Віцебскія парафіі павіншавалі біскупа Алега Буткевіча з 25-годдзем святарскага пасвячэння

11 мая пасля святой Імшы а 11.30 вернікі з розных парафій Віцебска сабраліся ў канферэнц-зале катэдральнага касцёла, каб адзначыць 25-годдзе святарскага пасвячэння біскупа Алега Буткевіча — нашага дыяцэзіяльнага Пастыра, які дзень за днём вядзе нас па шляху да Бога, які штодня моліцца за ўсіх нас, каб мы маглі духоўна ўдасканальвацца ў сваім жыцці.

Вядучы сустрэчы Васіль Мядзюха, дзякуючы тэхнічным магчымасцям, прадставіў прэзентацыю фота і відэа некаторых момантаў з жыцця біскупа Алега. Падчас прагляду прысутныя разам з біскупам Алегам змаглі пабачыць твары і постаці шматлікіх знаёмых. На фотаздымках убачылі самых родных людзей, тых, хто даў жыцце нашаму біскупу і хто выхаваў яго такім самаадданым, каб прысвяціць гэтае жыцце справе служэння Пану Богу і малітве за ўсіх нас.

Павіншаваць іерарха было шмат жадаючых. Спадар Алег Рудзько прачытаў кранальны верш Рыгора Барадуліна, які нагадвае аб самым дарагім чалавеку ў жыцці – маці.

Да віншаванняў у адрас біскупа Алега далучылася літаратуразнаўца, паэтэса, самадзейны кампазітар, аўтар слоў і музыкі «Будслаўскі вальс», ураджэнка мястэчка Будслаў Мядзельскага раёна Ірына Саматой. У яе выкананні прагучаў верш, прысвечаны 25-годдзю святарства біскупа Алега Буткевіча, а потым усе разам заспявалі «Будслаўскі вальс».

Выступіла з віншаваннем вядомая віцебская паэтэса Людміла Сіманёнак, парафіянка парафіі Святой Барбары.

Сястра Марыя Шамовіч перадала самыя найлепшыя пажаданні ад імя ўсіх сясцер Віцебскай дыяцэзіі.

Арганізаваны хор з усіх прысутных з дапамогай сястры Мажэны, спадара Аляксандра Вішнякова, а таксама спевакоў парафіяльнага хору зрабілі творчы падарунак, праспяваўшы песню «Вальс аб жыцці».

Прадстаўнікі Віцебскіх парафій Езуса Міласэрнага, Святога Духа і Святога Уладзіслава таксама далучыліся да віншаванняў шаноўнага пастыра.

У выкананні спадарыні Вольгі Аўчыннікавай прагучаў верш народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які таксама меў дачыненне да Касцёла і жыцця нашай дыяцэзіі, актыўна працаваў у жанры духоўнай лірыкі.

Кожнага прысутнага кранула сваёй шчырасцю выкананне дзеткамі песні пра маленькую авечку.

Біскуп Алег шчыра падзякаваў за віншаванні і запрасіў у парафіяльную кавярню на пачастунак.

Вольга Аўчыннікава, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку