У сённяшнім выпуску нашай моўнай старонкі мы крыху пагаворым пра даволі значны пласт беларускай лексікі, якая, аднак, мае абмежаваны характар ужытку, выкарыстоўваецца найчасцей у мастацкіх тэкстах на гістарычную тэматыку.
Ідэю для разгляду нам прапанавала пастаянная чытачка “Каталіцкага Весніка” спадарыня Марыя С. з Гродна. “Чытаючы творы Уладзіміра Караткевіча і іншых знакамітых беларускіх аўтараў, – піша сп-ня Марыя, – міжволі звяртаеш увагу на словы, якія цяпер амаль не ўжываюцца ў жывой мове, але часта сустракаюцца ў гістарычных раманах. Гэта, напрыклад, назоўнікі абшарнік, агмень, атрамант, гарнітур, клявец, перавясла, пэрл, спаборнік і іншыя. Хацелася б даведацца, якое месца навукоўцы адводзяць ім у сучасным беларускім лексіконе? І ці залічваюцца яны ўвогуле цяпер да беларускай лексікі?”
Мы шчыра дзякуем сп-ні Марыі за ўзнятае пытанне, якое сапраўды важнае, асабліва для тых, хто цікавіцца мастацкай літаратурай на гістарычную тэматыку. Таму паспрабуем сцісла ахарактарызаваць згаданую групу лексікі.
У лінгвістыцы прыведзеныя вышэй нашай чытачкай словы трактуюцца як гістарызмы або архаізмы. Гістарызмы – гэта словы, якія абазначаюць прадметы, з’явы ці паняцці, што ўжо выйшлі з жыцця: аршын, дзіда, лікбез, камбед і інш. Архаізмы – гэта ўстарэлыя словы, што былі выцесненыя з актыўнага ўжывання іншымі словамі з тым самым ці падобным значэннем: персі – грудзі, чарніца – манашка, ланіты – шчокі, жывот – жыццё і інш. Роля такіх слоў у мастацкіх тэкстах на гістарычную тэматыку насамрэч неацэнная, паколькі яны дазваляюць дастаткова дакладна і маляўніча апісаць побыт, звычаі, традыцыі людзей пэўнай эпохі. “У падзеях мiнулага, – гаварыў Уладзімір Караткевiч, – нашы каранi. А дрэва без карэння не можа нi iснаваць, нi тым больш прыносiць плады”. І ў сваіх гістарычных творах наш знакаміты пісьменнік па-майстэрску выкарыстаў багаты вобразна-выяўленчы патэнцыял гістарызмаў і архаізмаў.
Паспрабуем разгледзець канкрэтныя лексічныя адзінкі, праілюструем іх ужыванне фрагментамі з тэкстаў мастацкай літаратуры.
Абшарнік – уладальнік вялікіх абшараў зямлі, памешчык (А! – азваўся адзін з абшарнікаў, – пан Ладунскі напалоханы бальшавікамі, і ён лічыць іх за вялікую сілу. Якуб Колас);
Агмень – агонь, кола сям’і (Анастасся азіраецца і садзіцца ў кут чакаць. Вось ён, яе агмень, яе новы дом! Кастусь Тарасаў);
Атрамант – чарніла (Маленькі Тамаш быў тады заўсёды запэцканы ў сіні атрамант: рукі, нос, лоб, нават язык. Тамаш і цяпер памятае саладкаваты, непрыемны смак атраманту. Змітрок Бядуля);
Гарнітур – касцюм (Пасля ткачыхі ў нас працаваў вандроўны кравец. Мне і бацьку ён пашыў гарнітуры з добрага сукна. Змітрок Бядуля);
Знатнік – багаты, уплывовы чалавек (Ён можа яшчэ і атрымаць ад караля трэць за выдачу сяброў, гэты знатнік. Уладзімір Караткевіч);
Клявец – молат з канцамі ў выглядзе сякерак для насечкі жорнаў (А от глядзі: “талкавіска” – месца, вытаптанае коньмі падчас бітвы. Або “клявец” – востры молат, каб насякаць жорны. Забылі! Уладзімір Караткевіч);
Перавясла – саламяны жгут для завязвання снапоў, кулёў і інш. (Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату. Янка Купала);
Прычотнік – клірык, царкоўны служка, дзяк або званар (Там у іх адзін Лотраў прычотнік ёсць, рымлянін, то дальбог не разбярэш, хто ў іх там мужык, а хто баба. Уладзімір Караткевіч);
Пэрл – жэмчуг (Вітай, паэтаў пэрла з Урыяну, / Кароль ты на Парнасе, дык прасіць я стану, / Каб творчасці маёй сваім аўтарытэтам / Ты не стаптаў з увагі, што паэт кабета. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч);
Радзіна – сям’я, родзічы (Твой Алкід, твая дзяціна, / Твая адзіная радзіна, / Любоў адзіная твая. Якуб Колас);
Спаборнік – чалавек, які прымае ўдзел у спаборніцтве (Рук Палессе чакае Новых, гаспадарных, / Спаборнікаў стойкіх, / Брыгадаўдарных. Янка Купала);
Спачывальня – спальня, звычайна ў палацы (Кнігіня Дабранега плакала ў сваёй спачывальні. Леанід Дайнека);
Шалег (шэлег) – старадаўняя дробная манета (Як жа, як я стараўся / Сабраць гэтых шалегаў, / І ў калоды цягаўся, / І падзённа у двор бегаў. Янка Купала).
У гэтым матэрыяле мы прывялі толькі некалькі прыкладаў ужывання гістарызмаў і архаізмаў у мове мастацкай літаратуры. Мяркуем, што вобразна-выяўленчая функцыя такіх слоў цалкам відавочная, паколькі дапамагае чытачу дастаткова выразна ўявіць час, апісаны ў тэксце.
Варта памятаць, што слоўнікавы запас любой мовы няспынна змяняецца. Мы бачым, што некаторыя словы замяняюцца іншымі, больш “сучаснымі”, а іншыя проста перастаюць ужывацца ў мове, паколькі выйшлі з ужытку паняцці, якія імі абазначаліся (камбед, лікбез, нэпман, харчразвёрстка і інш.).
Адзначым разам з тым, што некаторыя назоўнікі з разгледжаных вышэй, і сёння раз-пораз фіксуюцца і ў вуснай камунікацыі, і ў пісьмовых тэкстах. Так, да прыкладу, слова агмень, якое выкарыстоўваецца ў спалучэнні з прыметнікам сямейны – сямейны агмень. Або лексема гарнітур з тым самым значэннем – касцюм: модны гарнітур, новы гарнітур, апрануты ў цёмны гарнітур. Гэта яшчэ раз падкрэслівае думку, што мова – жывы арганізм, і змяненні могуць адбывацца ў розных кірунках.
Адказваючы больш канкрэтна на пытанне нашай чытачкі, агучанае ў пачатку артыкула, заўважым, што і гістырызмы, і архаізмы з’яўляюцца важным пластом лексікі нашай мовы, бо яны ўтрымліваюць багатую культурную, гістарычную інфармацыю, што дазваляе нам лепш арыентавацца і ў цяперашніх моўных рэаліях. Гэта неад’емная частка беларускага лексікону.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для ўсіх, хто цікавіцца і сучаснай беларускай мовай, і пэўнымі аспектамі яе гістарычнага развіцця.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!