“Кожны дзень – гэта маленькае паміранне”. У Росіцы ўшанавалі памяць ахвяраў трагедыі

22 лютага 2020 года ўшанаваць памяць блаславёных айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры ў росіцкім касцёле Святой Тройцы сабраліся не толькі мясцовыя вернікі і пілігрымы з Беларусі, а святары і манахіні з усёй Віцебскай дыяцэзіі. Да гэтага дня было прымеркаванае агульнадыяцэзіяльнае спатканне духавенства.

На жаль біскуп Віцебскі Алег Буткевіч не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, таму ўрачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны Вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель.

Распачаліся ўрачыстасці а 11 гадзіне ў касцёле з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту, часам асабістай малітвы і споведзі, што стала добрай падрыхтоўкай да важнейшага пункта ўрачыстасці – Эўхарыстыі.

Апякун санктуарыя бласлаўлёных мучанікаў а. Чэслаў Курэчка МІС вельмі цешыцца, што пілігрымы прыбываюць з розных куточкаў нашай краіны, стаяць на каленях і шчыра моляцца. “Росіца паклікала нас ізноў у лютым, калі ўспамінаем гэтыя вялікія смутныя падзеі, але высакародныя, калі любоў перамагла смерць. Месца, дзе знаходзімся – зямля святая. Збіраемся тут на пачатку Вялікага посту, каб схіліць свае калені, памаліцца за ахвяры Росіцкай трагедыі, якія загінулі, каб прасіць у мучанікаў мужнасці на кожны дзень”, — прамовіў на пачатку св. Імшы а. Чэслаў.

“Паглядзіце на гэту падлогу, на ей у 1943 годзе стаялі людзі, якіх прысудзілі на пакуты, да пакарання без віны. Сёння мы спяваем велічныя гімны, узрушаныя малітвай, прымаем святую Камунію, а ў 43-м годзе тут людзі думалі пра сваю смерць, што прыйдзе момант, калі трэба будзе пакінуць гэты свет ад рук карнікаў”, — гэтымі словамі распачаў гамілію канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-канонік Віктар Місевіч.

Святар паразважаў над тэмай важнасці цярпення і крыжа ў жыцці чалавека. “Тамаш Кемпійскі ў сваёй кнізе пра наследаванне Хрыста сказаў прыкладна так, што калі б Езус хацеў бы нам нешта вельмі важнае данесці, то напэўна сказаў бы, аднак Ён гаворыць пра крыж. Ён палічыў неабходным сказаць, што ў Крыжы крыецца глыбокі сэнс, што ён нам патрэбны.

Папа Францішак у адным са сваіх інтэрв’ю сказаў, што “кожны дзень – гэта маленькае паміранне”. Кожны дзень час ляціць. Мы адчуваем, што ўзрост не той, і старэем і хварэем і набліжаемся да мэты – адыходу з гэтага свету. Пантыфік кажа, што кожны дзень трэба памятаць пра гэтае маленькае паміранне. Калі пра гэта памятаем , тады мы мудрыя, а калі забываемся – гэта праява глупства і неразумнасці. Бо чалавек не бессмяротны. Нам трэба памятаць пра смерць і пра крыж, і рабіць гэта кожны дзень”.

Кс. Віктар звярнуў увагу, што цярпенне бывае розным: часам накінутае іншым, якое самі на сябе прымаем дабравольна і цярпенне Касцёла. На заканчэнне святар пажадаў, каб Росіцкія пакутнікі дапамаглі засяродзіцца над важнымі справамі, зразумець важнасць Крыжа і цярпення ў нашым жыцці, бо яно патрэбна каб ачысціцца.

Пасля Літургіі святары і вернікі з запаленымі свечкамі прайшлі крыжовы шлях дарогай смерці, якой ішлі росіцкія пакутнікі ў час Другой сусветнай вайны.

На месцы гібелі адбылася кароткая малітва, затым да вернікаў звярнуўся ксёндз-канонік Віктар Місевіч. Ён адзначыў той факт, што прыехаўшы сюды мы атрымліваем пэўнае заданне: «Гэтыя людзі не мелі магчымасці вярнуцца да сваіх дамоў, да тых хто іх любіць і хто іх чакае. Але іх мучаніцкая смерць – гэта насенне хрысціянства. Дзякуючы гэтаму подзвігу, мы сёння з вамі маем веру, атрымалі праз іх заступніцтва выключную Божую ласку. Таму для нас тут ёсць і заданне – вяртацца дамоў хрысціянамі, палымнець любоўю адзін да аднаго, давяраць таму, чаму вучыць нас Папа Францішак, навучае Касцёл. І нават калі ў нашым жыцці з’явіцца наступнае цярпенне, наступны крыж, прыняць яго, так як заклікае Хрыстос. Няхай наша росіцкая сустрэча дапаможа быць моцнымі ў веры, трываць у ёй, і дзяліцца адзін з адным любоўю, прабачэннем і радасцю».

Нягледзячы на моцны вецер, пілігрымы некаторы час затрымаліся на Пляцы, каб адараваць крыж, паставіць каля яго зніч у памяць бязвінных ахвяраў і ўзнесці свае малітвы.

Пасля ўрачыстасці пілігрымаў чакаў смачны і гарачы абед у Доме пілігрыма, як заўсёды прыгатаваны з любоўю мясцовымі вернікамі.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
Вялікі фотарэпартаж у суполцы ВК>>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі