Мерапрыемства праходзіла ў канферэнц-зале Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М. Машэрава, у суботу, 17 снежня.
У яе працы прынялі ўдзел святары, выкладчыкі і студэнты універсітэта, навучэнцы гродзенскай духоўнай семінарыі і іншыя зацікаўленыя асобы. Дзяржаўную ўладу прадстаўляў Сяргей Мікалаевіч Фадзеенкаў, галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама.
На канферэнцыю было заяўлена 13 дакладаў, па якіх была падрыхтаваная брашура. Яна была выдадзена ў выдавецтве “Медысонт” у Мінску і прадстаўленая ўдзельнікам канферэнцыі.
У час працы канферэнцыі было прачытана шэсць дакладаў. Вядучым мерапрыемства быў канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, які напачатку прывітаў усіх удзельнікаў.
Першаму слова для прывітання было прадастаўлена прадстаўніку Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргею Фадзеенкаву.
У сваім выступе ён не толькі прывітаў удзельнікаў канферэнцыі, але і прывёў цікавыя вынікі аднаго з даследаванняў, праведзеным яго ведамствам. У людзей пыталіся, якія асацыяцыі ў іх звязаныя з Раством. І большасць апытаных згадвалі Дзеда Мароза, Снягурку, Санта Клаўса, елку і толькі 1% апытаных звязалі гэта з Езусам Хрыстом. Гэта гаворыць аб тым, што свята Божага Нараджэння ўсё больш камерцыялізуецца і губляе свой духоўны сэнс.
Памяць пра пераслед
Першай з дакладам выступіла выкладчык Віцебскага універсітэта дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры Кацярына Лаўрыненка. Тэма яе даклада называлася “Святкаванне Божага Нараджэння паводле дакументаў упаўнаважанага Савета па справах рэлігійных культаў”.
Мэтай гэтага Савета было сачыць за рэлігійнасцю савецкіх людзей і ствараць перашкоды для адпраўлення рэлігійных культаў. Дакладчык паказаў, як тагачасныя ўлады апісваюць святкаванне Божага Нараджэння.
Найперш прадстаўнікі гэтага Савета аналізавалі, колькі людзей прыходзіла на святкаванне ў касцёлы і параўноўвалі гэта з колькасцю вернікаў у мінулым годзе. Калі вернікаў было менш, то гэта быў паказчык добрай працы камітэта сярод насельніцтва.
Тут варта адзначыць, што на тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці да пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя дзейнічала толькі 13 касцёлаў, пасля іх колькасць скарацілася да 11. Прычым знаходзіліся гэтыя касцёлы толькі ў заходняй частцы вобласці. Большая частка гэтых храмаў знаходзілася ў сельскай мясцовасці, у райцэнтрах дзейнічалі толькі касцёлы ў Глыбокім, Браславе і Мёрах.
У распараджэнні аўтара была статыстыка па наведванню вернікамі храмаў з 1944 па 1985 год. Дакладчык засяродзіла асаблівую ўвагу прысутных на наведванне касцёла дзецьмі, якія ў той час да дасягнення 18-цігадовага ўзросту наогул не мелі права знаходзіцца ў храме.
Таксама прадстаўнікі Савета, якія валодалі польскай мовай (а на ёй тады ішлі ў касцёлах богаслужэнні і прамаўляліся казанні), уважліва аналізавалі змест слоў, якія святары скіроўвалі да вернікаў.
Каталіцкія вернікі, якія жылі ва ўсходняй частцы вобласці, былі яшчэ ў горшых умовах. Іх актыўнасць прадстаўлялася як дзейнасць незарэгістраваных груп вернікаў і была па-за законам.
Таму напрыканцы свайго дакладу Кацярына Лаўрыненка заклікала прысутных памятаць пра той пераслед веры і вернікаў, які чыніўся за камуністычным часам, каб не дапусціць падобных дзеянняў у будучыні.
Навуковы даклад пра Адвэнт
Другім свой даклад прадставіў ксёндз Андрэй Лішко, які з’яўляецца прэфектам каталіцкай духоўнай семінарыі ў Гродне. Ён называўся “Адвэнт як перыяд падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння ў літургічным годзе Каталіцкага Касцёла”.
