Першы спадарожнік Ватыкана – SpeiSat – быў выведзены на арбіту з базы Вандэнберг (Каліфорнія) у чэрвені 2023 года 70-метровай ракетай Falcon 9. Гэта часткова шматразовая ракета-носьбіт кампаніі SpaceX, заснаванай мільярдэрам Іланам Маскам. Сам спадарожнік SpeiSat, які важыць два кг і не большы за скрыню ад абутку, мае дзве асноўныя задачы. Першае, гэта даставіць у касмічную прастору кнігу Папы Францішка “Чаму вы баіцеся?”, 160 старонак якой былі сціснутыя ў нанакнігу памерам са шпількавую галоўку. І кожныя дзве хвіліны перадаваць папскія пасланні, якія ўсе радыёаматары свету змогуць паслухаць на частаце 437,5 MH. Акрамя рэлігійнай місіі, касмічны карабель будзе вымяраць магнітнае поле Зямлі з дапамогай магнітаметраў па трох восях.
Падобная калабарацыя паміж Касцёлам і навукай здараецца не ўпершыню. А калі казаць пра даследаванні космасу, то Ватыкан займае там адну з вядучых пазіцый. Ён мае ўласную абсерваторыю пры Папскай летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа, якая з’яўляецца адной з самых старых астранамічных установаў у свеце.
Пачаткі Ватыканскай абсерваторыі сягаюць 1578 года, калі Папа Грыгорый XIII склікаў езуіцкіх матэматыкаў і астраномаў, каб яны падрыхтавалі рэформу юліянскага календара, які выкарыстоўваўся з 45 г. да н. э. Каляндар змяшчаў невялікую памылку ў вызначэнні працягласці года, але да канца 1500-х гадоў памылка стала дастаткова вялікай, каб час касцельных святаў не сінхранізаваўся з адпаведнымі сезонамі. Грыгарыянская рэформа прывяла да больш дакладнага гадавога календара і спрошчанага спосабу вызначэння датаў рухомых рэлігійных святаў. З таго часу папы праяўлялі нястомную цікаўнасць да астранамічных даследаванняў і падтрымлівалі іх.
Супрацоўнікі Ватыканскай абсерваторыі робяць свой уклад не толькі ў астраномію, але і сумежныя навукі. Ніжэй – толькі некалькі прыкладаў з шэрагу іх заслугаў перад сусветам.
- Астраномы Ватыкана ў супрацы з іншымі 18-ю краінамі выпусцілі Carte du Ciel (Мапу Неба) – першы фатаграфічны атлас зорак.
- Айцец-езуіт Анджэла Сэккі распрацаваў першую сетку прагназавання надвор’я ў Цэнтральнай Італіі.
- Айцец-езуіт Біл Строгер супрацоўнічаў са Стывенам Хокінгам у Кэмбрыджы і Джорджам Элісам у Кэйптаўне, развіваючы тэорыю Вялікага выбуху.
- Ватыканскі тэлескоп перадавых тэхналогій (VATT) паслужыў узорам для шэрагу іншых рэвалюцыйных ідэй сучаснага дызайну тэлескопаў. Сярод інструментаў VATT ёсць, напрыклад, высакахуткасная камера, здольная рабіць да 400 кадраў у секунду.
- З 1986 года Ватыканская абсерваторыя кожнае лета праводзіць інтэнсіўныя курсы па астрафізіцы, збіраючы аспірантаў-астраномаў з усяго свету. Для ўдзелу ў курсах няма неабходнасці быць вернікам.
На дадзены момант адным з Папскіх астраномаў з’яўляецца айцец-езуіт Габрыэле Джонці. Адно з яго дасягненняў – публікацыя наватарскай працы па тэорыі струн і квантавай гравітацыі, перасячэнні квантавай тэорыі і агульнай тэорыі адноснасці. А. Габрыэле SJ даў эксклюзіўны каментар для “Каталіцкага весніка” (пераклад з англ.): “Адна з прычын, чаму паўстала Ватыканская абсерваторыя, – гэта паказаць свету, што Касцёл не супраць навукі. Напрыклад, мяне рэлігія натхняе і дае вельмі шмат прычын для таго, каб займацца астраноміяй. Яна пабуджае мяне ставіць пытанні не кшталту “Ці ёсць зоркі на небе?”, але “Чаму Бог размясціў там гэтыя светлавыя целы?”. Увогуле правядзенне навуковых даследаванняў для мяне – гэта як нястомная малітва. Таму з пазіцыі верніка і навукоўца я не знаходжу аніякіх супярэчнасцяў паміж верай і навукай. Я не ведаю дакладна, як быў створаны сусвет, але вывучэнне гэтага працэсу ўпэўнівае мяне, што ён – прадукт Божай любові. Я адкрыў прыгажосць фізічных законаў, якія распавялі мне пра прыхільнасць Творцы да сваіх стварэнняў. Для чалавека, каторы не мае веры, гэта складана будзе зразумець. Працуючы побач з навукоўцамі-агностыкамі, я бачу, што яны таксама заўважаюць прыгажосць і гармонію сусвету, але не могуць растлумачыць, адкуль яна паходзіць. Растлумачыць гэта можа толькі чалавек, які мае веру. Быццё хрысціянінам вельмі дапамагае мне ў працы, бо дае моцную надзею, што некалі я знайду ў сусвеце, кажучы метафарычнай мовай, сляды Госпада”.
8 жніўня Касцёл успамінае св. Дамініка, заступніка астраномаў.
Ангеліна Марцішэўская
для друку