Віцебская дыяцэзія адзначыла срэбны юбілей

Святкаванне распачалося днём раней, 12 кастрычніка, агульнадыяцэзіяльнай сустрэчай святароў і сясцёр законных. 13 кастрычніка ў Віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага ва ўрачыстасці прынялі ўдзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Алег Шэнда OFMCap, семінарысты з Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, якія паходзяць з Віцебскай дыяцэзіі, разам са сваім прэфектам кс. Янам Раманоўскім, святары, сёстры законныя і вернікі з Віцебскіх парафій.

13 кастрычніка 1999 года Святым Айцом Янам Паўлам ІІ была ўтворана Віцебская дыяцэзія. Мінаючы 25 год з моманту яе ўзнікнення, прысутныя ў святыні мелі магчымасць прыпомніць сабе як гэта адбывалася. Пра важныя моманты, а таксама невядомыя старонкі з гісторыі дыяцэзіі пазнаёміла гісторык Кацярына Лаўрыненка.

“Сёння дзякуем Усемагутнаму Богу за час існавання Віцебскай дыяцэзіі, за тыя ласкі і бласлаўленне, якія атрымалі вернікі гэтай зямлі. Таксама прагнем выказаць нашу ўдзячнасць усім тым, чые намаганні, ахвярнасць, добразычлівасць, талент і малітва дапамагалі і дапамагаюць ва ўзрастанні і развіцці Віцебскай дыяцэзіі”, — прамовіў біскуп Алег і запэўніў у малітве ўсіх тых, хто быў у пачатку яе ўтварэння.

Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч падчас гаміліі падзяліўся ўспамінамі з кансэкрацыі першага біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. “Гэта было велічнае свята трыумфу Хрыста і Яго Касцёла. Укрыжаваная і замучаная ганеннямі зямля атрымала іерархічную структуру на чале з біскупам”. Далей іерарх дадаў: ““Дзе біскуп, там Касцёл” – навучае св. Ігнацый з Антыёхіі, і гэта было бачна няўзброеным вокам. Біскуп Уладзіслаў узяўся за адраджэнне веры, для чаго засноўваў неабходныя для функцыянавання мясцовага касцёла структуры. Яго смела можна назваць архітэктарам будовы Віцебскага Касцёла. Працу яго паспяхова працягвае сучасны ардынарый”.

“Гэта падзея мае сваю значнасць не толькі для Віцебскай дыяцэзіі, але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта не толькі гістарычны факт, але сведчанне жывога касцёла, веры людзей, якія на працягу стагоддзяў ахвяравалі час, сэрца, намаганні, цярпенні, малітвы на пабудову Божага Касцёла, да ўмацавання веры на гэтай шматпакутнай, але вернай і мужнай Віцебскай зямлі, — словы віншавання скіраваў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока: — Касцёл на Віцебшчыне мае вельмі глыбокія гістарычныя карані, гераічную сучаснасць і вялікія магчымасці для развіцця і ўзрастання на будучыню. Належыць пераадолець яшчэ шмат складанасцяў, прайсці шлях аднаўлення, але я веру, што кожны з вас здольны і гатовы прыкладаць намаганні, змагацца як для асабістага ўзрастання ў веры, так і для абвяшчэння Евангелля Божаму народу”.

