Ці ж гэта сотні бэтлеемскіх зорак заззялі ўвечары 24 снежня ў лепельскім касцёле Святога Казіміра? Не, гэта вочы парафіян напоўніліся празрыстым святлом у чаканні нараджэння Пана Езуса.
Хоць афіцыйна на календары на сценцы вігілія Божага Нараджэння не выдзелена лічбай чырвонага колеру, але менавіта гэты вечар з’яўляецца часам сямейных сустрэч, узаемных цёплых пажаданняў сваім родным. Асвячоная аплатка, што лепельцы загадзя набылі ў кс. Уладзіміра, стала сімвалам еднасці сям’і, калі кожны са сваякоў адламаў маленькі кавалачак і даў любімаму чалавеку.
Пасля хатняй малітвы і вігілійнай вячэры амаль усе католікі лепельскай парафіі сабраліся на ўрачыстасць ў касцёле. Святочна аздабленне святыні адразу з уваходу ўразіла сваёй чароўнасцю. Пастараліся актыўныя парафіяне, за што кс. Уладзімір асабіста падзякаваў ім падчас Імшы.
Падчас свайго слова пробашч лепельскай парафіі засяродзіў сваю ўвагу на сям’і. Дакладней кажучы на любові ў сям’і, на заўсёднай падтрымцы сваіх родных і блізкіх, на павазе да сваякоў. На веры ў тое, што сям’я і нашы родныя – гэта сапраўдны падарунак Пана Езуса, нараджэнне якога мы штогод адзначаем, каб памятаць пра любоў, з якой Бог аддаў свайго адзінага Сына нам у свет.
Імша на вігілію Божага Нараджэння скончылася. Але цуды працягваюцца. Дзетак з раніцы павіншуе падарункамі святы Мікалай. І вось у дзіцячых позірках мы яшчэ раз убачым тое цудоўнае зіхаценне бэтлеемскай зоркі, якое павінна ў жыцці ніколі не згаснуць.
Алег Шушкевіч, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!









