Конкурсам нацыянальнай батлейкі скончыўся XIII фестываль “Дні хрысціянскай культуры” ў Віцебску

vicebsk_batlejki042Конкурсам нацыянальнай батлейкі з удзелам дзіцячых калектываў каталіцкіх парафій Віцебскай дыяцэзіі скончыўся XIII фестываль “Дні хрысціянскай культуры” ў Віцебску. Ён праходзіў 9 студзеня ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска.

Як кажа арганізатар конкурсу, пробашч Віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага кс. Адам Дынак, свае батлейкі на фестывалі ў гэтым годзе прадставілі больш калектываў, чым у тым годзе, што не можа не парадаваць. У мінулым годзе прыехалі толькі тры калектывы. У гэтым – 10, нават з такіх аддаленых парафій як Лынтупы, Мёры, Браслаў. Ён спадзяецца, што і надалей актыўнасць не спадзе і дзіцячыя групы будуць радаваць сваёй творчасцю.

Пасля прагляду ўсіх батлеек у прысутных засталіся толькі самыя цудоўныя ўражанні. Але больш за ўсіх запомніўся калектыў з Браслава. Ён выдзяляўся сваім прафесіяналізмам, і ў яго склад уваходзілі не толькі дзеці, але і дарослыя.

Як кажа Іна Сапун, арганістка Браслаўскай парафіі і кіраўнік дзіцячага калектыву, ладзяць розныя спектаклі  яны з 1991 года, таму для іх гэтае не новае. А калядная тэма значная ў тым, што людзі звычайна рыхтуюцца да свята толькі знешне, а пра душу не надта клапоцяцца. Таму ствараючы  сцэнар, яны стараліся паказаць моманты з жыцця розных сем’яў – і шматдзетных, і заможных, і  менш забяспечаных, і сем’і, у якіх людзі пакрыўджаныя праз нейкі грэх і недасканаласці. “А жыццё вельмі хутка скончваецца, таму вельмі важна добра яго пражыць”, — кажа спадарыня Іна.

На фестывалі прысутнічаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які падзякаваў усім, хто ў нялёгкіх пагодных умовах даехаў на мерапрыемства. Ён паабяцаў маліцца за ўсіх прысутных і пажадаў, каб гэтае спатканне ў сэрцах людзей пакінула радасць Божага Нараджэння.

Напрыканцы ўсе ўдзельнікі конкурсу  батлеек атрымалі дыпломы за першае месца. Бо, як сказаў ксёндз Адам Дынак, гэта хутчэй быў не конкурс, а фестываль дзіцячых талентаў. Калектывам уручылі каштоўныя прызы і пачаставалі салодкімі прысмакамі.

Акрамя батлейкі, у  межах XIII фестывалю “ Дні хрысціянскай культуры ў Віцебску” былі праведзены выставы прац дзіцячай творчасці, святочныя канцэрты, сустрэчы чытачоў, тэатралізаванае наведванне пацыентаў дзіцячых аддзяленняў Віцебскай абласной клінічнай бальніцы і іншыя мерапрыемствы.

Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку