

Ксёндз Ежы Майка

Пасля заканчэння курсаў місіянераў кс. Ежага Майку накіравалі несці слова Божае ў Перу. З успамінаў ксяндза Ежага: “13 кастрычніка 2010 г. мы вылецелі з Варшавы ў Галандыю. У Амстэрдаме адбылася перасадка на самалёт “ Боінг — 777”, разлічаны на 400 пасажыраў. Палёт доўжыўся 10 гадзін.

Нарэшце ўбачылі Карыбскія выспы, потым – узбярэжжа Венесуэлы. У маіх думках мільганула: “Вось і Паўднёвая Амерыка!” Самалёт ляціць над гарамі, раўнінамі, джунглямі, пра якія можна здагадацца па шэрым колеры, што бачны з ілюмінатара. Час ад часу можна ўбачыць крутыя выгіны рэк. Калумбія… І, нарэшце, Перу.

У аэрапорце Перу я зразумеў, што не ведаю ніводнага адраса і тэлефона, акрамя нумара нашай настаўніцы Ліліян, якая выкладала на курсах у Іспаніі. Але нечакана пачуў голас: “Няхай жыве Польшча!” Гэта быў ксёндз Ян з Седлецкай дыяцэзіі, які працаваў у Перу ў вікарыяце Сан-Рамон. Ксёндз Ян быў не адзін, а з кіроўцам Самуэлем. Мы накіраваліся да айцоў-францішканаў, дзе спыніліся на начлег. Так скончыўся самы доўгі дзень у маім жыцці”.

Ксёндз успамінае сваё знаёмства з Перу: “Наша правадніца паказвае нам сталіцу – Ліму. Мы звярнулі ўвагу на хаатычны рух на вуліцах. Гэта настолькі нас здзівіла, што нават пералёт праз Атлантыку здаваўся дробяззю. Я пастаянна думаў, што або мы на каго-небудзь наедзем, або хтосьці на нас. Аднак нам сказалі, што цяжкіх здарэнняў на вуліцах Перу значна менш, чым у Еўропе. Машыны ў асноўным старыя, пабітыя, якія, хутчэй, прыдатныя для музея, чым для язды.

У цэнтры города знаходзіцца вялікая плошча “маёр”. З аднаго боку гэтай плошчы стаіць катэдра, з другога – палац Прэзідэнта, з трэцяга – магістрат. Гэта ўсё нічым не здзівіла. Катэдра была непрапарцыянальнай, а будаўнічыя стылі змешаныя. Наведалі касцёл Святых Пятра і Паўла, айцоў-дамініканаў. Было бачна, што людзі прыбіраюць у святынях, робяць дэкарацыі. Удалося заўважыць, што большая частка перуанцаў прыходзіць у касцёл, каб памаліцца, а іспанцы – каб паглядзець.

У касцёлах гучаць музыка і спевы падчас Імшы, усе спавядаюцца. Я адчуваў сябе, як у Польшчы. Убачыў і тое, чаго на маёй радзіме няма: людзі, калі ідуць каля касцёла, хрысцяцца. Перуанскія святары сказалі, што гэта проста пусты знак. Па іх словах, становішча Касцёла ў Перу і іншых краінах Паўднёвая Амерыкі не такое добрае, як падаецца напачатку. Раней меркавалі, што якраз тут надзея Касцёла, а зараз гэта неактуальна: змяншаецца колькасць святарскіх пакліканняў.

Я заўважыў, што Ліма – гэта горад сацыяльных кантрастаў: першы – бедны, шэры горад, дзе ўсё прысыпана пылам, а зеляніны на вуліцах амаль няма. Горы, якія атачаюць Ліму, таксама запыленыя. Пыл засланяе нават сонца. Другая Ліма – гэта прыватны сектар горада, які называецца Мірафлорэс. Гэтая частка падобная да Мадрыда: шмат высокіх дамоў, рэкламныя шчыты. Дзякуючы рознакаляроваму асвятленню вуліцы выглядаюць так багата, што ні адна еўрапейская сталіца не змагла б параўнацца з Лімай.

Мне давялося пабываць у Этнаграфічным музеі і Музеі інквізіцыі. Уразіла тое, што за 300 гадоў існавання інквізіцыі было прысуджана да смяротнага пакарання толькі 40 чалавек, значыць, у сярэднім адзін смяротны вырак на 10 гадоў.

