У Папшычах не забываюць пра традыцыі продкаў і штогод носяць намётку (+відэа)

papszczy_namiotka01У вёсцы Папшычы Глыбоцкага раёна 15 мая на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа прайшло парафіяльнае свята.

Незвычайнасць гэтага свята ў тым, што тут да нашых дзён захаваўся абрад нашэння намёткі, які некалькі гадоў таму быў уключаны ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя гэтага абраду сягае ў далёкае мінулае, калі ў навакольных вёсках страшная хвароба забірала людскія жыцці. І вось падказаў хто вяскоўцам ці яны самі так вырашылі, саткалі жанчыны за адну ноч кусок палатна, абнеслі яго вакол вёскі і ахвяравалі ў свой касцёл. І эпідэмія адступіла.

Распавядае Віктар Барыла, жыхар вёскі Удзела: «І потым аднаму з жыхароў навакольных вёсак прысніўся сон. Пытаецца ён у хвароб: “Чаму ты ў Папшычы не заходзіш?” і чуе адказ:“А там бегае нейкі руды сабака, не пускае мяне”».

З таго часу і да нашых дзён жыхары Папшыц выконваюць гэты абрад. Ён амаль нязменна захаваўся да нашага часу. Праўда, палатно ўжо не ткуць, а набываюць у краме, ахвяры складаюцца грашыма. Некалькі разоў мяняўся канчатковы пункт маршруту, а вось яго пачатак застаўся нязменны – каля вясковага крыжа.

Там раніцай збіраюцца вернікі, пад рэлігійныя спевы разгортваецца палатно, людзі складаюць на яго свае ахвяры, намётку праносяць над галовамі вернікаў. Потым яе ўрачыста нясуць праз усю вёску да капліцы, што стаіць на вясковых могілках. На працягу ўсяго шляху, а ён займае каля паўгадзіны, людзі моляцца, спяваюць рэлігійныя спевы. Прычым, несці намётку пажадана людзям маладзейшым. У гэтым ёсць свае прычыны, адна з якіх, гэта тое, што гэты абрад не загіне, а перадасца наступным пакаленням.

papszczy_namiotka07

Адзін з такіх маладых людзей, Дзяніс Філіпчык, паспрыяў таму, што гэты абрад уключылі ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь: «Раней такія абрады праводзілі амаль у кожнай беларускай вёсцы, калі вёсцы пагражала хвароба, пажар, вайна, мор свойскай жывёлы… Збіралася вёска, за адзін дзень ці адну ноч ткалі абрэз палатна, з малітвамі праносілі яго вакол вёскі і ахвяравалі ў касцёл. Апошні раз да такога абраду звярталіся падчас апошняй вайны, каб захаваць вёску ад карнікаў. Потым гэты абрад забыўся. А вось тут у вёсцы Папшычы ён захаваўся.»

На вясковых могілках адбылася святая Імша, падчас якой намётку асвяцілі і яна разам з грашовымі ахвярамі была перададзена ў парафіяльны касцёл, які размешчаны ў вёсцы Удзела.

papszczy_namiotka16

У гэтым годзе святую Імшу ўзначаліў ксёндз Андрэй Кулік. У сваім слове да вернікаў ён адзначыў важнасць захавання сваіх каранёў, заклікаў не губляць сувязі з бацькоўскім домам.

«У людзей ёсць дзве рэчы, якія трэба захоўваць. Гэта вера і мова. А ў вас ёсць яшчэ намётка. Таму беражыце гэта і не скаромцеся гэтага»,— сказаў святар.

Пробашч парафіі айцец-францішканін Яраслаў Банасяк адзначыў, што касцёл прыхільна ставіцца да такой традыцыі: «Вядома ж, абараніла людзей ад хваробы не сама намётка, а іх шчырая вера. Таму там, дзе ёсць малітва, ёсць вера, там будзе і Божая дапамога.»

Ён таксама паказаў ліст Папы святога Яна Паўла ІІ, які ён даслаў у 1992 годзе, дзе ён падзякаваў вернікам з Папшычаў за захаванне традыцыі.

Вернікі старэйшага веку ўспамінаюць, што за савецкім часам гэту традыцыю забаранялі, вернікаў каралі штрафамі, якія выплачвалі ўсёй вёскай.

Успамінае Часлава Гуменнік: «Нас праганялі адгэтуль, не дапускалі ні дзетак, нікога. Я сама дачушку вадзіла за вугламі ў касцёл, каб не бачылі.»

«Проста на могілках маліліся ля крыжа, капліцы ж не было, потым ужо пабудавалі, як у Глыбокім працаваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк», — кажа Аліна Жолуд.

Яна распавяла, што ў савецкія часы намётку неслі схаванай да мосарскага касцёла, а ўжо перад касцёлам раскладалі.

Зараз ужо не трэба хавацца, усё адбываецца ўрачыста. Праўда, насельніцтва вёсак змяншаецца. Але ёсць надзея, што нашчадкі жыхароў вёскі Папшычы гэтую традыцыю захаваюць і перададуць яе сваім дзецям.

Варта адзначыць, што падчас Імшы быў вялікі вецер, а гэта, як адзначыў айцец Яраслаў, знак таго, што Бог пачуў малітвы людзей.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку