Вернікі парафіі Святога Казіміра ў Лепелі здзейснілі пілігрымку па святынях Заходняй Беларусі

5 – 6 кастрычніка 2024 года адбылася сумесная пілігрымка вернікаў з лепельскай парафіі Святога Казіміра і суседніх парафій па святынях Заходняй Беларусі.

Пачалася пілігрымка з наведвання касцёла Святога Андрэя Апостала ў Нарачы. Па Божаму Провіду менавіта ў гэтым касцёле лепельскіх парафіян сустрэла рэліквія Святога Казіміра, а лепельскі касцёл мае ў сваёй назве канкрэтна гэта ганаровае імя.

Далей былі наведаны касцёл Святога Міхала Арханёла ў Міхалішках, дзе была ахрышчана адна з лепельскіх каталічак, касцёл Святой Тройцы ў Гервятах, які ўразіў пілігрымаў несусветнай прыгажосцю.

Касцёл Святых Касмы і Дам’яна ў Астраўцы сустрэў пілігрымаў з добразычлівым ксяндзом, а касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі сустрэў разам з найпрывабнейшым манахам кармелітам, які ўразіў усіх сваёй магнітнай дабрынёй.

Касцёл Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах асаблівы для нашага ксяндза Уладзіміра, бо ён наведваў яго яшчэ ў калысцы. Дарэчы, такой колькасці дзетак у адным касцёле аўтар гэтых слоў ніколі не бачыў. Прыемна ўразіла!

Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах напаіў пілігрымаў святой крынічнай вадзіцай, якая струменіцца прама з пад муроў касцёла. Дарэчы, менавіта сёння тут асвячаліся алтары беларускімі біскупамі, бо касцёл рыхтуецца да каранацыі абраза Святой Марыі.

Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Іўі сустрэў статуяй Хрыста з распасцёртымі рукамі, бы ў Рыа-дэ-Жанэйра. Вядома ж фатаграфаваліся там усе.

Вячэралі пілігрымы смачнымі галубцамі і начавалі ў кляштары сёстраў-назарэтанак у Навагрудку. Паміж вячэрай і сном манахіня-назарэтанка праводзіла пілігрымаў у Фару Вітаўта, дзе падрабязна распавяла пра гісторыю касцёла і парафіі. Слязамі плакалі амаль усе, слухаючы сумную, але велічную гісторыю ахвяры адзінаццаці манахіняў-назарэтанак пад час другой сусветнай вайны. А ўжо дакрануцца да труны з святымі рэліквіямі манахіняў-мучаніц – найлепшы падарунак гэтага дня, а можа і жыцця…

Зноў рушылі ў падарожжа па святыням наступным днём, даследаваўшы крушні навагрудскага замка і паўдзельнічаўшы ў ранішняй святой імшы ў фары Вітаўта (фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку). Дарэчы, святую імшу праводзіў лепельскі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі.

У Гродна пілігрымы наведалі міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семiнарыю. Гэта вышэйшая каталіцкая спецыяльная навучальная ўстанова для падрыхтоўкі святароў. Вядзе падрыхтоўку святароў для служэння ў Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзіях і ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Апошняй наведанай святыняй стаў катэдральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя. Нельга словамі апісаць і перадаць прыгажосць і велічнасць гродзенскай катэдры. Можна толькі моўчкі захапляцца, забыўшыся пра ўсё, акрамя Веры, Надзеі і Любові!

Сайт парафіі святога Казіміра

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі