У Мосары адсвяткавалі ўрачыстасць святога Яна (+відэа)

mosar_jan01Адпустовая ўрачыстасць ў парафіі святой Ганны адбылася 25 – 26 чэрвеня.

З даўніх часоў на гэты фэст збіралася шмат вернікаў, прычым не толькі з мосарскай парафіі, але з усяго наваколля.

Таццяна Пундзіс прыехала ў Мосар з Шаркаўшчыны, яна кажа: “Мы часта сюды прыязджаем, нашы бацькі, дзядулі, бабулі прывучылі нас да гэтага. Мы самі сюды прыязджаем, прывозім сваіх дзяцей, гэта ўжо ў нас традыцыя цэлых пакаленняў, каб не прапускаць гэтыя святы”.

З ёй згодная і Алена Клімза-Колтан, якая таксама прыехала на фэст з Шаркаўшчыны: “Я сюды ўпершыню патрапіла на фэст у 1992 годзе. Тады яшчэ свята адзначалі не там, дзе зараз, а каля возера. Ну і пасля таго кожны год з сям’ёй прыязджаем сюды”.

Урачыстую вячэрнюю Імшу, якая адбылася ў суботу 25 чэрвеня, узначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Напачатку Імшы пробашч парафіі ксёндз Марат Казлоўскі і вернікі ўрачыста прывіталі іерарха. На богаслужэнні прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады.

mosar_jan08

У сваім слове да вернікаў біскуп Алег Буткевіч напачатку нагадаў пра жыццё святога Яна Хрысціцеля, адзначыўшы, што яго нараджэнне было часткай Божага плана па збаўленню чалавецтва ад грахоў.

“Кожнага з нас Бог прадугледзіў і паставіў на тое месца, дзе мы зараз знаходзімся, — падкрэсліў іерарх, — можна задаць сабе пытанне , навошта Богу было патрэбна ствараць чалавека? Бог стварыў чалавека з любові, на свой вобраз і падабенства”.

“А калі Бог стварыў нас з любові, — адзначыў далей біскуп, — то не для таго, каб над намі здзекавацца”. Кожны чалавек імкнецца да таго, каб быць шчаслівым, але сапраўднае шчасце можна займець толькі з Богам.

Пасля заканчэння Імшы святкаванне перамясцілася ў прыкасцельны парк, які быў створаны ў свой час па ініцыятыве ксяндза-прэлата Юозаса Булькі.

Там адбылося бласлаўленне агня, ад якога было запаленае вогнішча. А далей адбылася канцэртная праграма, падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама.

mosar_jan24

Глыбачанін Часлаў Берніковіч, які родам з гэтых мясцін, успамінае, што свята ў Мосары праводзілася заўсёды.

“Раней мы ездзілі на яго на кані. У бацькі была такая вялікая павозка, усе жанчыны з вёскі на яе садзіліся, дзеці, і так ехалі на гэта свята”.

На свята прыехалі госці не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Валянціна Лісоўская, якая нарадзілася ў Мосары, але ўжо чатыры дзесяткі гадоў жыве ў суседняй Латвіі, распавяла: “Хочацца прыехаць, каб паглядзець, як святкуюць у Беларусі. У Латвіі ёсць сваё падобнае свята, яно называецца Ліга, у нас на яго нават дні непрацоўныя, у вас гэтага няма. А сюды я прыехала яшчэ, каб сустрэцца з аднакласнікамі і аднавяскоўцамі”.

Вернікі з цеплынёй успамінаюць свайго былога пробашча ксяндза Юозаса Бульку.

Часлаў Берніковіч успамінае: “Раней на фэсце вогнішча не было, але быў кірмаш. І на ім прадавалі шмат ягад і цукеркаў. І ўся дзея адбывалася перад касцёлам. Гэта ўжо дзякуючы светлай памяці ксяндзу-прэлату Юозасу Бульку працяг свята перайшоў сюды, на гэту пляцоўку”.

“Гэта быў чалавек, з усіх людзей чалавек, — успамінае былога пробашча Антон Альсевіч з вёскі Запаснікі, — Гэта ён усё гэта прыдумаў. Ён ноччу не спаў, усё думаў, як зрабіць лепш. І мы яму дапамагалі”.

Свята ў Мосары можа быць добрым прыкладам супрацоўніцтва касцёла і мясцовай улады. Як адзначыла старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч, на Глыбоччыне гэта стала ўжо добрай традыцыяй, бо працуем мы для адной мэты – каб квітнела наша Беларусь і каб нашы людзі былі шчаслівымі. А ўсім землякам у гэты святочны дзень яна пажадала “міру, дабрабыту, каб у людзей ладзіліся ўсе справы, каб людзі працавалі не толькі для сваёй карысці, але і для сваіх блізкіх. А таксама любові, бо нашы сэрцы заўсёды адкрытыя, каб любіць, быць любімымі і дапамагаць адзін аднаму”.

У тым, што хрысціянства ўвабрала ў сябе традыцыі язычніцтва, святары не бачаць нічога дрэннага.

Пробашч парафіі ксёндз Марат Казлоўскі адзначыў, што святы Ян ахрысціў сваёй асобай паганскае свята. “Традыцыя святкаваць Купалле сыходзіць сваімі каранямі да язычніцтва. Людзі шукалі папараць-кветку, якая сімвалізавала шчасце. А шчасце, гэта мэта жыцця чалавека, як сёння падкрэсліў у сваім казанні біскуп. А для хрысціяніна шчасце ў тым, каб быць разам з Хрыстом”.

mosar_jan28

Гэта адзначыў таксама і біскуп Алег Буткевіч. Па яго словах, хрысціянства надало іншы сэнс шмат якім язычніцкім святам: “Тут вялікую ролю адыгрывае культура народа, якая звязаная яшчэ з тым язычніцкім веравызнаннем нашых продкаў. Але Бог сваёй прысутнасцю асвячае ўсё тое добрае, што ёсць у чалавеку. Трэба толькі ўмець аддзяляць зерне ад пустазелля. Таму я лічу, што такія святы маюць права на існаванне”.

А Купалле працягвалася ў Мосары да позняй ночы.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі