У Мёрах адбылася сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі

10 лістапада ў мёрскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі праходзіла сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі.

У праграме сустрэчы была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Таксама ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння, набыць неабходную духоўную літаратуру.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На пачатку Імшы іерарх прывітаў прысутнае духавенства і прадстаўнікоў каталіцкіх СМІ. У гаміліі біскуп узгадаў святога Папу Льва Вялікага і параўнаў сітуацыю ў Касцёле і свеце ў той час з рэаліямі сённяшняга жыцця. Таксама прапанаваў у кантэксце ўрыўка са Святога Пісання, якое пачулі, кожнаму задаць сабе пытанне: «Кім мяне лічаць людзі?» і падкрэсліў неабходнасць кожнай духоўнай асобы ў нялёгкі час выпрабаванняў быць светачам і арыенцірам для ўсіх людзей, якія адчуваюць разгубленнасць. Малітва, пост, міласціна – абавязак кожнага, а таксама духоўнае змаганне, каб Божая рэчаіснасць перамагла ў сучасным свеце.

Пасля Імшы былі абвешчаны бліжэйшыя падзеі ў дыяцэзіі. Ардынарый выказаў словы падзякі і павіншаваў святароў, якія адзначылі юбілеі святарскіх пасвячэнняў, склаў віншаванні тым, хто ў бліжэйшыя дні адзначыць імяніны і чарговыя гадавіны святарства, нагадаў, што аплаткавая сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў адбудзецца 21 снежня ў Полацку. Біскуп Алег напомніў, што 12 лістапада Касцёл адзначае ўспамін святога Язафата Кунцэвіча – біскупа і мучаніка, апекуна Віцебскай дыяцэзіі.

Затым адбылася канферэнцыя для святароў, якую правёў кс. Валерый Марціноўскі, і канферэнцыя для законных сясцёр, якую правёў а. Анджэй Юхневіч ОМІ.

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота

для друку для друку