13 лістапада ў славацкіх Высокіх Татрах адбылося ўрачыстае адкрыццё Татранскага ледзянога храма (вядомага таксама як Татранскі ледзяны купал). Унікальная зімовая славутасць, зробленая з лёду, у гэтым годзе прысвечана святому Францішку Асізскаму з нагоды 800-годдзя з дня яго смерці.
Ледзяное збудаванне ўяўляе сабой базіліку Санта-Марыя-дэльі-Анджэлі ў Асізі, у тым ліку капліцу Парцыюнкула, якая лічыцца калыскай ордэна францішканаў.
Тэмай сёлетняга, 14-га па ліку, Татранскай ледзяной святыні стала месца, цесна звязанае з жыццём святога Францішка. Менавіта ў капліцы Парцыюнкула святы сабраў сваіх першых паслядоўнікаў; паводле падання, ён нават уласнымі рукамі аднавіў гэтую капліцу. Святы Францішак адышоў у вечнасць у 1226 годзе.
На будаўніцтва ледзяной базілікі пайшло каля 250 тон лёду — амаль 2000 асобных блокаў. Над праектам працавала каманда з 40 скульптараў і памочнікаў са Славакіі, Чэхіі і Германіі пад кіраўніцтвам Адама Бакоша. Вышыня збудавання складае амаль 11 метраў.
Сярод дэкаратыўных элементаў — францішканскае прывітанне «Pax et bonum» («Мір і дабро»), ледзяная батлейка, натхнёная першай «жывой» батлейкай, якую святы стварыў у Грэча ў 1223 годзе, а таксама крыж з Сан-Даміяна, які цесна звязаны з пакліканнем святога.
Значнасць сёлетняй ініцыятывы падкрэсліў біскуп Францішак Трстэнскі. Ён адзначыў, што святы Францішак натхняе не толькі вернікаў, але і ўсіх людзей добрай волі. Былі адзначаны яго любоў да прыроды, яго гімн, які ўслаўляе стварэнне і Стварыцеля, а таксама яго руплівасць у аднаўленні святынь.
Татранскі ледзяны храм будзе адкрыты для наведвальнікаў да 18 красавіка 2027 года, штодня з 9:00 да 17:00. Уваход вольны, папярэдні запіс не патрабуецца.
Татранскі ледзяны храм — адна з найбольш цікавых і ўнікальных зімовых славутасцяў на славацкім баку Татраў. Штогод каманда скульптараў са Славакіі, Чэхіі, Польшчы і Германіі стварае з ледзяных блокаў архітэктурныя шэдэўры — пераважна манументальныя храмы.
- 2019 год — сабор Нотр-Дам у Парыжы
- 2019 год — сабор Нотр-Дам у Парыжы
- 2019 год — сабор Нотр-Дам у Парыжы
Напрыклад, у 2017 годзе цэнтральнай тэмай стала базіліка Саграда-Фамілія ў Барселоне; у 2018-м — базіліка Святога Пятра ў Ватыкане; у 2019-м — сабор Нотр-Дам у Парыжы; у 2020-м — храм Уваскрэсення Хрыстова ў Санкт-Пецярбургу; а ў 2021-м — сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. У 2022 годзе тэмай быў храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме. У сезоне 2023/2024 гадоў наведвальнікі маглі палюбавацца Вестмінстэрскім абацтвам — каралеўскім саборам у Лондане; гэтая праца была створана ў гонар 15-годдзя візіту каралевы Лізаветы ў Высокія Татры.
12-ты сезон быў прысвечаны Папу Рымскаму Яну Паўлу II; адпаведна, у сезоне 2024/2025 гадоў наведвальнікі змаглі ўбачыць экспазіцыю, прысвечаную Польшчы, — Вавельскі сабор і касцёл Святога Войцеха ў Кракаве. Гэтыя скульптуры былі створаны ў гонар 30-годдзя візіту Папы Яна Паўла II у Высокія Татры.
Па матэрыялах misyjne.pl; gorydlaciebie.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!









