Віцебская катэдральная парафія Езуса Міласэрнага адзначыла сваё 20-годдзе

25 верасня 2020 года катэдральная парафія Езуса Міласэрнага адзначыла сваё 20-годдзе. Менавіта ў гэты дзень 20 гадоў таму ў Віцебску была зарэгістравана парафія Езуса Міласэрнага.

Урачыстая св. Імша з нагоды юбілею парафіі адбылася ў пятніцу вечарам. Напачатку ўрачыстасці кс. пробашч Валерый Орсік прывітаў прысутных і прадставіў запрошаных святароў. Парафіяне вельмі рады былі бачыць каля алтара сваіх былых пробашчаў — кс. каноніка Андрэя Аніскевіча, дырэктара Caritas Віцебскай дыяцэзіі і кс. Рамана Мурзіча, пробашча з Параф’янава. Акрамя іх у Літургіі ўдзельнічалі святары з Віцебска, Лепеля, Лынтуп, Ваўкалаты, Канстанцінава. Цэлебраваў святую Імшу біскуп Алег Буткевіч.

Падчас казання біскуп Алег успомніў гісторыю парафіі і падзякаваў усім, хто дапамагаў у пабудове касцёла і служыў на карысць супольнасці Езуса Міласэрнага. Яго Эксцэленцыя выказаў словы падзякі свайму папярэдніку былому ардынарыю Віцебскай дыяцэзіі біскупу на пенсіі Уладзіславу Бліну, бо менавіта праз яго намаганні паўстала гэта парафія і быў пабудаваны касцёл.

У часе святой Імшы 12 вернікаў катэдральнай парафіі прынялі сакрамант Бежмавання.

Напрыканцы ўрачыстасці рада парафіяльная павіншавала ўсіх са святам і падзякавала біскупу Алегу і былым пробашчам за працу на карысць супольнасці. Вернікі, прыняўшыя Бежмаванне, таксама выказалі словы падзякі.

Пробашч парафіі кс. канонік Валерый Орсік яшчэ раз павіншаваў усіх з 20-годдзем парафіі і выказаўся адносна ўмення радавацца з поспехаў іншых, дзяліцца радасцю і разам у ёй прабываць. Кс. Валерый падзякаваў біскупу Алегу, запрошаным святарам, сёстрам законным, службе літургічнай, цырыманімейстару кс. Алегу Зямчонку, катэдральнаму вікарыю, а таксама парафіяльнаму хору і хору з Браслава на чале са спадарыняй Інай Сапун за цудоўны спеў падчас св. Літургіі.

Пасля св. Імшы можна было прайсці ў парафіяльную кавярню і пазнаёміцца з фотавыставай, прысвечанай юбілею парафіі.

Гісторыя парафіі

22 кастрычніка 2000 г. была адпраўлена першая св. Імша для вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага ў касцёле св. Барбары (катэдральным на той момант). Прысутнічала 56 чалавек.

16 лістапада 2000 г. парафія Езуса Міласэрнага атрымала дазвол на пабудову часовай капліцы.

25 снежня 2000 г. капліцу асвяціў біскуп Уладзіслаў Блін.

3 сакавіка 2001 г. першым пробашчам парафіі стаў кс. Дарыюш Кубіца, SDS.

30 чэрвеня 2001 г. у парафіі адбылася першая біскупская візітацыя.

12 верасня 2004 г. кс. біскуп ардынарый асвяціў пляцоўку, а ў сярэдзіне кастрычніка 2004 г. гарадскія ўлады далі канчатковы дазвол на будаўніцтва новай святыні.
Кансэкрацыя касцёла Езуса Міласэрнага адбылася 10 кастрычніка 2009 г. у межах святкавання 10-годдзя існавання Віцебскай дыяцэзіі. Літургію, падчас якой адбывалася асвячэнне, узначальваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч.

18 чэрвеня 2011 г. катэдра з касцёла св. Барбары была перанесена ў касцёл Езуса Міласэрнага. Урачыстую Літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік Папы Бенедыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”.

Важнай датай для нашага касцёла з’яўляецца дзень 18 студзеня 2014 г. — калі катэдра атрымала свайго біскупа. 23 лістапада 2013 г. Папа Рымскі Францыск прызначыў кс. Алега Буткевіча новым біскупам віцебскім. Абрад кансэкрацыі 18 студзеня правёў Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроці, асістэнтамі выступілі арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. На ўрачыстасці было шмат вернікаў і святароў з іншых дыяцэзій, прысутнічалі прадстаўнікі свецкіх уладаў, праваслаўнай царквы, журналісты.

У чэрвені 2019 г. пробашчам парафіі стаў кс. канонік Валерый Орсік, які да гэтага часу ўзначальваў парафію Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы. Вікарый парафіі — кс. Алег Зямчонак. У супольнасці працуюць сёстры Служабнічкі Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна Зачатай.

Аксана Нядвецкая, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі