У снежні 2022 г. у Мінску адбылася прэзентацыя перакладу галоўнага прававога дакумента Касцёла. Шматлікія госці ды розгалас у СМІ падрэслівалі адметнасць падзеі, а біскуп Буткевіч напісаў, што беларускія вернікі нарэшце могуць адчуваць сябе “паўнавартаснымі ўдзельнікамі паўсюднага Касцёла таксама і ў прававой галіне”. З кананістам і фактычна ініцыятарам перакладу Кодэкса гутарым пра аўдыторыю для гэтай працы, яе гісторыю ды асаблівасці. А таксама пра тое, як адстаўка мітрапаліта Кандрусевіча дала штуршок заканчэнню справы.
– Чаму мы так доўга чакалі перакладу Кодэкса? З 1990 г. прайшло больш за трыццаць гадоў...
– Трэба разумець, што трыццаць гадоў таму ў нас нічога не было. У плане перакладаў касцельных дакументаў на беларускую мову Касцёл паўставаў на пустым месцы. Таксама не было спецыялістаў. Таму ўсё, што зрабілася за гэты час, – зробленае з нуля.
Не хвалячыся, магу сказаць, што агулам праца па перакладзе Кодэкса заняла восем гадоў. Апошнія два гады мне дапамагаў кс. Андрэй Зноска.
– Восем гадоў. Гэта шмат...
– Я не скажу, што ўвесь час займаўся гэтым перакладам, было шмат іншых спраў. Аднак, будучы выкладчыкам у семінарыях у Пінску і Гродне, я вырашыў вучыць семінарыстаў па-беларуску. Таму перад лекцыямі апрацоўваў тлумачэнні. Такім чынам гэта ўсё рабілася.
– Хто сёння з’яўляецца галоўнай аўдыторыяй гэтага перакладу?
– Перадусім хацелася б, каб “Кодэксам кананічнага права” па-беларуску карысталіся святары, пробашчы. Таксама семінарысты, навучэнцы тэалагічных каледжаў. Наколькі ведаю, у гэтыя ўстановы ўжо дастаўлена неабходная колькасць выдання.
Разам з гэтым мяне вельмі цешыць факт, што ад моманту прэзентацыі некалькі вернікаў ужо пыталіся ў мяне, дзе набыць Кодэкс. Канешне, не варта патрабаваць ад кожнага католіка дакладных ведаў кананічнага права. Аднак некаторыя моманты карысна ведаць. Таму добра мець такую кнігу.
–Ці правільна я разумею, што для адмыслоўцаў-кананістаў гэты пераклад мае невялікае значэнне. На лацінскай мове ім прасцей? Ці ўсё-такі і для іх гэты пераклад важны?
– Добра, калі спецыялісты па кананічным праве ведаюць лаціну, аднак бывае па-рознаму. У любым выпадку ёсць такія тэрміны, якія нават у нашым перакладзе мы пакінулі на лацінскай мове. Напрыклад “res judicata”, “latae sententiae”, “ferendae sententiae” і іншыя. Кожны кананіст ды й шмат свецкіх вернікаў ведаюць, што гэта, але літаральна перакласці такі тэрмін на беларускую проста не ўдасца.
У любым выпадку, калі мы працуем з дакументамі, то варта звяртацца да арыгінальнага тэксту.
– То бок кананісты ў курыях у любым выпадку будуць карыстацца лацінскім варыянтам?
– Напэўна, будуць зазіраць. У нас было некалькі канкрэтных казусаў праз пераклады Кодэкса на розныя мовы. Таму даводзілася глядзець, што напісана ў арыгінале і што меў на ўвазе касцельны заканадаўца.
– Ці ўнесла праца над гэтым перакладам нейкія змены ва ўжо прынятую ў Касцёле ў Беларусі тэрміналогію? Кшталту нейкі тэрмін тлумачыўся адным чынам, а працуючы над Кодэксам, зразумелі, што гэта было некарэктна?
– Так, ёсць некалькі такіх тэрмінаў, да якіх мы ўжо прывыклі, але давядзецца прызвычайвацца да іншых. Гэта нармальна. Мова жыве і змяняецца.
Што датычыцца непасрэдна кананічнага права, то тэрміналогіі не было ніякай. Натуральна, шмат рэчаў было перакладзена, але гэта рабілася не для кананістаў, а для іншых патрэбаў. Напрыклад, пры перакладзе “Кампендыя Катэхізіса” ці нейкіх дакументаў. Ці вось мы ўжо прызвычаіліся гаварыць пра сапраўднасць Сакраманту – кшталту сапраўднае ці несапраўднае сужэнства, сапраўдная ці несапраўдная споведзь і г.д. Толькі ў лацінскім тэксце Кодэкса ёсць розныя варыянты гэтага слова – “verum” і “valide”. Польскі пераклад абодва словы тлумачыць як “важны”. Аднак “verum” і “valide” – гэта ўсё ж розныя словы. Сакрамант можа быць сапраўдны, але нядзейсны. Напрыклад, у пашпарце можа стаяць віза, у якой скончыўся тэрмін дзеяння. То бок віза сапраўдная, бо я не сам сабе яе клеіў, але яна нядзейсная і мяжу па ёй не пераедзеш. Гэтыя рэчы трэба адрозніваць. Таму трэба нам будзе прызвычаіцца цяпер да тэрмінаў “сапраўднасць” і “дзейснасць” Сакраманту.