Гэты выступ быў прысвечаны перыяду падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, які ў Каталіцкім Касцёле называецца Адвэнт. У выступе дакладчык прааналізаваў гісторыю ўзнікнення Адвэнту, ахарактарызаваў яго асноўныя значэнні:
“Адвэнт змяшчае ў сабе двайны характар, таму што з’яўляецца падрыхтоўчым перыядам да Свята Раства Хрыстовага, падчас якога мы успамінаем першае прыйсце Хрыста, і адначасова перыядам, калі мы, успамінаючы першае прыйсце, свае думкі накіроўваем на чаканне другога прыйсця Хрыста напрыканцы часоў. Два гэтыя аспекты характарызуюць адвэнт як час благаслаўлёнага і радаснага чакання”.
Ксёндз Андрэй звярнуў увагу слухачоў на адвэнтовыя традыцыі, якія ўзніклі ў людской і касцельнай традыцыі. Гэта асаблівыя Імшы на хвалу Маці Божай, якія яшчэ называюцца Рараты, раратныя свечкі, святкаванне Андрэек, адвэнтовыя пастановы, адвэнтовы каляндар і вянок.
Апошнія дзве традыцыі ўзніклі адносна нядаўна, у ХІХ стагоддзі, у Германі, але паспелі трывала ўвайсці ў жыццё.
Дакладчык адзначыў, што свята становіцца ўсё больш камерцыйным, пры гэтым губляецца яго асноўны духоўны сэнс. Вонкавая аздоба свята, якая ў мінулыя часы была толькі дапаўненнем, зараз стала на першы план. Ён параўнаў гэта з цукеркай, калі за прыгожай абгорткай мы не звяртаем увагу на тое, што ўнутры гэтай цукеркі. Таму ксёндз Андрэй заклікаў усіх слухачоў зрабіць са свайго сэрца калыску, дзе народзіцца Езус Хрыстус.
Крыху права
Потым выступіў сам вядоўца мерапрыемства ксёндз Віктар Місевіч. Яго даклад быў прысвечаны трактоўцы святкавання Божага Нараджэння ў кананічным праве.
Ён адзначыў, што сярод усіх хрысціянскіх канфесій толькі Каталіцкі Касцёл мае свой Кодэкс, у які зведзены ўсе прававыя нормы. Зараз дзейнічае Кодэкс з апошнімі папраўкамі, прынятымі ў 1983 годзе. Касцельнае права не з’яўляецца нечым нязменным, мёртвым, — падкрэсліў дакладчык, — яно развіваецца ўслед за жыццём.
У кананічным праве святкаванню Божага Нараджэння прысвечана тры каноны. Яны рэгламентуюць абавязак святкавання, прысутнасць біскупа ў дыяцэзіі, а таксама грашовыя ахвяраванні вернікаў.
Канон 1246 §1 абавязвае вернікаў прысутнічаць на святой Імшы ў нядзелю і вызначаныя абавязковыя святы. Калі ж вернік па нейкай прычыне не можа прысутнічаць у святочнай Імшы, ён можа зрабіць гэта вечарам таго дня, які папярэднічае святу. Такі ж самы абавязак маюць біскупы і святары.
Конон 395 §3 рэгламентуе знаходжанне біскупа ў дыяцэзіі. Ён прадпісвае біскупу не адлучацца з дыяцэзіі ў дні Божага Нараджэння, Вялікага Тыдня і Пасхі, Спаслання Духа Святога і Свята Цела і Крыві Хрыста. Біскуп у сваёй паслузе з’яўляецца пастырам Касцёла, таму ў час вялікіх святаў павінен быць разам са сваімі вернікамі. Такі ж абавязак маюць і святары адносна сваіх парафій.
Канон 951 §1 датычыць грашовых ахвяраванняў за адпраўленую святую Імшу. Святар, які адправіў некалькі Імшаў за дзень, можа сабе ўзяць за іх толькі адно ахвяраванне. Яму катэгарычна забараняецца браць ахвяраванні за ўсе Імшы ці за некалькі Імшаў, адпраўленых на працягу аднаго дня. Выключэннем з’яўляецца толькі Свята Божага Нараджэння.
Таксама ў касцельным праве падкрэсліваецца, што духоўная асоба не можа нічога вымагаць у людзей, усе ахвяраванні ў касцёле з’яўляюцца выключна дабравольнымі. Таму ў касцёле няма вызначаных тарыфаў і таксаў за ўдзеленыя сакраманты.
Як святкавала беларуская шляхта
Наталля Мізярска, якая вучыцца на 6-м курсе гістарычнага факультэту Полацкага ўніверсітэту, у сваім дакладзе распавяла пра традыцыі святкавання Божага Нараджэння ў асяроддзі беларускай шляхты ў ХVІІ – ХVІІІ стагоддзях.
Традыцыі гэтыя былі як пабожныя, так часам і паганскія і недарэчныя. Але гэтыя традыцыі збліжалі ў сваёй масе шляхту і простых сялян. Гэта былі і сумесная вігілійная вячэра, калі ў маёнтках разам з сям’й гаспадароў разам спажывалі вячэру і простыя работнікі, і падарункі, якімі шляхта адорвала дзяцей сялян.
Як надарэчнай можна назваць традыцыю спажывання алкаголю падчас вігілійнай вячэры. З-за гэтага падчас Імшы здараліся розныя неспадзянкі: мужчыны зашывалі доўгія падалі сукенак дзяўчынам або прышпільвалі іх да каўняра.
А вось традыцыяй, вартай пераймання, з’яўляецца сумесная вігілійная вячэра, калі ўся вялікая сям’я разам збіралася за святочным сталом, за якім родзічы дзяліліся аплаткам, складалі адзін аднаму святочныя пажаданні.
Шаноўны госць з Ватыкана
Ксёндз Аляксандр Амяльчэня, які з’яўляецца кіраўніком беларускай службы ватыканскага радыё, свой даклад прысвяціў асвятленню тэмы Божага Нараджэння ў матэрыялах сродкаў масавай інфармацыі.
Ён паразважаў над тым, чаму так сталася, што свята згубіла сваё асноўнае духоўнае значэнне. Згадваецца калядная варажба, прыгатаванне розных страў, упрыгожванне елкі, калядныя падарункі, а за ўсім гэтым неяк забываецца сам Езус Хрыстус, значэнне яго прыходу ў гэты свет.
Рэлігійная тэматыка ў свецкіх СМІ не з’яўляецца рэйтынгавай, таму шмат хто з рэпарцёраў падыходзіць да гэтай тэмы павярхоўна, не ўнікаючы ў сэнс свята.
У якасці прыкладу дакладчык прадэманстраваў фрагменты навінных перадач, прысвечаных Божаму Нараджэнню, якія былі ў эфіры тэлебачання нашай краіны. Ксёндз Аляксандр заклікаў журналістаў не баяцца рэлігійных тэмаў, быць больш падрыхтаванымі да гэтага і падыходзіць да іх больш адказна.
“Дык як жа пісаць пра католікаў і Раство? Сумленна, глыбока і цікава. І галоўнае – прафесійна. Трэба падыходзіць да матэрыялу гэтак жа, як да любога іншага”, — зазначыў святар.
Тэалогія Божага Нараджэння
Апошняй выступіла сястра Дар’я Галубкова. Яе даклад быў прысвечаны тэалагічнаму зместу, маральнаму сэнсу і закліку святкавання Божага нараджэння.
Сястра Дар’я распавяла пра гісторыю свята ў Каталіцкім Касцёле, а таксама звярнула ўвагу на сучаснае стаўленне да гэтага свята.
“Святкаванне Нараджэння Пана, асабліва ў апошнія гады, на жаль, набыло занадта свецкі, а часам нават супярэчлівы з самой істотай свята характар. Губляецца яго найглыбейшы сэнс, аб якім была мова вышэй; чалавек не аддае Богу святочны час, належную пашану, не шукае духоўных дароў. Шляхам да дэградацыі Божага Нараджэння з’яўляецца падыход да святкавання, як толькі да часу забавы, падарункаў, хаджэння па гандлёвых цэнтрах, пустых рытуалаў,” – адзначыла дакладчыца.
Толькі сувязь са збаўчым дзеяннем Бога, якое найбольш поўна выражаецца ў Асобе Езуса Хрыста, дазваляе зразумець сэнс свята Божага Наражэння.
Хочацца спадзявацца, што канферэнцыя паспрыяе захаванню хрысціянскіх традыцый і каштоўнасцяў у нашым грамадстве, а яе ўдзельнікі зрабілі адпаведныя высновы, якімі скарыстаюцца ў сваім жыцці.
Зміцер Лупач, тэкст
Ірына Апяцёнак, фота
Леанід Юрык, відэа
