Патранальная ўрачыстасць св. Паўла Першага Пустэльніка, Патрыярха Ордэна паўлінаў, адбылася 15 студзеня ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія) у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
У літургіі бралі ўдзел шматлікія парафіяне з Карэліч і Варончы, дзе ўжо на працягу 29 гадоў нясуць служэнне айцы паўліны. Да ўрачыстасці на працягу дзевяці дзён манаская супольнасць разам з парафіянамі рыхтавалася праз Навэнну да св. Паўла Першага Пустэльніка. Гэта асаблівы час у жыцці, як карэліцкіх айцоў паўлінаў, так і для тых, якія паслугоўваюць у кляштарах па ўсім свеце, каб засяродзіцца на галоўнай мэце і харызмаце паўлінскага жыцця, якой з’яўляецца ідэя сузірання Бога ў адзіноце: «Solus cum Deo solo» («Сам-насам з Богам»).
Урачыстую святую Імшу разам з запрошанымі святарамі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, паказаў св. Паўла з Тэбаў, як прыклад любові да Бога і бліжняга, як прыклад малітвы і сузірання Бога.
“У жыцці чалавека Пан Бог павінен быць найважнейшым, тады і ўсё будзе на правільным месцы,” – зазначыў святар.
Падчас св. Імшы а. Ежы Саковіч і а. Ануфрый Альховік, якія служаць у парафіі, аднавілі манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, тым самым абавязуючыся да яшчэ больш руплівага служэння і жыцця паводле сваёй харызмы.
На заканчэнне ўрачыстасці парафіяне падзякавалі айцам паўлінам, за тое, што святары ўтвараюць у парафіі сямейную і добразычлівую атмасферу.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў святарам за адданае служэнне ў Карэліцкай парафіі, за ўсе ініцыятывы, якія яны рэалізуюць, і пажадаў, каб парафіяльная супольнасць надалей развівалася.
На заканчэнне св. Імшы іерарх, паводле старадаўняй паўлінскай традыцыі, удзяліў дзецям прызначанае на гэты дзень бласлаўленне, бо св. Павел, Патрыярх ордэну паўлінаў, лічыцца асаблівым заступнікам і апекуном дзяцей, а таксама маці, якія чакаюць нараджэння дзіцяці.
Кожны вернік, прысутны на ўрачыстасці атрымаў незвычайны пачастунак: фігі, фінікі і хлеб св. Паўла Першага Пустэльніка, на ўспамін таго пасілку, якім харчаваўся св. Павелу сваёй егіпецкай пустэльні на працягу 91 года.
Св. Павел Першы Пустэльнік, нарадзіўся ў Егіпце ў горадзе Тэбы. Застаўшыся сіратой, ён шмат цярпеў ад свайго сваяка з-за бацькоўскай спадчыны. Падчас ганенняў імператара Дэцыя (249–251) на хрысціян, Павел, даведаўшыся пра падступную задуму аддаць яго ў рукі ганіцеляў, пакінуў горад і адышоў у пустыню.
Пасяліўшыся ў пячоры, св. Павел, нікому невядомы, пражыў у ёй 91 год, нястомна молячыся Богу ўдзень і ўначы. Харчаваўся ён фінікамі з пальмы і хлебам, які прыносіў яму крумкач, ваду піў з крыніцы, якая была пры пячоры. Адзеннем з пальмавага лісця ўкрываўся ад холаду і спёкі.
Аднойчы св. Антонію, які таксама жыў у Тэбаідскай пустыні, прыйшла думка, што наўрад ці ёсць іншы такі пустэльнік, як ён. І тады ён пачуў голас, які сказаў яму, што ёсць яшчэ іншы пустэльнік, да каторага яму трэба пайсці. Антоній пайшоў і знайшоў пячору святога Паўла. Св. Павел выйшаў яму насустрач. Старцы назвалі адзін аднаго па імені, абняліся і доўга размаўлялі. У час размовы прыляцеў крумкач і прынёс ім абодвум хлеб. Св. Павел адкрыў св. Антонію набліжэнне сваёй смерці і папрасіў пахаваць яго. Сканаў св. Павел падчас малітвы, стоячы на каленях. Св. Антоній бачыў, як ягоная святая душа ў атачэнні анёлаў, прарокаў і апосталаў узыходзіла да Бога. Два львы прыбеглі з пустыні і лапамі выкапалі магілу і Антоній пахаваў святога старца. Памёр св. Павел Першы Пустэльнік ў 341 годзе, калі яму было 113 гадоў.
У XIII ст. у Венгрыі ў гонар св. Паўла Пустэльніка быў заснаваны манаскі ордэн айцоў паўлінаў (ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка). Сёння гэты ордэн шырока распаўсюджаны ў многіх краінах свету. У Беларусі святары з супольнасці нясуць служэнне ў Карэлічах і Гомелі.
а. Ануфрый Альховік OSPPE