Раней мы ў літургічным календары ўзгадвалі ўспаміны святых святароў. Цяпер мы іх называем “святыя прэзбітары”. Па сутнасці і тое, і тое правільна. Аднак святар можа быць і прэзбітарам, і біскупам. Таму “прэзбітар” будзе больш дакладна.
Таксама ў нас казалі пра годную і нягодную цэлебрацыю, а ў лацінскай для гэтага ёсць словы “legitime”, “illegitime” і “dignum”. То бок годны, ці “dignum” – гэта цэлебрацыя з арганам, са светам у касцёле, са спевам святара. “Legitime” – гэта пра дазволены ці недазволены чын. Таксама мы прызвычаіліся да тэрміну “распарадчык Сакраманту”, а ў Кодэксе ёсць “minister” і “distributor”. Таму ўсё ж такі правільна, што святар – гэта “служыцель Сакраманту”, а Касцёл – “распарадчык”. Некалькі такіх тэрмінаў трэба будзе ўводзіць у кананічную беларускую мову.
– Нунцый Антэ Ёзіч быў вельмі зацікаўлены ў выданні Кодэкса па-беларуску. Чаму яму хацелася рухаць гэтую справу?
– Калі прыйшоў дэкрэт аб звальненні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з пасады Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, узнікла пытанне, як яго называць. Хтосьці яго называў “арцыбіскуп на пенсіі”, нехта – “ганаровы”, хтосьці яшчэ – “заслужаны”. Нунцый запытаўся: “Дык а як у Кодэксе напісана”? А я кажу, што Кодэкса ў нас няма. Ён запытаўся, хто займаецца гэтым, і я прызнаўся, што ў мяне ёсць перакладзеных 1600 канонаў, гэта 90%. Тады ён і прапанаваў сабраць камісію і зрабіць гэтую справу. Таму сыход арцыбіскупа ў нейкім сэнсе адыграў пазітыўную ролю, бо трэба было неяк яго назваць (усміхаецца – аўт.).
Я мяркую, нунцый Антэ таксама добра разумее, што вельмі важна мець у краіне асноўны касцельны дакумент на роднай мове. Так, можна карыстацца польскім ці рускім, але добра, калі ёсць сваё. Напэўна, у яго былі магчымасці паспрыяць выданню. Таксама гэта штосьці, што застанецца добрым успамінам (вядома не адзіным) пра яго на доўгія гады. І мы яму за гэта ўдзячныя.
– Вы ўжо прыгадвалі, што кс. Андрэй Зноска з Ліды шмат дапамог вам у фіналізацыі перакладу. Ён з’яўляецца адначасова адмыслоўцам у кананічным і ў дзяржаўным праве. Распавядзіце пра яго ролю ў гэтым праекце.
– Падчас эпідэміі кавіду дзесьці паўгода мы з ім штовечар сазвоньваліся і слова па слове, канон па каноне абмяркоўвалі. Каб не кавід, не ведаю ці атрымалася б нам знаходзіць столькі часу.
З самага пачатку мы з ім вырашылі: калі ёсць адпаведная тэрміналогія ў свецкім праве, то пры перакладзе яе трэба выкарыстоўваць. Прававыя дакументы па-беларуску ў нас не вельмі распаўсюджаныя, аднак ёсць жа падручнікі, розныя працы. У гэтым плане кс. Андрэй таксама мне вельмі дапамог.
Вядома, было шмат спрэчак, аднак па ўсіх пытаннях мы дайшлі да кансэнсусу. Некаторыя словы мы вельмі доўга шукалі, не маглі знайсці добрага адпаведніка. Кс. Андрэй таксама знайшоў выдатнага кансультанта па беларускай мове – кандыдата філалагічных навук спадарыню Алену Садоўскую з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таму дапамогу кс. Андрэя цяжка пераацаніць.
– З чым было найбольш клопатаў падчас перакладу?
– Доўгія сказы – гэта асаблівасць лацінскай мовы. Там таксама ёсць розныя граматычныя формы, якія не так проста дакладна перакласці. Часам даводзілася рабіць гэта апісальна. Нярэдка мы былі вымушаныя дзяліць лацінскія сказы на два ці на тры. Таксама складана зрабіць, каб яшчэ фраза прыгожа і зразумела гучала. У кс. Андрэя гэта добра атрымлівалася.
