Жыццёвы шлях місіянера

Ксёндз Ежы Майка пачаў працаваць з 2002 года і быў перакананы, што зусім не важна, у якой краіне служыць святар, галоўнае – быць адданым людзям і Богу. Місійная дзейнасць – гэта заўсёды сустрэча з новымі людзьмі, з іх радасцямі і праблемамі. Таму святар павінен заўсёды быць адкрытым на праблемы другога чалавека, а самае галоўнае – пастаянна вучыцца і выхоўваць сябе кожны раз па-новаму.

Шлях да святарства ў ксяндза Ежы не быў стандартным. Ён выхоўваўся ў польскай каталіцкай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей. Касцёл і сакраманты ў дзяцінстве ўспрымаў для себе вельмі важнымі дзякуючы маці і бабулі. Ксёндз успамінае: “Калі я выехаў з бацькоўскага дому і пачаў вучыцца ў тэхнікуме, а затым працаваць у шахце ў Сілезіі*, мая патрэба ў сакрамантах аслабла да таго, што я пачаў трактаваць касцёл як нейкі элемент традыцыі, фальклору, дзіўнай звычкай людзей у вёсцы”.

Навяртанне да Бога

“Момантам майго навяртання да веры стаў няшчасны выпадак, пасля якога я са зламанымі нагамі апынуўся ў шпіталі, – дзяліўся ўспамінамі Ежы Майка. – Тады я зразумеў, што жыццё чалавека вельмі крохкае, і трэба задумацца над яго сэнсам. Менавіта тады пачала зараджацца нейкая яшчэ вельмі слабая думка быць разам з Богам, Які адзіны можа надаць нейкі сэнс нашаму жыццю. Праз пэўны час я вырашыў прысвяціць сябе святарству, не маючы аніякага ўяўлення пра святарскае жыццё, і ў 27 гадоў паступіў у Духоўную семінарыю ў Кельцах.

Пасля другога года навучання я зразумеў, што жыццё святара – гэта не ўцёкі ад свету і філасофскае разважанне над сэнсам існавання. Касцёл мае нешта большае, але гэтае большае патрабуе шмат працы над сабой і вялікага цярпення. “А ці змагу я стаць паслядоўнікам Езуса Хрыста, а ці змагу разам з Ім ісці па крыжовай дарозе?” – я задаваў сабе не раз такое пытанне. Каб спыніцца і падумаць над сваім далейшым жыццём, я пакінуў духоўную семінарыю на нейкі час і вярнуўся да жыцця свецкага”.

Вясновай раніцай 1997 г., ідучы на працу, Ежы Майка зразумеў, што ён гатовы стаць святаром, што гэта яго пакліканне. Вялікі ўплыў на яго аказаў пробашч, ксёндз Марэк, які працаваў у той час ва Украіне. Таксама вялікі сэнс тады мелі словы Яна Паўла ІІ, каторы заклікаў да евангелізацыі на ўскрайках свету.

Пра місійную дзейнасць Ежы пачаў марыць яшчэ з пачатку навучання ў семінарыі, і гэта былі “рамантычныя мары” пра Афрыку.

Пасля чацвёртага года навучання ў семінарыі яму пашчасціла выбрацца на рэкалекцыі ва Украіну, у парафію, дзе працаваў яго пробашч ксёндз Марэк. Праца ў Камянцы-Падольскім маладому семінарысту настолькі спадабалася, што ён захацеў сюды вярнуцца. Пасля пасвячэння ў святары звярнуўся да біскупа ў Кельцах па дазвол выехаць ва Украіну. Але па дзіўным супадзенні праз некалькі хвілін пасля яго гутаркi патэлефанаваў біскуп Уладзіслаў Блін з Беларусі, які прасіў даслаць яму святара-місіянера. Усё імгненна змянілася: ён марыў пра Украіну, а апынуўся ў Беларусі, у парафіі Святога Лаўрэна ва Ушачах, што ў Віцебскай вобласці.

Місія ў Беларусі

“З моманту свайго прыезду ў Беларусь я зразумеў, што тут жывуць вельмі рэлігійныя людзі. Бо ніколі за сем гадоў свайго служэння я не сустрэў чалавека, які б адкрыта заявіў, што ён атэіст або не з’яўляецца вернікам, – расказвае ксёндз Ежы. – Мае парафіяне пасля засілля савецкай улады і панавання атэізму на працягу многіх гадоў часам проста не мелі ўяўлення, якім павінен быць сараўдны католік. На беларускім усходзе народныя традыцыі часта пераважалі над Касцёлам: вера ў культ абразоў, культ памерлых, выкарыстанне святой вады і г.д. Нават пілігрымка верніка-беларуса не заўсёды была цесна звязана з Касцёлам, а выглядала як шпацыр з сябрамі, атрыманне новых уяўленняў ад жыцця.

Выключэннем тут з’яўляўся сакрамант хросту, які браўся ў якасці Божага бласлаўлення і на ўсялякі выпадак, бо гэта не балюча і можа нават дапамагчы. Але пасля хросту такі чалавек больш не прыходзіў у касцёл. Гэта датычыць як каталіцкіх супольнасцяў, так і праваслаўных, нягледзячы на тое, што праваслаўных вернікаў значна больш у Беларусі. Таму, працуючы ў Беларусі, я адчуў патрэбнасць у рэлігійнай адукацыі дзяцей, асабліва для падрыхтоўкі Святой Камуніі”.

Ксёндз Ежы Майка ў сваёй працы з дзецьмі і моладдзю асаблівую ўвагу накіроўваў на дзяцей з бедных сем’яў. Разам з прыхаджанамі арганізоўваў наведванне дзіцячага прытулка. Пры дапамозе ксяндза была арганізаваная група ўшацкіх дзяцей, якія паехалі на адпачынак у каталіцкі лагер у Качын. З нагоды свята Божага Нараджэння падрыхтавалі Батлейку з самымі маладымі ўдзельнікамі.

Ксёндз Ежы Майка садзейнічаў арганізацыі моладзевага хору пры ўшацкім касцёле, які часта прадстаўляў калядную песню на фестывалях у Беларусі і за мяжой. Стала традыцыяй наведваць вёскі, дзе ў хаце збіраліся бабулі на cвятую Імшу ў нядзелю і ў святы. У дадатак ксёндз Ежы займаўся адбудовай касцёла, што быў разбураны пры савецкай уладзе. Таксама будавалася новая плябанія.

Ксёндз Ежы ўспамінае, што ўшацкія парафіяне былі прывучаны да працы і шмат зрабілі для аднаўлення касцёла і плябаніі. Яны стараліся падтрымаць яго і дапамагчы яму ва ўсім. Вядома, што адрамантаваць касцёл не было пад сілу гэтай невялікай групе людзей, і спатрэбілася дапамога звонку: з Польшчы, з Германіі. Большая частка сродкаў прыйшла ад нямецкага фонду “Рэнавабіс”.

Аднойчы, калі ксёндз Ежы, раўняючы зямлю вакол плябаніі, перавозіў яе на тачцы, я пацікавілася, дзе быў большы аб’ём працы: у шахце або тут? Ксёндз Ежы на хвілінку задумаўся і адказаў: “Напэўна, тут”.

Незаўважна праляцела сем гадоў. Велічна ўзвышаецца касцёл, які бачны здалёку. Праз дарогу радуе вока плябанія. А ксёндз Ежы з місійнай дзейнасцю знаходзіўся ў Перу.

(Працяг будзе).

Запісала Наталля Мізярска

*Сілезія – рэгіён Польшчы

для друку для друку