Вечарам мы паехалі аглядаць водны цырк, які знаходзіўся ў цэнтральным парку горада. Прадстаўленне было вельмі цікавым: лазарнае асвятленне фантанаў і музыка стваралі святочны настрой. Я звярнуў увагу, што перуанцы вельмі імпульсіўныя. На вуліцах шумна, машыны сігналяць без перапынку, так і сыплюцца прапановы зайсці ў краму, у рэстаран або ў аўтобус, нават калі чалавеку патрэбна ўвогуле ехаць не ў той бок. Перуанцы непунктуальныя: калі гавораць, што павінны паехаць а 6-й гадзіне, то гэта зусім не абавязкова, а можа быць і а 7-й, і а 8-й. Ад усяго гэтага баліць галава і здаюць нервы.

Біскуп прыслаў нам прывітанне па электроннай пошце, у якім накіроўваў нас у Сан-Рамон, бо ў нядзелю мясцовы пробашч павінен пазнаёміць з парафіянамі. Калі ехалі з Лімы, то звярнулі ўвагу на транзітную трасу праз Анды, якую некалі збудаваў польскі інжынер Маліноўскі. Гэта дарога высакагорная, але вышыня ў аўтамабілі так не адчуваецца, а калі выходзіш з яго, то кружыцца галава і нешта робіцца з ціскам. Гэта ўсё звязана з недахопам кіслароду ў паветры.

Горы паступова знікаюць, і адкрываюцца маляўнічыя краявіды. Розныя дрэвы і кветкі, якіх я ніколі не бачыў у Еўропе. Вёскі ў гарах вельмі бедныя, дамы зроблены з гліны і стаяць яны да першых ліўняў. У Ліме было даволі холадна, у гарах – мароз, а тут вільготна і спякотна.

Нас сустракае натоўп людзей, аркестр грае прывітальны марш. Мы з ксяндзом Гжэгажам мусім не толькі падаць кожнаму руку, але і пацалавацца з кожным. Стараста ўручыў нам прывітальныя дыпломы. Мы былі здзіўленыя, бо нічога яшчэ не зрабілі, а столькі ўжо ўсяго адбылося. Гэта як у Беларусі: яшчэ нічога святар не зрабіў, а яго ўжо на руках носяць і ўсхваляюць.

У нядзелю адбылася першая Імша, дзе нас прадставілі парафіянам. Звярнуў увагу, што каля алтара было шмат міністрантаў, большасць з якіх – дзяўчынкі. Яны былі апрануты не толькі ў комжы, але таксама ў чорныя і чырвоныя сутаны. Людзі спявалі, адказвалі падчас Імшы, але кожны як бы сам сабе. Камунію бяруць да вуснаў, а не як у Іспаніі – у руку. Касцёл маленькі, але чыста прыбраны. Законныя сёстры патлумачылі, што ў гарах людзі больш замкнутыя, а ў джунглях – больш адкрытыя.

У пасёлку жыве шмат нашчадкаў нямецкіх перасяленцаў, якія прыехалі сюды ў канцы ХІХ ст. Ёсць нават такія прозвішчы, як Мюлер, Шродар і падобныя. Бачна гэта і па знешнасці, і менталітэт іншы, чым у еўрапейцаў. Вёскі нямецкіх нашчадкаў выглядаюць інакш, чым перуанскія: багатыя дамы пабудаваныя з сапраўднай цэглы і атынкаваныя.

Вікарыят Сан-Рамон акружаюць высокія горы, працаваць тут цяжка: мала кіслароду, нізкая вільготнасць паветра, тэмпература ўвесь год – +15-25 градусаў. Краявіды маляўнічыя, землятрусаў амаль няма.

Індзейскія пасяленні тут адсутнічаюць. Усе размаўляюць на іспанскай мове. Наша праца заключаецца ў адпраўленні штодзённай Імшы ў Хуанкабамба і ў даязджанні ў вёскі, якіх каля 30. Адлегласць да іх розная. Хоць горы тут і невысокія, але ў перыяд дажджоў некаторыя дарогі становяцца непраходнымі.

У парафіі працуюць дзве законныя сястры-перуанкі, якія праводзяць катэхезу ў школе і дапамагаюць нам гатаваць ежу. (Працяг будзе)

Падрыхтавала Наталля Мізярска, Ушачы

Чытайце таксама: Жыццёвы шлях місіянера

для друку для друку