Вера і ўчынкі: адказ чалавека на Божае пакліканне

Бог любіць чалавека і хоча дзяліцца з ім сваім шчасцем у вечнасці. Каб чалавек мог пазнаць Бога і Яго збаўчую волю, Ён накіроўвае да нас сваё Аб’яўленне. Гэтае Аб’яўленне нясе ў сабе не толькі праўды, у якія мы верым, але таксама заклік да дыялогу з Богам. Чалавек, каторы чуе гэты заклік у сваім сумленні, павінен адказаць на яго, ці то прымаючы, ці то адмаўляючы. Свой адказ ён пацвярджае сваімі ўчынкамі, добрымі ці дрэннымі.

Вера як адказ на Божае пакліканне не можа быць выключна сузіраннем Божага слова, але заклікае чалавека да адпаведных паводзінаў, маральных паставаў. У Пасланні Святога Апостала Якуба чытаем: “Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? […] Вера без учынкаў мёртвая сама па сабе” (2,14.16). Сапраўды, чалавек, створаны на вобраз і падабенства Бога, гэта значыць, як разумная і вольная асоба, здольны прыняць і рэалізаваць Ягонае пакліканне. Праз веру і святы хрост ён атрымаў новае жыццё, стаў новым чалавекам у Хрысце, таму і ягоныя ўчынкі павінны пацвярджаць тое, кім ён з’яўляецца. Пан Езус кажа: “Па іхніх пладах пазнаеце іх. […] Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады” (Мц 7,16-17).

Сапраўды, чалавек выконвае Божую волю, робячы дабро. Тая праўда, што чалавек з’яўляецца ўмілаваным стварэннем Божым, Ягоным дзіцём, пабуджае нас (хоць і не прымушае) да канкрэтнага дзеяння, да таго, што мы рабіць павінны. Калі чалавек робіць добрыя ўчынкі, мы кажам, што ён паступае маральна, гэта значыць, паступае разумна і вольна згодна з парадкам, устаноўленым Богам.

Сапраўднымі чалавечымі ўчынкамі з’яўляюцца толькі свядомыя і добраахвотныя дзеянні, за якія ён і нясе адказнасць. Таму да іх не належаць дзеянні, звязаныя выключна з фізіялогіяй чалавека і ўласцівыя таксама іншым жывым арганізмам (напрыклад, сон, натуральныя патрэбы). Чалавечы ўчынак павінен быць свядомым, гэта значыць, што ён прадугледжвае папярэдняе пазнанне сітуацыі, таго, што трэба рабіць і якую маральную вартасць ён мае. У гэтым чалавеку дапамагае Божы закон і сумленне. Вольная воля чалавека, у сваю чаргу, прымае тое, што пазнаў розум, і імкнецца да выканання ўчынку або адмаўляецца рабіць тое, што лічыць дрэнным ці супярэчлівым з Божай воляй. У выніку першароднага граху і маральнага аслаблення чалавека яго воля не заўжды выбірае дабро, як гэта павінна быць, таму яму патрэбна Божая дапамога.

Як здольнасць пазнання, так і воля чалавека паддаюцца розным абмежаванням. Чалавек мае не толькі душу, але і цела, звязанае з матэрыяльным светам, таму на яго ўздзейнічаюць такія ўнутраныя і знешнія фактары, як асяроддзе, сям’я, выхаванне, спадчынныя схільнасці, характар, хваробы… Гэтыя агульныя фактары ў той ці іншай ступені ўплываюць на волю асобы і абмяжоўваюць яе. Да таго ж існуюць і спецыфічныя перашкоды для маральна добрых учынкаў: гэта фізічны прымус (дзеянне пад уплывам знешняга гвалту) і псіхічны прымус (застрашванне, жах, што поўнасцю могуць спаралізаваць чалавечую волю).

За ўчынкі, здзейсненыя пад прымусам, з чалавека можа быць знята маральная адказнасць, аднак не заўсёды.

Напрыклад, нават пагрозай смерці не можна апраўдаць адрачэнне ад веры. Воля чалавека абмяжоўваецца таксама дрэннымі схільнасцямі, залежнасцямі (напрыклад, алкагалізм, наркаманія, азартныя гульні): асоба паступова набывае своеасаблівую лёгкасць у здзяйсненні дрэнных учынкаў і схільнасць да іх паўтарэння. Маральная ацэнка ўчынкаў у дадзеным выпадку залежыць ад таго, ці дрэнная звычка паўстала па віне самога чалавека, ці несвядома, непажадана, па віне знешніх фактараў.

Перашкоды для добрых учынкаў могуць узнікнуць таксама і ў сферы інтэлекту, пазнання. У прыватнасці, гэта няўважлівасць (ненаўмыснае дзеянне) і няведанне (недахоп ведаў для правільнай маральнай ацэнкі дадзенага ўчынку). За ўчынкі, здзейсненыя пры наяўнасці нейкай перашкоды, чалавек нясе адказнасць у той меры, у якой ён сам вінаваты ў яе існаванні. Напрыклад, хтосьці, хто ў дзяцінстве прагульваў катэхезу, не выконвае касцельных наказаў, бо нічога пра іх не ведае.

Сцвярджаючы, што вера без учынкаў – мёртвая, безумоўна, нельга забывацца, што вера – гэта перадусім асабістыя адносіны чалавека з Богам. З іншага боку, быць хрысціянінам – гэта не толькі быць з Богам, але і дзейнічаць згодна з Яго воляй, “супрацоўнічаць” з Ім у жыцці Касцёла і свету. І тут таіцца асноўны прынцып хрысціянства: любоў Бога нельга аддзяліць ад любові бліжняга. Толькі выконваючы запаведзі любові, чалавек рэалізуе сваё найважнейшае пакліканне – пакліканне да святасці.

Можна сказаць, што вера як адказ на Божае пакліканне – гэта асноўны, галоўны выбар чалавека, які з’яўляецца падмуркам усяго маральнага жыцця. Гэты асноўны жыццёвы выбар уплывае на ўсе астатнія выбары і рашэнні, якія чалавек здзяйсняе і прымае на працягу жыцця. У дробных штодзённых учынках асобы павінна праяўляцца, даспяваць і ўзрастаць яе вера. Сужэнцам недастаткова проста сказаць адно аднаму “так” падчас шлюбу, каб гарантавана жыць у любові і згодзе да канца сваіх дзён: кожны дзень іх супольнага жыцця яны павінны праяўляць сваю любоў у канкрэтных дзеяннях, прабачаць, саступаць, захоўваць вернасць. Таксама і ў жыцці хрысціяніна асобныя выбары і ўчынкі павінны пацвярджаць і ўзмацняць яго асноўны выбар. Прыгожа пра гэта сказаў айцец Касцёла святы Аўгусцін: “Зрабіўшы выбар аднойчы, я ўвесь час мушу выбіраць наноў”.

c. Дар’я Галубкова OV

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі