Урачыстасці Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе

У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй ва ўсёй Беларусі ўжо другі год не праводзяцца арганізаваныя пілігрымкі, але ў Браслаў прыйшлі пешкі нават некалькі груп з Глыбокага (адзін чалавек, дзве двухасабовыя і чацвёртая — 16 вернікаў, і самае цікавае, што маршруты да Марыі былі розныя і не паўтараліся) і экстрэмальна-пакутная моладзевая з Удзела, а таксама прыбылі пілігрымы на роварах з Пастаў і Глыбокага.

Удзельнікі экстрэмальна-пакутнай моладзевай пілігрымкі з Удзела разам з а. Віктарам Мялешка OFMConv

Увечары 20 жніўня распачаліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе. Святую Імшу, падчас якой вернікі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамант канфірмацыі, цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі,

У 23.15 распачалася ўрачыстая працэсія з малітвай на ружанцы па вуліцах горада з копіяй абраза Маці Божай Валадаркі азёраў. Па вяртанні апоўначы св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім перад цудатворным абразом маліліся біскуп Казімір Велікаселец, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Кульмінацыяй урачыстасці 21 жніўня стала галоўная Імша, якая прайшла на палявым алтары перад касцёлам. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі біскуп Казімір Велікаселец.

Як гаспадар дыяцэзіі, біскуп Алег шчыра прывітаў усіх прысутных — іерархаў, святароў, прадстаўнікоў мясцовай улады, пілігрымаў і мясцовых вернікаў. Біскуп Віцебскі падкрэсліў тое, што «мы сабраліся, каб спяваць Валадарцы азёраў гімн праслаўлення тут, у гэтым месцы, пры Яе цудоўным абразе, даручаючы Ёй, нашай Нябеснай Маці, нашае жыццё, наш лёс, лёс нашай краіны, жыццё кожнага з нас паасобку і ўсяго грамадства разам».

Гамілію да прысутных прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Запрашаем праслухаць аўдыёверсію казання>>.

У гэты ж дзень біскуп Алег аддаў у апеку Маці Божай Валадарцы азёраў усю Віцебскую дыяцэзію, прачытаўшы Акт прысвячэння.

Перад урачыстым бласлаўленнем і развітаннем Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі запрасіў усіх на святкаванне ў наступным годзе, якое адбудзецца ў Браславе 20 жніўня 2022 года.

Марына Сінкевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, Леанід Юрык, фота

Вялікі фотарэпартаж па спасылцы >>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі