Працэсіяй у гонар Божага Цела па вуліцах Вільнюса адкрыўся VI Сусветны Апостальскі кангрэс Міласэрнасці. У прысутнасці пілігрымаў з многіх краін арцыбіскуп Гінтарас Грушас нагадаў, што Эўхарыстыя — гэта «самы цэнтр Божай Міласэрнасці», і што сучасны свет, нягледзячы на тэхналагічны прагрэс, усё часцей пакутуе ад адзіноты, трывогі і духоўнага голаду.
«Сёння ў цэнтры Вільні пачынаецца VI Сусветны Апостальскі Кангрэс Міласэрнасці. Не выпадкова ён пачынаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. У Эўхарыстыі Хрыстос не толькі гаворыць пра любоў. Ён аддае сябе. Ён корміць, лечыць і пераўтварае свой народ», — сказаў арцыбіскуп Гінтарас Грушас падчас святой Імшы перад архікафедральным саборам святых Станіслава і Уладзіслава, адкрываючы WACOM 6, які будзе працягвацца да 12 чэрвеня. Яго тэма — «Будаўніцтва горада Міласэрнасці». Пасля Імшы па вуліцах горада прайшла працэсія ў гонар Божага Цела.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што сёння «ніводная ідэя, сімвал ці старажытная рэлігійная традыцыя не пройдзе па вуліцах Вільні; сёння праз гэты горад пройдзе сам жывы Хрыстос, той самы Хрыстос, які аб’явіўся ў гэтым горадзе святой Фаўсціне як Гасподзь Міласэрнасці».
Іерарх адзначыў, што наша эпоха перажывае своеасаблівую пустыню. «У нашым распараджэнні велізарныя тэхналогіі, велізарная колькасць інфармацыі і беспрэцэдэнтная моц. Аднак мы таксама сутыкаемся з адзінотай, трывогай і глыбокім духоўным голадам», — сказаў арцыбіскуп, маючы на ўвазе энцыкліку Папы Льва XIV «Magnifica Humanitas»: «Жывы Бог сыходзіць у нашу гісторыю, каб вызваліць нас з усялякага рабства, бярэ на сябе нашу слабасць і ператварае яе ў месца збаўлення».
Ён падкрэсліў, што ў гэтым сэнс Божай Міласэрнасці. «Бог не пазбягае нашых ран. Ён уваходзіць у іх. Раны Хрыста становяцца крыніцай жыцця. Такім чынам, Эўхарыстыя — гэта сакрамант Міласэрнасці — не таму, што яе атрымліваюць дасканалыя людзі, а таму, што ў ёй Хрыстос сілкуе і пераўтварае слабых, стомленых, грэшнікаў і тых, хто шукае», — сказаў арцыбіскуп Грушас,і спаслаўся на «Дзённік» святой Фаўсціны, дзе запісаны словы Езуса: «Чым больш няшчасны стан душы, тым большае яе права на Маю міласэрнасць».
Успамінаючы тэму Кангрэса — «Будаўніцтва горада Міласэрнасці», — арцыбіскуп адзначыў, што гэта не тычыцца будынкаў або збудаванняў. «Сапраўдны Горад Міласэрнасці пабудаваны з людзей, пераўтвораных Божай любоўю», — падкрэсліў ён.
Ён падкрэсліў, што Эўхарыстыя пераўтварае нас у тое, што мы атрымліваем. «Хрыстос будуе сябе з нас. Ён робіць нас Сваім Целам у свеце. Таму мы можам сапраўды сказаць: Вы — Горад Міласэрнасці. І сёння мы ўбачым гэтую рэальнасць, калі будзем ісці ў эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах Вільнюса», — сказаў арцыбіскуп Грушас, адзначыўшы, што падчас нашага падарожжа па горадзе мы будзем спыняцца ў месцах, якія нагадваюць нам пра раны гэтага горада, але таксама сведчаць пра аздараўленне.
Арцыбіскуп Віленскі падкрэсліў, што эўхарыстычная працэсія «— гэта не настальгічны ўспамін пра мінулае, а трыумфальная шэсце Хрыста. Гэта знак таго, што Уваскрослы Гасподзь працягвае ісці са сваім народам і застаецца прысутным у сваім народзе сёння». «Няхай Хрыстос, якога мы прымаем сёння ў Эўхарыстыі, зробіць кожнага з нас жывым каменем у Горадзе Міласэрнасці. Няхай Яго міласэрнасць ацаліць нашы раны. Няхай Яго Цела пераменіць нас. І свет, гледзячы на Касцёл, пазнае жывое Аблічча Міласэрнасці», — заклікаў ён напрыканцы.
Шасцідзённая праграма Кангрэса ўключае малітву і Літургію, канферэнцыі і сведчанні, службы прымірэння, экскурсіі па Вільні і дабрачынныя справы. Чакаецца ўдзел каля 6 тысяч пілігрымаў.
gosc.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!