Нагодай для чарговай тэмы ў нашай моўнай старонцы стала пытанне ад нядаўняга часу чытачкі “Каталіцкага Весніка” спадарыні Марыны П. з Віцебска.
“У мінулым годзе я выпадкова адкрыла для сябе новую газету, – дзеліцца з намі сп-ня Марына. – Менавіта выпадкова, бо “Каталіцкі Веснік” прынесла мая дачка. Яна ўсюды імкнецца гаварыць па-беларуску, праз гэта часам здараюцца розныя непаразуменні, але мая Ганначка не здраджвае сваёй абранай дарозе… А газета зацікавіла яе не толькі сваёй рэлігійнай скіраванасцю, але і таму, што выходзіць пераважна на беларускай мове. Да таго ж і спецыяльныя моўныя тэмы там асвятляюцца. Вось у мяне і ўзнікла пытанне, наконт якога мы з дачкой апошнім часам дыскутуем: ці правільна казаць па-беларуску, напрыклад, выраб вышэйшай якасці, мацнейшыя спартсмены, лепшы вучань школы і г.д.? Я мяркую, што гэта правільна, бо таксама ж і па-руску будзе: изделие высшего качества, сильнейшие спортсмены, лучший ученик школы. Але мая дачка сцвярджае, што прыведзеныя формы ў беларускай мове памылковыя. Вось мы і спрачаемся. А знайсці правільны адказ пакуль не атрымліваецца, у інтэрнэце таксама не выйшла. Ці можна было б у газеце пра гэта крыху расказаць?”
Хацелася б шчыра падзякаваць сп-ні Марыне і за цікавасць да беларускай мовы, і за канкрэтнае пытанне, і за выхаванне дачкі, неабыякавай да роднага слова. Гэта ўсё надзвычай важна цяпер! А пытанне сапраўды лагічнае. Паспрабуем разабрацца, як у нашай мове ўтвараюцца формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў.
Такія формы прыметнікаў абазначаюць гранічную, ці інакш самую высокую або самую нізкую ступень якасці, уласцівасці прадмета. Простая форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе прыстаўкі най-, якая далучаецца да простай формы вышэйшай ступені параўнання: вышэйшы – найвышэйшы, весялейшы – найвесялейшы, даражэйшы – найдаражэйшы, званчэйшы – найзванчэйшы і г.д.: (І вось смычок цалуе ціха струны, / Як быццам праганяе сон апошні, / І асцярожна выпытаць спрабуе, / Дзе песня найзванчэйшая ляжыць. Генадзь Бураўкін). У асобных выпадках простая форма найвышэйшай ступені параўнання можа ўтварацца прэфіксальна-суфіксальным спосабам: новы – найноўшы, вялікі – найвялікшы.
Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца спалучэннем прыметнікаў са словамі самы, найбольш, найменш: самы прыгожы, найбольш старанны, найменш зразумелы: Самыя раннія – веснія воды, / Самыя познія – цені змяркання, / Самыя лёгкія – шчасныя годы, / Самыя цяжкія – слёзы расстання, / Самыя ціхія – сцежкі дубровы, / Самыя звонкія – родныя гукі, / Самыя чэрствыя – крыўдныя словы, / Самыя чулыя – матчыны рукі. Максім Танк). Заўважым адначасова, што значэнне найвышэйшай ступені якасці можа перадавацца таксама і спалучэннем прыметнікаў з прыслоўямі вельмі, надта, надзвычай: вельмі руплівы, надта вясёлы, надзвычай здольны.
Трэба памятаць, што ў нашай мове ёсць якасныя прыметнікі, якія не ўтвараюць простай формы вышэйшай і, адпаведна, найвышэйшай ступеняў параўнання. Гэта, у прыватнасці, прыметнікі, што абазначаюць стан чалавека (дарослы, нямы, жывы), колер прадметаў праз адносіны да іншых прадметаў (бэзавы, вішнёвы, залацісты), масць жывёл (вараны, буланы, гняды), вонкавую фізічную прымету чалавека (барадаты, вусаты, кульгавы), а таксама прыметнікі з суфіксамі –ав-, —аўн-, -іст-, -ат-, -к-: перадавы, сакаўны, шурпаты, ліпкі. А яшчэ неабходна заўважыць, што ўжывальныя ў беларускай мове формы малодшы і старшы, утвораныя з дапамогай суфікса –ш-, лексікалізуюцца і трацяць значэнне ступені параўнання, выступаючы элементамі тэрміналагічных спалучэнняў: малодшы навуковы супрацоўнік, старшы лейтэнант.
Беручы пад увагу частую блытаніну з рознымі формамі прыметнікаў, з чым мы сутыкаемся ў штодзённай камунікацыі, падкрэслім, што ў рускай мове прыметнікі вышэйшай ступені параўнання – гэта закасцянелая, нязменная форма, якая сваім граматычным складам не адрозніваецца ад прыслоўяў: мудрее – мудрей, светлее – светлей, веселее – веселей. Таму трэба быць вельмі ўважлівымі, каб не цягнуць у беларускую мову такія, нехарактэрныя нам формы. А значыць, прыведзеныя нашай чытачкай сп-няй Марынай у якасці прыкладу канструкцыі кшталту выраб вышэйшай якасці, мацнейшыя спартсмены, лепшы вучань школы – адназначна памылковыя. Правільна будзе адпаведна выраб найвышэйшай якасці, наймацнейшыя спартсмены, найлепшы вучань школы.
Спадзяёмся, што разгледжаны матэрыял дапаможа нашым чытачам палепшыць свае маўленчыя навыкі і дазволіць пазбегнуць памылковага выкарыстання розных прыметнікавых спалучэнняў.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!