У аўторак, 14 лютага, у віцебскай парафіі катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага прайшоў карнавал “Запусты”. Яго падрыхтавалі сёстры-служабнічкі: Люцына Мусёл, Ёнаша Мровец і Крыст’яна Венгерска.
Гэты карнавал быў арганізаваны для людзей старэйшага пакалення. Хоць у многіх ёсць дзеці і ўнукі, але ў тых сваё жыццё і свае інтарэсы. Таму пажылыя часта бываюць самотнымі. А такія мерапрыемствы збліжаюць іх.
Карнавал “Запусты” ладзіцца ў апошнія дні перад Вялікім постам. Гэты звычай сыходзіць сваімі каранямі ў далёкія старажытныя стагоддзі ва ўсім свеце. Але, толькі ў розных краінах, ён завецца па-рознаму. Заканчваюцца “Запусты” ў аўторак напярэдадні Папяльцовай cерады.
Падчас гэтых карнавалаў людзі ладзяць маскарады з пераапрананнем, праводзяць розныя гульні, танчаць, рыхтуюць асаблівыя стравы. Адной з гэтых страў з’яўляюцца тоўстыя і салодкія пончыкі.
У гэтым годзе “Запусты” ў віцебскай парафіі правялі ў Дзень святога Валянціна – апекуна закаханых. А ўсе бабулі і дзядулі таксама калісьці былі маладымі і закаханымі.
Манахіні з парафіі падрыхтавалі таксама і выдатны стол – смачныя цукеркі і печыва, духмяная гарбата і кава, садавіна і вядома неад’емны атрыбут “Запустаў” – тоўстыя, пасыпаныя цукровай пудрай, пончыкі.
Як было прыемна і цікава глядзець на прыгожых пажылых людзей, якія, успомніўшы сваю даўнюю маладосць, весяліліся і прымалі ўдзел у розных гульнях, танчылі і фатаграфаваліся на памяць.
Напрыканцы свята прысутныя з вялікай павагай і любоўю падзякавалі сёстрам-служабнічкам за цудоўна праведзены час, прыгатаваны менавіта для іх.
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, тэкст і фота
