Мінулы тыдзень стаў падсумаваннем катэхетычных заняткаў у Шчучыне. Для некаторых, гэта былі апошнія ўрокі, а некаторыя толькі пачынаюць свае пазнавальныя прыгоды пра Езуса Хрыста.
У сераду, 27 мая, падводзілі вынікі заняткаў у некаторых шчучынскіх дзіцячых садках, дзе ўжо на працягу трох гадоў выкладае а. Аляксандр Махнач SP. З кожным новым навучальным годам заўсёды ёсць новы дзіцячы сад.
У той жа дзень моладзь 10 класаў падзякавала Богу за сакрамант канфірмацыі, які быў прыняты ў мінулым годзе. Гадавіна сакраманту абагульніла заняткі катэхезы. Пасля ўрачыстай Імшы, каля вогнішча кожны атрымаў пасведчанне аб заканчэнне катэхетычнага года.
З заняткамі катэхезы развіталіся адзінаццацікласнікі, якія ўжо здаюць іспыты і плануюць сваю будучыню. У мінулы панядзелак пасля Імшы ў інтэнцыі выпускнікоў, моладзь падзякавала ўсім святарам, якія працуюць у парафіі, за падрыхтоўку розных сакрамантаў і прыклад веры.
Агульным завяршэннем усёй катэхізацыі бягучага года для ўсіх удзельнікаў стала парафіяльная св. Імша ў нядзелю 31 мая. Традыцыйна, у гэты дзень маладыя людзі 11 класаў перадаюць фігурку св. Юзафа Каласанса сваім малодшым сябрам, у знак вернасці і пастаяннай прысутнасці рэлігійных на занятках катэхезы.
А. Віталь Слука SP, тэкст і фота