На прэзентацыі Кодэкса ў Мінску быў а. Сяргей Цімашоў, перакладчык Кодэкса на рускую мову. Я забіраў яго з аэрапорта. Едзем на машыне, і першае, што ён запытаў, – гэта як мы пераклалі “bono temporale”. Літаральна гэта “даброты часовыя”, аднак у дзяржаўным праве ёсць таксама слова “маёмасць”. Таму “маёмасць Касцёла” – гэта больш зразумела, чым “даброты часовыя”. Агулам у іх былі такія ж праблемы, як і ў нас. Нават часта па тых жа самых словах былі пытанні.
– Падзяліцеся, якімі беларускімі тэрмінамі, што ўвайшлі ў пераклад, Вы асабліва ганарыцеся? У сэнсе, іх адпаведнасцю і непаўторнасцю.
– Ёсць такое лацінскае паняцце пра святара – “vagus”. Яго можна перакласці як “бяздомны”, але гэта не зусім тое. Мы шмат дыскутавалі, глядзелі пераклады Кодэкса на іншыя мовы, нунцый нават харвацкі прывёз. І мы знайшлі беларускае слова “бадзяжны”. Спадарыня Алена сказала, што гэта вельмі ўдалы пераклад.
Яшчэ мне спадабалася слова “вэксэль”. Яно датычыцца фінансавых абавязальніцтваў. Шмат мы ўзялі з дзяржаўнага працэсуальнага права. Гэта тэрміны кшталту “данос”, “злачынства”, “пакаранне”, “допыт”, “міравое пагадненне”.
– Ці былі ўжо водгукі на пераклад?
– Ёсць адзін святар, які атрымаў Кодэкс на прэзентацыі ў Мінску, а праз тыдзень мы сустрэліся на святарскай сустрэчы. Ён падышоў і сказаў: “Ну са словам “бадзяжны” вы прыдумалі файна!” То бок ён дачытаўся да гэтага і, вядома, мне было вельмі прыемна. Пакуль гэта адзін такі выпадак.
– Ці пераклад Кодэкса можа паўплываць на адносіны з дзяржаўнымі ўладамі? Магчыма, ім будзе прасцей зразумець, чаму ў Касцёле прымаюцца пэўныя рашэнні.
– Дай Божа, каб так было. Ва ўсіх нашых дакументах, якія рэгулююць адносіны з дзяржавай, а гэта перадусім статуты парафій, дыяцэзій і іншых касцельных арганізацый, заўжды ёсць такі пункт, што гэтыя арганізацыі ў сваёй дзейнасці кіруюцца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і кананічным правам Касцёла. Мне казалі пэўныя прадстаўнікі ўладаў, што цяпер ім будзе прасцей прыняць нейкія рашэнні, бо яны будуць разумець, што пра гэта кажа Кодэкс. Аднойчы мне нават званіў адзін прадстаўнік і пытаўся: “Скажыце, а вось па гэтай справе, у якім каноне мы інфармацыю можам знайсці”? Я падказаў, і яны пазней былі вельмі ўдзячныя. Дзякуй Богу: чалавек захацеў, разабраўся. Дай Божа, каб так было і надалей.
– Што для Вас асабіста азначае гэты пераклад?
– Не хачу казаць, што гэта ў нейкім сэнсе маё дзіцё, якое нарадзілася, але я люблю права, я ім займаюся, я гэта вывучаў. Цяпер, напрыклад, я вывучаю статуты “Сінода Віленскай дыяцэзіі”. Гэта не толькі мая праца, але і хобі. Я гэтым жыў і жыву.
– Ці будзе магчымасць набыць друкаваную версію Кодэкса па-беларуску?
– Напэўна, будзе. У найбліжэйшыя тыдні ці месяцы пытанне вырашыцца.
– Ці трапіць пераклад у свабодны доступ?
– Я прасіў нунцыя пра гэта. Ён сказаў, што падумае. Мяркую, мы гэта зробім. Чаму не? Няхай людзі карыстаюцца.
– У чым прыгажосць кананічнага права і чаму варта туды зазірнуць простаму чалавеку?
– Усе кажуць пра прыгажосць права ў апошнім каноне: “Збаўленне душаў з’яўляецца найвышэйшым законам Касцёла”. На гэтым пабудавана ўсё права, і так яно і ёсць. Трэба разумець, што права існуе не для таго, каб кагосьці ў чымсьці абмежаваць, забараніць. Мэта Касцёла і права – збаўленне душаў, дапамога чалавеку ў збаўленні. Дзе супольнасць, там павінна быць і нейкае права. Без права адносіны паміж людзьмі немагчымыя.
Арцём Ткачук
для друку