Паводле даследавання Джорджтаўнскага універсітэта, наведвальнасць касцёлаў у ЗША вярнулася да дапандэмічнага ўзроўню. Мясцовыя каталіцкія супольнасці паспяхова пераадолелі выклікі пандэміі COVID-19.
«Мы назіраем устойлівае аднаўленне касцельнага жыцця. Сёння 24 працэнта вернікаў рэгулярна ўдзельнічаюць у святых Імшах, што адпавядае дапандэмічным паказчыкам», — адзначаюць даследчыкі Цэнтра даследаванняў апостальскай дзейнасці пры Джорджтаўнскім універсітэце (CARA).
Падчас пандэміі наведвальнасць храмаў значна знізілася – да 15 працэнтаў. Аднак асаблівыя перыяды літургічнага года, такія як Божае Нараджэнне, Вялікдзень і Папяльцовая серада, заўсёды вызначаліся павышанай прысутнасцю вернікаў.
«Трэба адзначыць, што рэальная колькасць удзельнікаў набажэнстваў можа быць нават большай, паколькі статыстыка не ўлічвае тых, хто далучаецца да трансляцый у прамым эфіры», — падкрэсліваюць эксперты цэнтра CARA.
Даследаванне абапіраецца на даныя апытанняў і аналіз Google Trends, што забяспечвае высокую дакладнасць вынікаў і дазваляе зрабіць аптымістычныя прагнозы адносна будучыні каталіцкіх супольнасцей у ЗША.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
