У Польшчы забаранілі гандаль па нядзелях

Суседняя Польшча працягвае ўкараняць у палітыку хрысціянскія каштоўнасці. Чарговы крок, які робіць Польшчу яшчэ больш хрысціянскай краінай, — ніжняя палата парламента рэспублікі прагаласавала за закон, які вядзе да паступовай адмены, а затым і забароны гандлю па нядзелях. 24 лістапада Сейм прыняў новы закон большасцю галасоў: 254 парламентарыя выказаліся за, 156 — супраць.

Закон уступіць у сілу з 1 сакавіка 2018 года. З гэтага дня забарона на гандаль па нядзелях будзе распаўсюджвацца на кожную другую нядзелю месяца. З 2019 года крамы ў Польшчы будуць працаваць па нядзелях толькі адзін раз на месяц, а з 2020 года гандаль у кожную нядзелю будзе цалкам забаронены. Але ёсць выключэнне — гандляваць змогуць інтэрнэт-крамы і гандлёвыя аб’екты, якія знаходзяцца на запраўках, паведамляе мясцовая прэса. Як адзначаецца, праціўнікі новаўвядзенні лічаць, што закон негатыўна адаб’ецца на эканоміцы.

Беларусам і турыстам з іншых краін пры паездках у Польшчу прыйдзецца ўлічваць, што «закупы» па нядзелях хутка стануць немагчымыя.

Нагадаем, у хрысціянстве нядзеля — гэта першы дзень тыдня, усталяваны ў гонар Уваскрасення Езуса Хрыста на трэці дзень пасля распяцця. Гэта дзень, які вернік павінен прысвяціць Богу, як мінімум — наведаць Набажэнства ў храме. У многіх хрысціянскіх канфесіях у гэты дзень хрысціянам нельга працаваць або праца лічыцца непажаданай. У большасці выпадкаў гэта абгрунтоўваецца чацвёртай запаведдзю, дадзенай Богам Майсею ў ліку іншых Дзесяці запаведзяў, — «… дзень сёмы — субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая» (Выхад 20:10). Святочны дзень у раннім хрысціянстве быў перанесены з суботы на нядзелю ў гонар Уваскрасення Хрыста.

У Польшчы хрысціяне-католікі складаюць каля 95% вернікаў. Каталіцкая царква наказвае па нядзелях не выконваць неабавязковую працу, але прысвяціць дзень Богу і бліжняму: наведаць Імшу і рабіць справы міласэрнасці, наведваць хворых, сваякоў, дапамагаць бліжнім.

katolik.life

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі