ЗША: біскуп прадае палац, каб дапамагчы цяжарным жанчынам

Такое рашэнне звязана з нядаўнім рашэннем Вярхоўнага суда ЗША па справе аб абортах. Ардынарый дыяцэзіі Бельвіль біскуп Майкл Макговэрн вырашыў прадаць 160-гадовы палац, які належыць Курыі. Гэты будынак на працягу апошніх 74 гадоў быў рэзідэнцыяй мясцовых біскупаў.

Грошы ад продажу аб’екта будуць прызначаныя на дапамогу маці, якія чакаюць нараджэнне дзіця, а таксама, у далейшым, на мэты, звязаныя з адукацыяй і евангелізацыяй моладзі. Аб продажы палаца біскуп Макговэрн абвясціў на сваёй старонцы ў Facebook. Ён падкрэсліў, што спытаўся парады ў сваім курыяльным коле і атрымаў поўную падтрымку.

«Я маліўся і разважаў над гэтым рашэннем шмат месяцаў», — адзначыў іерарх. Пасля продажу палаца ардынарый будзе жыць на плябаніі мясцовай катэдры св. Пятра. «Важна, каб біскуп дыяцэзіі ў далейшым жыў паблізу катэдры. Я спадзяюся жыць там прасцей», — дадае Макговэрн.

«Нашага біскупа вельмі любяць і паважаюць святары і супрацоўнікі катэдры. Ён вельмі любіць катэдру і цікавіцца ёй. Вельмі добра, што ён будзе жыць, працаваць і маліцца з намі кожны дзень!» — сказаў у адказ настаяцель храма айцец прэлат Ян Майлер.

Выстаўленая на продаж маёмасць была пабудавана ў 1860-х гадах па замове Джэймса Лоўэры Дональдсана Морысана, будаўніка чыгункі, сенатара штата і федэральнага кангрэсмена. Дыяцэзія Бельвіль набыла гэты дом у 1948 годзе. У прыватнасці, у ім 13 спальняў.

Цана на палац пакуль не вызначана. Курыя павінна вырашыць, ці выстаўляць дом і прылеглую зямлю на продаж. За апошнія гады ў палацы праведзена шмат розных рэканструкцый, якія значна павялічваюць яго рынкавы кошт.

Амерыканскія каментатары адзначаюць, што ў апошнія тыдні мясцовыя прыхільнікі жыцця актывізавалі працу над новымі праграмамі падтрымкі цяжарных жанчын, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах. Гэтая тэндэнцыя звязана з майскім рашэннем Вярхоўнага суда ЗША, які забараніў неабмежаваны доступ да абортаў па ўсёй краіне.

pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі