На фестывалі «Зорка Бэтлеему» у Мёрах праслаўлялі народжанага Езуса

3мУ чатырнаццаты раз у суботу 3 студзеня ў Мёры з’ехаліся дзеці і моладзь з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі і з Магілёва, каб праслаўляць Божае нараджэнне на фестывалі “Зорка Бэтлеему”.

Прыбылі на конкурс каляднай песні ў гэтым годзе выступоўцы з Пастаў, Слабодкі, Друі, Шаркаўшчыны, Варапаева, Браслава, Наваполацка, Віцебска і Магілёва, а таксама самі міярчане.

Пасля ранішняй службы ў касцёле вернікі накіраваліся ў РДК, куды з асаблівым хваляваннем рушылі і канкурсанты. Пачаўся фестываль малітвай. Пробашч парафіі Унебаўзяцця Насвяцейшай Панны Марыі і арганізатар конкурсу ксёндз Крыштаф Міянкіна сардэчна вітаў гасцей і гледачоў. Шаноўным госцем на мерапрыемстве стаў ксёндз-біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ён падкрэсліў, што той, хто прыехаў на конкурс, ужо атрымаў перамогу, і пажадаў усім удзельнікам прыемных пачуццяў ад сустрэчы, на якой маецца такая цудоўная магчымасць узаемнага праслаўлення Бога, а таксама шчырага натхнення.

Вядучы Аляксандр Сінкевіч прадставіў журы, у склад якога ўваходзілі магістр мастацтваў і арганнай музыкі, арганістка з Наваполацка Іна Шпілеўская, магістр і музыказнаўца сакральнай музыкі Дзмітрый Гарэлаў, пробашч парафіі ў Дунілавічах ксёндз Павел Самсонаў, выкладчыца Мёрскай школы мастацтваў Зінаіда Пучкоўская, і старшыня журы—ксёндз Вячаслаў Пялінак з Глыбокага.

Трэба адзначыць, што ўзровень конкурсу як у плане музычным так і прафесійным мастацкім за сваю кароткую гісторыю значна вырас і набыў папулярнасць. Вядомыя калядкі падпявалі і гледачы, а выступоўцаў яны шчодра ўзнагароджвалі апладысментамі. Друйскай моладзі з інтэрната ў зале падтанцоўвалі канкурсанты з Браслава. Тым самым падкрэсліваючы салідарнасць у праслаўленні свята Божага Нараджэння. Выкананне лірычных кампазіцый самымі малодшымі ўдзельнікамі кранала тонкія струны душы гледачоў.

У невялікіх перапынках паміж выступленнямі вядучая Ірына Качан пераўвасаблялася ў розныя вобразы, праводзіла конкурсы, чым забаўляла гледачоў і дазваляла няспешна падрыхтавацца наступным спевакам.

Фестываль доўжыўся да вечара. Атмасфера салідарнасці і актыўнасці не дазволіла стаміцца, а наадварот ўзбадзёрвала. Таму ў перапынку, пакуль кампетэнтнае журы падводзіла вынікі, у фае РДК праходзілі танцавальныя хвіліны.

Пачаў падсумоўваць конкурсны песенны дзень старшыня журы ксёндз Вячаслаў Пялінак такімі словамі: “Вельмі важна, што на сцэне зноў шмат дзяцей. Былі розныя перыяды ў конкурса, калі спявалі пераважна студэнты ці людзі якім за 20. А зараз канкурсанты сталі “маладзець” і гэта радуе! Магчыма мы крыху працавалі доўга, падводзячы вынікі, але ішлі спрэчкі наконт “музычных адносін”, трэба адзначыць, што дыскусія скончылася згодай і ўзаемапаразуменнем. Журы прыйшло да высновы, што ў некаторых выпадках крытыкаваць трэба не выканаўцаў, а кіраўнікоў і адказных за падрыхтоўку да выступлення. Яны павінны больш пільна адносіцца да выбару кампазіцыі і вельмі добра абдумваць іх ажыццяўленне, сачыць за сугучнасцю на сцэне інструментаў. Усе ж выступоўцы былі цудоўныя. Безумоўна, узнагарода за конкурс знаходзіцца на другарадным месцы, бо галоўнае, што дзеці і моладзь сабраліся ў Мёрах, каб славіць Бога спевамі, аддаць пашану Езусу!”

На сцэну запрасілі самых маленькіх удзельнікаў, якім усяго ад пяці да сямі год з Віцебска і Магілёва. Яны прачнуліся раней за ўсіх, каб дабрацца да Мёраў. За ўдзел у фестывалі і сімпатыяй журы былі адзначаны дзяўчаты са Слабодкі, дуэт Паўла Каскевіча і Яўгеніі Баговіч з Мёраў, Марына Казаровец з Варапаева, Ганна Пазняк і Паліна Валеўка з Мёраў, моладзь з Друйскага дома-інтэрната, якая ўпершыню прыбыла на конкурс.

Падсумоўваючы пачутае і пабачанае, журы выдзеліла дзве ўзроставыя групы—дзеці і моладзь. Найбольш адказна выконваць сольныя нумары. Таму гэтую намінацыю выдзелілі перашай. Сярод дзяцей дыплом трэцяй ступені атрымаў Іван Гіко з Пастаў, а другой ступені ўганаравана Яна Піртань з Браслава, дыплом лідэра заслужыла Эліна Пілат. Сярод моладзі толькі адзін дыплом быў прысуджаны за першае месца Ірыне Аршонак з Варапаева. У намінацыі “гурты” сярод дзіцячых калектываў трэцяе месца атрымалі Віцебскія хлопчыкі і дзяўчынкі, а другое падзялілі групы з Магілёва і Наваполацка. Шмат было выступленняў маладзёжных гуртоў—каля дзясяці—і ўсе адзначаны на высокім узроўні. У гэтай намінацыі трэцюю пазіцыю падзялілі “суседзі”—Браслаўская і Міёрская парафіі. А вось пераможцамі адзінагалосна журы вылучыла гурт з Шаркаўшчыны.

Пераможцам і прызёрам уручаны дыпломы і каштоўныя падарункі, астатнія канкурсанты дадому вярталіся з памятнымі ўзнагародамі.

Ксёндз-біскуп Алег Буткевіч звярнуўся да арганізатараў і ўдзельнікаў з такімі словамі: “У першую чаргу хочацца фестывалю пажадаць развіцця, каб тое добрае, што ўтварылася і стала традыцыяй, павялічвала колькасць удзельнікаў і конкурс узрастаў творча. Божага бласлаўлення ў жыцці кожнага з тых, хто прымае ўдзел. Фестываль—гэта добрая магчымасць сустрэцца, наладзіць кантакты і пасябраваць, праслаўляць Бога, гэта малітва, якая праяўляецца з талентам, дадзеным Богам, што мае духоўную карысць для тых, хто выступае, і таксама для тых, хто слухае.”

Закончыўся чарговы фестываль, прысутныя атрымалі бласлаўленне ад біскупа і станоўчыя эмоцыі ад цёплай каляднай атмасферы. Несумненна, добрая традыцыя і ў наступным годзе збярэ ў Мёрах юных вернікаў, якая зноў праславіць нараджэнне Езуса сваімі музычнымі, вакальнымі і артыстычнымі талентамі.

Вольга Вішнеўская, тэкст

Казімір Блажэвіч, фота

для друку для друку