“Мінулыя 25 гадоў для маладой Віцебскай дыяцэзіі былі падарожжам з Богам. Сёння можна з гонарам пералічыць шмат добрага, што адбылося ў дыяцэзіі за гэтую чвэрць стагоддзя, але і пакорліва прызнаць, што ёсць тое, што не атрымалася, — прамовіў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. — Аднак перш за ўсё мы хочам разам са святым апосталам Паўлам усвядоміць, што ўсё, што мы перажылі, нейкім чынам змяніла нас, таму што «ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога» (пар. Рым 8, 28). Таму мы павінны працягваць шлях перамянення. Перш за ўсё гэта дзеянне Духа Святога, які пастаянна аднаўляе Касцёл. Гэтак як Пётр, які, шкадуючы аб сваім адрачэнні, зразумеў, наколькі ён слабы, і падчас сустрэчы з уваскрослым Хрыстом прызнаўся: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 17)”. На заканчэнне свайго віншавання, мітрапаліт пажадаў, каб вернікаў на Віцебшчыне заўсёды падбадзёрвалі словы Папы Яна Паўла ІІ, заснавальніка вашай дыяцэзіі, каб вернасць Хрысту і Касцёлу і сумленнае хрысціянскае жыццё і надалей былі святлом і сілай для ўсіх, хто жыве ў мясцовым Касцёле. “Святы Ян Павел ІІ, які паклікаў да жыцця вашу дыяцэзіяльную супольнасць, няхай благаслаўляе вас як тады з базылікі святога Пятра, а сёння з Дома Айца Нябеснага і спадарожнічае вам у рэалізацыі місіі Віцебскага Касцёла ў сучасным свеце ў час, у які Бог выбраў вас”, – пажадаў іерарх.

Канцлер курыі кс.канонік Віктар Місевіч зачытаў словы віншавання, якія з нагоды срэбнага юбілею дыяцэзіі даслаў першы Віцебскі біскуп Уладзіслаў Блін. Біскуп на пенсіі падзякаваў за памяць і малітву ў сваёй інтэнцыі. “Гэты юбілей вучыць нас рупліва працаваць над пашырэннем Божага Валадарства і заахвочвае прыкладаць усе намаганні дзеля Бога і Касцёла”, — падкрэсліў у сваім пасланні першы біскуп Віцебскі і запэўніў у сваёй малітве, сяброўстве і любові.

З нагоды ўрачыстасці Апостальская пэнітэнцыярыя дазволіла біскупу Алегу Буткевічу падчас дыяцэзіяльнага юбілею пасля Літургіі ўдзяліць усім прысутным вернікам, якія ў духу шчырага пакаяння і з любоўю будуць удзельнічаць у святых абрадах, Папскае благаслаўленне з поўным адпустам пры выкананні звычайных умоў. Гэты дэкрэт зачытаў кс. канонік Віктар Місевіч, а біскуп Алег Буткевіч на заканчэнне Эўхарыстыі ўдзяліў урачыстае Папскае бласлаўленне.

Пры выхадзе са святыні кожны ўдзельнік святочнай Літургіі атрымаў салодкі падарунак ад біскупа Алега Буткевіча.

Святкаванне для вернікаў і духавенства працягнулася на культурным мерапрыемстве ў парафіяльнай кавярні, дзе адбылася прэзентацыя фотаздымкаў з гісторыі віцебскай катэдральнай парафіі і ўспаміны пра мінулае, гучалі музыка і вершы. Уладзімір Папяленка, першы старшыня парафіяльнай рады Катэдральнай парафіі ўзгадаў самыя яскравыя моманты з жыцця касцёла ў Віцебску і першых крокаў дзейнасці дыяцэзіі. На пачатку спадар Уладзімір звярнуўся да біскупа Алега з пытаннем, ці памятае Эксцэленцыя дату 20 лістапада 1999 года, і ці быў ён тады ў Віцебску. Іерарх крыху са здзіўленнем адказаў: “Так, быў у Віцебску”. Тады спадар Уладзімір распавёў гісторыю, як яго папрасіў тагачасны пробашч сустрэць клерыкаў з Гродзенскай семінарыі на вакзале і кур’ёзную сітуацыю з імі, сярод якіх і быў цяперашні пастыр дыяцэзіі.

Парцяг урачыстасці юбілею дыяцэзіі працягнулася ў дыяцэзіяльным Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне святой Імшой увечары і ружанцовым набажэнствам з працэсіяй на вуліцы.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота

для друку для друку